НАШ ЖЫЦЦЁВЫ ЛОЗУНГ: “РАЗАМ!”

Мінула сто гадоў з часу, калі тыя, хто нясе адукацыю, асвету, выхаванне, аб’ядналіся ў свой прафесійны саюз. У чацвер, 3 чэрвеня, у Брэсцкім дзяржаўным абласным цэнтры маладзёжнай творчасці яны адзначалі свой цудоўны юбілей.

Калі мінулае і сёння ў адным страі

Зараз абласная арганізацыя прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі аб’ядноўвае больш за 80 тысяч чалавек, 19 рэгіянальных і 1092 пярвічныя прафсаюзныя арганізацыі.
Сярод прадстаўнікоў святочнага форуму былі і жабінкаўцы, якія заўсёды вызначаюцца сваёй энергічнасцю і ініцыятывай, сапраўдныя прафсаюзныя лідары — галоўны актыў арганізацыі. Дэлегацыя складалася са старшыні Жабінкаўскага райкама Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Людмілы Валетавай, галоўнага бухгалтара арганізацыі Галіны Кушнір, члена прэзідыума раённага камітэта Галіны Бурко, старшыні ветэранскай педагагічнай сябрыны Жабінкаўшчыны Ірыны Кунц, сябра абласнога камітэта прафсаюза Наталлі Урбан, старшыні пярвічкі ДУА “Яслі-сад № 3 горада Жабінкі” Алены Кадлубовіч, сябраў галіновага прафсаюза Ірыны Панфіла і Вольгі Гацкевіч.
Свята — выдатная падстава, каб падвесці вынікі, намеціць далейшыя шляхі. Таму на ІІ пленуме Брэсцкага абласнога камітэта Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі, які ладзіўся непасрэдна перад урачыстасцямі, былі абмеркаваны многія надзённыя пытанні. А іх, як вядома, шмат. Гэта і матэрыяльная дапамога сябрам прафсаюза, і пытанні сацыяльнага партнёрства, калектыўных дагавароў, кантрактнай сістэмы, і прававы маніторынг ды ахова працы, а таксама — дабрачынныя акцыі (кшталту “Прафсаюзы — дзецям”), якімі славяцца прафесійныя саюзы. Стагоддзе дазваляе сцвярджаць: мінулае і сёння ў адным страі, на падмурках, закладзеных у далёкім 1921 годзе, вырасла моцная разгалінаваная арганізацыя, якая літаральна штодня дапамагае тым, хто вучыць і вучыцца.
Адначасова для ўдзельнікаў форуму была прадугледжана цікавая культурная праграма. Гасцям з горада-спадарожніка, напрыклад, пашчасціла акунуцца ў шматвекавое мінулае падчас экскурсіі ў Музеі гісторыі горада над Бугам. Тут можна было прасачыць 1000-гадовы шлях Берасця — Брэст-Літоўска — Бжэсця-над-Бугам — Брэста ад летапісных часоў да нашых дзён. А яшчэ — пабачыць знакамітую Брэсцкую Біблію, створаную па загадзе Мікалая Радзівіла Чорнага, пачуць старыя легенды, галасы грамафона і “закаханага” гадзінніка. Гэты рарытэт, створаны ў 1767 годзе нямецкім майстрам Ёганам Готфрыдам Шмітам, аздоблены сэрцам, прабітым стралой Амура. І вось ужо хутка споўніцца 255 гадоў, як берасцейскі гадзіннік сваім звонам “бласлаўляе” закаханых. Кажуць, ён здольны выконваць пажаданні. І калі хтосьці загадаў, каб дзень завяршыўся феерычна, — гэтае жаданне хутка споўнілася.

