НАСТАЎНІК НАСТАЎНІКАЎ

17 верасня — дата знакавая. Пасля падпісання Прэзідэнтам Указа да двух слынных беларускіх пісьменнікаў Максіма ТАНКА і Уладзіміра КАЛЕСНІКА, якія нарадзіліся ў гэты дзень і сёлета ў іх круглыя даты, дадалося свята аб’яднання беларусаў.
У вершы, прысвечаным памяці Уладзіміра Андрэевіча, прачытаеш: “Побач з Вамі, любімым Настаўнікам, нам жылося лягчэй на зямлі”. Сапраўды, ён працаваў, каб заўтрашнія педагогі пакідалі інстытут з поўным “багажом” ведаў, дый пасля сачыў, як склаўся іх лёс. Пра гэта ўспамінаюць колішнія студэнты.

І. Алена АЛЯКСЕЕВА (ПАКАЛА):
— Мы скончылі інстытут у 1966 годзе — якраз у той час, як з’явіўся загад выдаваць дыпломы пры станоўчай характарыстыцы пасля году працы, бо некаторыя ўхітраліся знайсці “цёпленькае” месца і па размеркаванні не ехалі. Мне выпала пачынаць працу ў Асавецкай школе.
Дырэктар (назавём яе Клаўдзіяй Васільеўнай) была вельмі строгага нораву: яе пабойваліся нават вопытныя педагогі. Аднойчы я папрасілася да яе на ўрок гісторыі. Дырэктрыса дазволіла.
Аналізуючы яго, я не толькі пахваліла, але і выказала некаторыя заўвагі. Я адразу папрасіла Клаўдзію Васільеўну не крыў-даваць за заўвагу. Тая нічога не адказала, аднак адпомсціла, як падышла пара пісаць характарыстыку.
— Я лічу, што вам яшчэ рана даваць дыплом! — заявіла дырэктарка.
Ніякія доказы не пераканалі яе, так што я паехала ў Брэст ні з чым. Як бы развіваліся падзеі, невядома, але ў калідоры інстытута нечакана сустрэла Калесніка. Уладзімір Андрэевіч адразу пазнаў мяне і пачаў распытваць пра маю працу. Я расказала і пра выпадак з характарыстыкай.
— Няўжо мы тваё пытанне не вырашым?! — усміхнуўся Калеснік і павёў мяне ў пакой, дзе выдавалі дыпломы. Пераступіўшы парог, сказаў:
— Я добра ведаю гэтую настаў-ніцу: яна мая студэнтка. Па не залежных ад яе прычынах яна прыехала без характарыстыкі — выдайце ёй дыплом!..
Калеснікаў аўтарытэт быў настолькі значны, што мяне не спыталі, чаму я без характа-рыстыкі, а проста выдалі дыплом. Вярнуўшыся, я зняла копію і занесла ў райана.
Прайшоў, можа, месяц, як у аддзеле адукацыі паведамілі Клаўдзіі Васільеўне, што ў маёй асабістай справе ўклеена копія дыплома. Дырэктар выклікала мяне на размову:
— Як вы змаглі атрымаць дыплом без маёй характарыстыкі?
— Мяне характаразаваў прафесар інстытута, які ведае мяне звыш пяці гадоў, — адказала я. — І яшчэ ён сказаў: “Чорт ведае, што там творыцца ў вашай школе! Трэба маладых вучыць, каб яны сталі добрымі педагогамі, а не так…”
Клаўдзія Васільеўна аж пазелянела ад злосці.
ІІ. Кацярына КУДРАНОК (ВАЛАСЮК):
— У 2016 годзе нас паклікалі ў Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт на сустрэчу з выпуснікамі. Спаўнялася паўвека, як мы скончылі ВНУ і разляцеліся па ўсёй вобласці. Я ехала з Пінска сустрэцца з аднакурснікамі, пабываць на свяце, а заадно пакласці кветкі на магілу любімага выкладчыка, прафесара Уладзіміра Андрэевіча Калесніка.
Мы былі старэйшыя з былых студэнтаў, і нам далі першымі слова. Я не стала чакаць канца вечарыны і паехала на Плоску на магілу прафесара. Мне дакладна расказалі, як даехаць і дзе шукаць. Шукала — і не знайшла.
