Калектыў магазіна “Родны кут”, які часцей завуць па нумары — 15, заўсёды на добрым рахунку. Пра тое гаворыць не толькі начальнік філіяла “Жабінкаўскі” Брэсцкай міжраённай гандлёвай базы Жанна РАК, але і шматлікія пакупнікі.
Калектыў, які складаецца з 18 чалавек, больш за дзесяцігоддзе ўзначальвае Ірына КАЗУЛЬКА. У 1996 годзе, адразу пасля заканчэння Баранавіцкага ПТВ-тэхнікума, Ірына Міхайлаўна, атрымаўшы прафесію прадаўца вытворчых і невытворчых тавараў, прыйшла ў Жабінкаўскае раённае спажывецкае таварыства і з таго часу месца працы не мяняла. Рэзоннае пытанне, ці дружны яе калектыў?
— Калі б не быў дружным, дык мяняўся б часта, — адказвае пераканана Ірына Казулька. — А так, напрыклад, Лідзія БУЗА ўжо больш за сорак гадоў працуе ў гандлі. Значную частку жыцця прысвяціла яму і Наталля БАРЫСЮК ды Алена ГРАБ.
У гісторыі магазіна на вуліцы Зарэчнай важным стаў 2017 год. Тады плошча гандлёвай кропкі павялічылася ўдвая і складае цяпер 390 квадратных метраў. Прычым, павялічылася не толькі тэрыторыя, але, што вельмі важна, і асартымент тавараў. Зараз кожны, хто пераступае парог “Роднага кута”, рэдка выходзіць з крамы без пакупак. Цяжка нават пералічыць усё, на што багаты магазін. Вельмі запатрабаваныя ахалоджанае мяса і птушка, кандытарскія вырабы і напоі, бакалея і хлеба-булачныя тавары, каўбасы, рыба і “малочка”. Да таго ж значнае месца займаюць непрадуктовыя тавары — гаспадарчая група.
Яшчэ з 2013 года, калі прыкметна павялічыўся тавараабарот, надзвычай запатрабаванымі сталі навацыі. Гэта сёння кожнаму звычайна бачыць на тавары штрыхкод, ужо нават дзіўна гучыць, што нейкія сем-восем гадоў назад усё рабілася ўручную. Для зручнасці пакупнікоў з’явіліся таксама дысконтныя карты. Адным словам, час не стаіць на месцы і гандаль рухаецца ўслед за ім. Пяцігодку таму пачала ўжывацца на асобныя групы тавараў праграма “Лаяльнасць”, уведзеная Белкаапсаюзам для пенсіянераў.
І што вельмі прыемна і паказальна: па тавараабароце сярод усіх гандлёвых кропак Брэсцкай міжраённай гандлёвай базы калектыў магазіна № 15 упэўнена з года ў год займае першае месца. Так, яны прызнаныя лідары ў вобласці ў сістэме спажывецкай кааперацыі.
Нездарма ў народзе кажуць: “Па працы — і пашана”. Сёлета абласную грамату да Дня спажывецкай кааперацыі атрымала Алена ПАСТУШЧЫК, яшчэ чатыры прадаўцы ўзнагароджаны граматамі Брэсцкай міжраённай гандлёвай базы. Гэта ўжо названыя Лідзія Буза і Алена Граб, а таксама Ірына ЗДОЛЬНІК і Жанна КУРЫГА.
Напярэдадні свята Ірына Казулька, якая ўзначальвае дружны “Родны кут”, выказала віншаванні і пажаданні калегам:
— Найперш жадаю самага галоўнага — здароўя. Калі яно ёсць, прыйдуць, безумоўна, і творчыя поспехі. Мы працуем дзеля людзей, хочацца, каб яны заўсёды мелі паразуменне да гандляроў, а мы, са свайго боку, будзем старацца, каб пакупнікі заставаліся задаволенымі, наведваючы “Родны кут”. Жадаю калегам сямейнага шчасця. Са святам, паважаныя!
Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота аўтара
На здымку: Жанна КУРЫГА, Ірына КАЗУЛЬКА, Алена ПАСТУШЧЫК, Анастасія САЎЧУК, Дзмітрый БУЛЬЧУК, Наталля МІХАЛЮК.
