Нядаўна ў рэдакцыю патэлефанаваў неабыякавы чытач. Яго хвалявала разбурэнне буслянак на ЛЭП і лёс гэтых прыгожых высакародных птушак. З гэтай нагоды “СП” спяшаецца падзяліцца цудоўнай навіной.
Буслы ўсё часцей будуюць гнёзды на апорах ЛЭП, але гэта небяспечна, з якога боку ні глянь. Птушку можа забіць токам, ці здарыцца кароткае замыканне, і населены пункт застанецца без электрычнасці. А ці ведалі вы, што старое гняздо звычайна важыць аж некалькі цэнтнераў? Слупы проста не разлічаны на такую нагрузку.
Праблема разбурэння буслянак на слупах ЛЭП актыўна падымалася ў СМІ і не засталася без увагі. Энергетыкі ўзяліся за канструяванне спецыяльных апор для гнёздаў буслоў! Уся неабходная дакументацыя павінна быць гатова ў другім квартале гэтага года — яе распрацоўкай займаюцца “Белэнерга” і “Белсельэлектрасетбуд”. Ужо праводзяцца першыя выпрабаванні на здольнасць апор вытрымаць працяглую нагрузку.
У многіх краінах выкарыстоўваюць штучныя буслянкі на ЛЭП, але энергетыкі ўпэўнены, што яны нідзе не маюць афіцыйнай тэхнічнай дакументацыі, якая цяпер распрацоўваецца ў Беларусі. Таму не перабольшым, калі скажам, што нашым буслам пашанцуе найбольш!
Даведвалася Дар’я НІКАНЧУК
Фота аўтара
На здымку: такую дэкаратыўную буслянку з птушкамі змайстравалі ля сваёй хаты Уладзімір і Святлана Дудчанкі з Чыжэўшчыны. Буслы — сімвалы сямейнага дабрабыту, кахання і шчасця — ахоўваюць дом і яго жыхароў.
Главные новости
