НАВАГОДНЯЯ ДЗЯЎЧЫНКА

Мабыць, прачыталі назву і згадалі Снягурку? Памыляецеся. У нашай навагодняй дзяўчынкі іншае імя…

Студзень – зімы сярэдзіна, а году – пачатак. А для Насценькі Хільчук і Лёвы Раманава гэты месяц яшчэ і жыцця прыгожы старт. Прычым, сёлетнія першыя дзеткі ў Жабінцы прыйшлі на белы свет акурат у Новы год. Дарэчы, такога, каб першыя немаўляткі нараджаліся 1 студзеня, у нашым горадзе не бывала ўжо цэлую пяцігодку. Акрамя таго, першыніцу 2023 года назвалі Анастасіяй, што перакладаецца як “нядзельная”, а 1 студзеня (так супала) была нядзеля…

Неўзабаве ў загсе адбылася прыгожая і запамінальная ўрачыстасць. Насціны бацькі Вольга і Юрый Хільчукі і самі прыйшлі, і сваю маленькую прынеслі ў дом з калонамі на вуліцы Кірава, дзе запісваюць акты грамадзянскага стану. Гэткім чынам ва ўрачыстай абстаноўцы пад гукі чароўных мелодый Анастасія Юр’еўна атрымала свой першы важны дакумент – пасведчанне аб нараджэнні. І дзень яе з’яўлення на гэты свет надзвычай гожы, святочны, заўсёды пазначаны чырвоным колерам у календары. Цяпер у яе сем’і 1 студзеня будуць адзначаць не проста Новы год, але і дзень нараджэння любай дачушкі.

Да слова, у Хільчукоў свята цяпер “перацякае” з года ў год. Бо старэйшы іх сын Сярожка нарадзіўся… 31 снежня! Яму споўнілася дзесяць. Хлопчык паспеў ужо многім расказаць, што мае сястрычку. Будзе маме і тату дапамагаць Насцю гадаваць. Дзяўчынка нарадзілася вагою крыху больш за тры кіло і літаральна сантыметр не дацягнула да паўметра. Але ж час на месцы не стаіць, дзеці не толькі чужыя, але й свае хутка падрастаюць. Яны і вагу набіраюць, і расточку прыбаўляюць. Галоўнае, каб жылі ў радасці і міры на роднай зямлі, сагрэтыя, як сонцам, пяшчотай родных людзей.

Імя Анастасіі выбраў тата. Юрый Леанідавіч гаворыць:

– Яно самае лепшае. У мяне была асацыяцыя з Насценькай – казачнай гераіняй.

Ну дык старайцеся, бацькі, каб у вашай Настачкі жыццё было як у казцы. Многае ў вашых сілах, каб дзеці раслі шчаслівымі.

А Вольга Аляксандраўна звярнулася да маладых жанчын, якія вось-вось стануць матулямі:

– Жадаю вам здароўя і харошых лёгкіх родаў, як у мяне адбылося.

І пры гэтым вочы маладой жанчыны запрамяніліся ад шчасця.

Безумоўна, навагодні дзень стане надзвычай святочным і ў сям’і Дзмітрыя і Крысціны Раманавых, у якіх таксама 1 студзеня нарадзіўся чаканы і вельмі любімы сын. Пажадаем маленькаму Льву на радасць бацькам расці вялікім, дужым і здаровым!

Анатоль БЕНЗЯРУК

Фота аўтара