Год гістарычнай памяці прыкметна абудзіў цікавасць да мінулага. Праводзіцца шмат мерапрыемстваў, звязаных з гісторыяй, у тым ліку інтэлектуальных.
26 лістапада абласная арганізацыя Беларускага саюза работнікаў аховы здароўя арганізавала і правяла чэмпіянат па інтэлектуальных гульнях сярод моладзі КВІЗ-2022. Каб высветліць, хто мацнейшы ў мазгавым штурме, каманды сустрэліся ў брэсцкім кінатэатры “Беларусь”.
Надзвычай прыемна, што нашы маладыя медыкі, якія і раней не раз даказвалі свае вялікія здольнасці, і на абласным узроўні сталі сапраўды “залатымі”, узняўшыся на вышэйшую прыступку спаборніцтва паміж медыкамі-інтэлектуаламі Брэстчыны.
Нагадаем, каманда з Жабінкі носіць дзіўную назву “Маміхлапінатапай” і заўсёды прыязджае на гульні з адной галоўнай мэтай — перамагчы. У той дзень не толькі капрызная фартуна, але і высокі інтэлект жабінкаўцаў не падвялі. Яны зноў найлепшыя! Да гэтага сваю каманду прывёў капітан Яўген МАРОЗ. Разам з ім асалоду гульні і смакату перамогі адчулі Яўгенія РУСАК, Валянціна БУСЬКО, Дзмітрый СУСЛАЎ, Аляксандр і Надзея СОБАЛЕВЫ.
Віншуем маладых медыкаў з поспехам, зычым ім удачы не толькі за гульнявым сталом, але і ў працы, вельмі патрэбнай людзям!
Антон БЕРАСТОК
Главные новости
