У гэтыя дні ў розных кутках пабывала свята, паўсюль пакінула свой чароўны след. Вельмі ярка навагоднія і калядныя агні ўзнесліся ў “Вазнясенскім”, куды напярэдадні Раства завіталі старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Ніна Калыбская, начальнік аддзела працы і занятасці Любоў Селівонік ды карэспандэнт нашай і вашай раёнкі.
Гасцей сустракалі, як заўсёды, ветлівая гаспадыня — дырэктар сельгаспрадпрыемства Надзея Кандрацюк — і старшыня прафсаюзнай пярвічкі Марыя Галавейка.
– Прыгажосць, якую вы бачыце, стварылі ўласнымі рукамі нашы працаўнікі, – з бачным гонарам і радасцю патлумачыла Надзея Рыгораўна і ахвотна стала своеасаблівым гідам па навагодняй казцы пад назвай “Вазнясенскі”.
Дырэктар сельгаспрадпрыемства, якое славіцца сваімі поспехамі ў працы на зямлі ды фермах, і сама клапоціцца, каб навокал гаспадарылі парадак ды чысціня, і ад іншых патрабуе быць сапраўднымі гаспадарамі. А што робіць гаспадар, калі на парозе свята? Вядома ж, стварае прыгажосць! У гэтую святочную атмасферу і нам давялося акунуцца. Фантазія, бачна, буяла ў вяскоўцаў, калі заззялі рознакаляровымі агенчыкамі майстэрні і фермы. Туды і накіраваліся, каб атрымаць зарад радасці і добрага настрою. Можа, дзесьці Дзед Мароз і падарожнічае на санках, а ў “Вазнясенскім” яўна ягоны транспарт – вялікі трактар, упрыгожаны ілюмінацыяй. Калі час прыйдзе, гэты магутны волат выйдзе ў поле, каб зямля вясну сустрэла, а пакуль студзень (хоць і мокры), “праца” ў яго іншая, таксама пачэсная – ствараць святочны настрой. У майстэрнях усё прыбрана, а на сценах – вясёлыя навагоднія карцінкі з гарэзлівымі пажаданнямі і шматлікімі спадзяваннямі, што новы год будзе шчаслівым, мірным ды стваральным. Дзеля таго, каб майстэрня стала крышку казачнай (хто ведае, мо Мароз Іванавіч раптам зазірне, каб свае санкі парамантаваць), парупіліся Марына Кандрацюк, Вольга Мандра і Ніна Галавейка. Ім на дапамогу прыйшоў Аляксей Арэхаў, які заняўся зварачнымі работамі, ствараючы зоркі, Снегавіка, сняжынкі… Мабыць, ён падумаў: “Калі снегу няма на двары – зварачны апарат бяры!” – і ўключыў напоўніцу фантазію. Не думайце, што яна толькі ў гараджан існуе. І на сяле досыць бывае кулібіных з багатай творчай фантазіяй!
Другое месца, куды рушылі госці, – вытокі малочных рэк, якія спрадвеку вельмі карысныя чалавеку. Жадаеце ведаць адрас, дзе працаўнікі штодня ствараюць гэты звычайны цуд? Калі ласка: малочнатаварная ферма “Агароднікі”. Сёння яна таксама ззяе і свята вітае. Па-першае, добрымі надоямі, а па-другое – упрыгожаным наваколлем. Тут пастараліся стварыць навагодні ды калядны настрой сабе і іншым Віталіна Тарасюк і Святлана Чарота.
Не адставалі ад іх Мікалай Сідарчук і Гульміра Вайтовіч з МТФ “Стаўпы”, дзе таксама пабывалі мы. Дарэчы, перад будынкамі і Дзеда Мароза ў санках дагналі. Ён нас павітаў, і мы яго павіталі. А яшчэ падзякавалі вяскоўцам за тую прыгажосць, якую яны стварылі, каб сустрэць годна 2023 год. Да слова, паглядзелі і цялятак, якіх клапатліва гадуюць у прафілакторыі, паслухалі розныя гісторыі, завіталі і ў даільную залу, дзе на сцяне пабачылі ялінку, а на ёй – карцінкі, а на карцінках – усіх працаўнікоў, што рупяцца штодня, каб ферма прыбытковаю была.
Ёсць у Надзеі Кандрацюк задума адзначыць тых, хто парупіўся ў добраўпарадкаванні сваіх працоўных месцаў. Такое будзе, чакайце людзі! А ўпрыгожванні, створаныя перад святамі, сустрэнуць яшчэ і Стары Новы год, дачакаюцца і Вадохрышча.
Святы мінуць, а настрой застанецца. Тым больш, што Надзея Рыгораўна ўжо задумалася над пытаннем: “Як жа нам арыгінальна адсвяткаваць юбілей роднай вёскі?”
А юбілей, трэба сказаць, вельмі салідны. Бо сёлета Вежкам спаўняецца 510 гадоў. Будзем лічыць, навагодняя рэпетыцыя вялікага юбілею ўдалася на 510 працэнтаў!
Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота аўтара
На здымках: дырэктар Надзея Кандрацюк – ініцыятар многіх цікавых пачынанняў у ААТ “Вазнясенскі”; гаспадарка ўпрыгожваецца.