100 год і паток узнагарод

У фае абласнога цэнтра маладзёжнай творчасці гасцей сустракалі шматлікія банеры: кожная арганізацыя старалася наглядна прадэманстраваць свае поспехі. А побач размясціліся вынікі абласнога праекту “Таленты зямлі Берасцейскай: жывыя старонкі роднага краю”. Вельмі прыемна было сярод выставы адшукаць і работы юных жабінкаўцаў, якія займаюцца ў раённым цэнтры творчасці. Дзевяцігадовыя Насця Шосцік і Варвара Мікіціч з аматарскага аб’яднання “Паслухмяныя вузельчыкі”, якім кіруе Таісія Журомская, вырабілі з бісеру “Палявыя кветкі”. Радавалі вока і выцінанка “Люблю вясну, што ў квецень, зелень аздобіць радасна зямлю”, зробленая педагогам Вольгай Кіслай, і карціна Марыі Постнікавай “Мой родны кут”, і мяккая цацка “Мой мілы таварыш, мой лётчык”, вырабленая Аляксандрай Паўлавай з дапамогай педагога Наталлі Уласюк, і “Гаспадары млына” — драўляны вятрак, які стварылі Іван Цэсляк і Іван Літвінюк, Яна Кунц і Юля Міронава пад кіраўніцтвам Аляксандра Крачко і Ірыны Коваль. А дзеля стварэння работы “Духоўна-асветніцкая веліч Белай Русі” свае намаганні прыклалі Каця Хаміцкая і Анастасія Сацішур, Юля Сяркова і Таня Беразоўская — сябры аб’яднанняў па інтарэсах “Кераміка” і “Мяккая цацка”, якія ўзначальваюць Наталля Сцепанюк і Наталля Уласюк.
Усё гэта яшчэ больш узнімала святочны настрой удзельнікаў мерапрыемства, якое пачалося ўрачыста і было на працягу ўсёй імпрэзы прыгожа аздоблена канцэртнымі нумарамі. Іх выконвалі не толькі тыя, хто пакуль наведвае школу, але і іх педагогі, здольныя, як аказалася, не толькі несці веды, але й выдатна спяваць.
Адзін за адным мяняліся выступоўцы. Кожны з іх знаходзіў безліч цёплых слоў у адрас арганізацыі, якая святкуе сваё стагоддзе. Прывітанне “ад імя 600-тысячнай гвардыі членаў Беларускага прафсаюза адукацыі і навукі” перадала старшыня арганізацыі Таццяна Якубовіч. Яна заўважыла, што гэтыя сто год стварылі надзейны падмурак, выказала падзяку сацыяльным партнёрам, якія “ва ўсе часы дапамагаюць настаўніцкай сябрыне”. Уручаючы граматы, Таццяна Раманаўна нагадала, што гэта яшчэ не ўсе ўзнагароды: 15 чэрвеня аналагічная ўрачыстаць будзе і ў сталіцы, а значыцца, паток узнагарод стане яшчэ большым.
Да кола тых, хто выказваў свае віншаванні, далучыліся старшыня абласнога аб’яднання прафсаюзаў Мікалай Шум і кіраўнік абласной арганізацыі работнікаў адукацыі і навукі Іван Васіленка. Было вельмі прыемна, што ўзнагароды не абышлі бокам і нашых землякоў. Прынамсі, непасрэдна з рук Івана Іванавіча Ліст падзякі атрымала дырэктар першай гарадской школы Ірына Панфіла, аналагічнымі ўзнагародамі адзначаны прафсаюзныя лідары Алена Кадлубовіч, Святлана Цяльпук і Вольга Гацкевіч.
Эмацыянальным і вельмі запамінальным стала выступленне нашага земляка (нараджэнца былой вёскі Ацячызна), начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі абласнога выканаўчага камітэта Юрыя Прасмыцкага. Юрый Мікалаевіч, між іншым, сказаў: “Добры дзень, юбіляры! За спіной — красамоўная лічба 100. Шмат гэта ці мала? За пяць хвілін праляцеў ролік, які расказаў пра мінулае прафсаюзнага руху. Для асобнага чалавека — немалы адрэзак, але ў шматвекавой гісторыі Брэста — невялікая частка. Бо ўсяго толькі стагоддзе існуе арганізацыя, з якой стала жыць лягчэй. У нас з’явіўся сябар, які пазнаецца і ў бядзе, і ў радасці. Гэтыя сто год былі насычаны выпрабаваннямі. Мы выстаялі, бо заўсёды былі разам! Сумесна мы зробім яшчэ больш. Мабыць, лозунгам нашага жыцця і павінна стаць: “Разам!” Юбіляры! Шмат разоў вам па сто гадоў і моцнага ўсім здароўя!”
Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота аўтара
На здымках: запамінальныя моманты ўрачыстасцяў, звязаных са святкаваннем 100-ых угодкаў прафсаюзнай педагагічнай сябрыны.