Пасля ўсе здзіўляліся, як я магла не знайсці, калі хадзіла па тых месцах, дзе ляжыць Уладзімір Андрэевіч. Не было на магілах помніка, дастойнага Калесніка. Бачыла да пояса вылепленую фігуру, дык не ён! Аказалася, што гэта быў помнік крымінальнаму аўтарытэту, які загінуў у дваццаць восем гадоў. Паведамленне мне адразу сапсавала настрой:
— Што, крымінальны аўтарытэт вышэй за творчы?! Хто калі падлічыў, колькі ў кожнага з нас уклаў Уладзімір Андрэевіч, каб мы сталі добрымі настаўнікамі?!
Прайшоў год-другі, а мяне не пакідала жаданне пабываць на магіле Калесніка. Я пазваніла аднакурсніцы Ніне Грынь, якая жыве ў Брэсце, і мы 17 верасня — якраз на чарговую гадавіну з дня нараджэння прафесара — паехалі на Плоску, усклалі кветкі, паўспаміналі, кім быў для нас Настаўнік і чаму мы памятаем ягоную бацькоўскую дапамогу. Мы ўсе са “школы Калесніка”.
ІІІ. Расціслаў БЕНЗЯРУК:
— Цяжка назваць такую мясціну ў вобласці, дзе б ні пабываў, ні выступаў слынны пісьменнік і літаратуразнавец, настаўнік настаўнікаў. Некалькі разоў ён наведаў і наш раён. І тады, як берасцейскія і валынскія літаратары пабывалі на месцы спаленых фашыстамі вёсак, і на прэзентацыі кнігі Васіля Сахарчука, і як раённы аддзел адукацыі запрасіў выступіць у Жабінцы перад школьнікамі і моладдзю.
Пра гэтую, апошнюю сустрэчу раскажу крыху больш. Набліжалася 40-годдзе Вялікай Перамогі. Уладзімір Андрэевіч у сваім выступленні, трапна характарызуючы аповесці Васіля Быкава, раман Івана Чыгрынава “Плач перапёлкі”, іншыя творы, гаварыў пра асвятленне Вялікай Айчыннай вайны ў беларускай літаратуры.
Асобнай была размова аб тым, як збіраўся матэрыл і пісалася кніга “Я з вогненнай вёскі…” Вядома, што аўтарам на чырвоным калеснікавым “Масквічы” давялося аб’ехаць ледзь не ўсю Беларусь, сустракацца з жыхарамі спаленых і неадроджаных вёсак. Уладзімір Андрэевіч хораша фатаграфаваў. Ягоныя здымкі ўвайшлі ў кнігу. Зараз ён, у прыватнасці, сказаў:
— Матэрыял быў настолькі незвычайны, настолькі цяжкі для ўспрымання, бо людзі расказвалі з жудаснымі падрабязнасцямі пра тыя вогненныя гады, што мы маглі папрацаваць тыдзень, а потым два-тры дні вымушаны былі адпачываць, настройвацца на новыя сустрэчы. Хаця ўсе мы: Алесь Адамовіч, Янка Брыль і я — прайшлі праз вайну, ваявалі…
Затым прафесар адказаў на пытанні. Тыя, у каго былі кні-гі, падышлі ўзяць аўтограф, і Уладзімір Андрэевіч запісаў ім па-бацькоўску шчырыя пажаданні…
…Народ сцвярджае: чалавек жыве, пакуль аб ім успамінаюць. Уладзімір Андрэевіч пакінуў пра сябе добрую памяць, якую доўжаць калегі, вучні. Яна ў рабоце навукова-асветніцкага цэнтра пры Брэсцкім дзяржуніверсітэце; у кнізе “Пасланец Праметэя”, створанай да 85-годдзя Калесніка; у імені Яроміцкай сярэдняй школы, дзе вучыўся Калеснік; у назве новай вуліцы і мемарыяльнай дошцы на доме, дзе жыў, у Брэсце; у Літаратурнай прэміі за лепшыя творы, устаноўленай абласным выканаўчым камітэтам.
Зараз Калеснікава прэмія ўру-чаецца адзін раз у два гады. У 2008 годзе я атрымаў узнагароду ў намінацыі “Дзіцячая літаратура” за кнігу казак “Зайцаў кажушок”. Гэта адна з самых дарагіх рэліквій у маім доме.

Анатоль БЕНЗЯРУК

На здымку: Калеснік (другі злева) у Жабінцы