У гэтыя майскія дні стала ўжо даўняй добрай традыцыяй падводзіць вынікі конкурсу для аматараў “ціхага фотапалявання”, здольных сказаць беламу свету: “Спыніся, імгненне, ты цудоўнае!”
Напярэдадні Дня Перамогі сталі вядомыя прозвішчы пераможцаў фотаконкурсу, які праводзілі прафсаюзы сумесна з аддзелам ідэалогіі, культуры і па справах моладзі ды раённай газетай “Сельская праўда”.
Найлепшай у намінацыі “Чалавек працы славуты заўсёды” журы абвясціла творчую работу намесніка дырэктара па вытворчасці ААТ “Жабінкаўскі” Ганны Плытнік. На фота — токар сельгаставарыства Генадзь Гацкевіч, працоўны стаж якога больш за трыццаць гадоў. Пра свайго героя Ганна Іванаўна жартаўліва паведамляе: “Такарны цэх з’яўляецца “рэанімацыяй” нашых майстэрняў, а Генадзь Іванавіч — галоўны ў ім “рэаніматолаг”. У нашай гаспадарцы працавітыя людзі вырошчваюць хлеб, перадаюць свае веды маладзейшым”. І Генадзь Гацкевіч, бясспрэчна, сярод тых, хто робіць гэта на выдатна.
Нельга ў веснавую пару, калі ўсё адраджаецца для працягу жыцця, зелянее, набіраецца фарбаў, абысціся і без намінацыі “Вясне дарогу!”. У ёй прызнаны самым-самым фотаздымак выхавальніцы гарадскога ясляў-сада № 1 Алы Касянюк. Сваю работу яна назвала “Сустрэча з вясной”. На фота — дзяўчынка з цудоўным сімвалам вясны — галінкамі вярбы.
Двайную перамогу святкуе ў конкурсе наша калега, выконваючая абавязкі галоўнага рэдактара “СП” Святлана Кіслая: яе фотаработы журы назвала найлепшымі ў намінацыях “Чым жывеш, моладзь?” і “Цікавы кадр”.
Паводле палажэння, тыя, каму было даверана судзіць фотааматараў, мелі права аб’явіць і іншыя дадатковыя намінацыі. І яны гэтым правам скарысталіся. Выбар сапраўды быў багаты, паколькі ў конкурсе паўдзельнічала больш за тры дзясяткі жабінкаўцаў, а колькасць дасланых работ перасягнула за сотню. У выніку “нарадзілася” яшчэ адна намінацыя “А вам слабо?!” Яе пераможцам абвешчана настаўніца матэматыкі другой гарадской школы Алена Ануфрыюк. Яе надзвычай пазітыўны здымак “Спыніся, імгненне!” злавіў у кадры юную гімнастку. Сапраўды, пастараліся і аўтар, і гераіня. І паўтарыць такое далёка не кожнаму пад сілу!
Анатоль БЕНЗЯРУК
На здымках: работы-пераможцы прафсаюзнага фотаконкурсу, дасланыя Ганнай ПЛЫТНІК, Алай КАСЯНЮК, Святланай КІСЛАЙ і Аленай АНУФРЫЮК.

