А скіба — дзень вясновы.
Ралля. Плугі. Сяўба.
Наш хлеб — жыцця аснова,
Працяг і барацьба.
Пімен Панчанка
Хлеб. Аснова асноў. Хлеб — сімвал сытасці. Ён ляжыць на нашых сталах дзякуючы таму, што першабытны чалавек здагадаўся зрабіць ляпёшку з мукі і вады і зразумеў, што гэта — ежа еж. У кожнага народа свой хлеб: у нас — чорны жытні, у Францыі — доўгі хрумсткі багет, у Італіі — чыабата, у Арменіі — лаваш. І ў кожнай краіне яму аддаюць павагу.
Для беларусаў хлеб — святыня. І гаварыць я буду пра жытні хлеб, бо якраз яго часцей за белы пяклі на Беларусі. У галодныя часы ён быў галоўнай ежай, бо мяса было не ва ўсіх. Хлеб і вада — і жылі. А ў вайну і хлеб не заўсёды быў. Хто яго здабываў — еў па маленькаму кавалачку, эканомна, збіраў крошкі, каб усё да апошняга патрапіла ў рот. Таму тыя, хто яшчэ памятае блакаду, шануюць хлеб, трасуцца над кожнай скібкай, бо ведаюць, як гэта — жыць без хлеба. Калі без хлеба — значыць без нічога, бо што ёсць болей простае і таннае за хлеб? Людзям старой загартоўкі важна, каб і ў наш не такі бедны час у хаце быў ён — кароль стала — хлеб!
І цяпер беларус што ні есць — усё з хлебам: боршч, бульбу, крупы, нават макароны. Гэта ўжо ў генах: вячэра не вячэра без лусты. Нягледзячы на тое, што ў наш час ёсць столькі прысмакаў! А яшчэ хлеб — гэта здароўе і моц. Таму бабуля заўсёды кажа мне: “Волечка, еш хлеб, хоць па маленькаму кавалачку, тады будзеш здаровай!”
А яшчэ хлеб — сімвал гасціннасці. Нездарма на Беларусі і ў суседніх краінах прынята сустракаць гасцей з хлебам і соллю. Бо хлеб — гэта мір, і мы рады вітаць тых, хто прыйшоў да нас з мірам.
Хлеб — гэта чалавечая праца. Ад поля да печы — такі шлях праходзіць спачатку зерне, потым мука, а затым атрымліваецца пахучы мяккі акраец. І атрымліваецца ён дзякуючы чалавечым рукам. Увесну і ўлетку аддае сваю моц чалавек у полі, а круглы год — ля печы. І хаця цяпер ёсць машыны і станкі, якія дапамагаюць чалавеку, без людской рукі і старання не абысціся. Бацькі з дзяцінства вучылі мяне, што хлеб не павінен ляжаць на зямлі: што ж, кінуць аб падлогу святое! А калі бачыш, што нехта кінуў хлеб на зямлю — паднімі ды палажы на пянёк: птушачкі з задавальненнем паласуюцца ім. Толькі каб не ляжаў на зямлі!
А ці ведаеце вы, што такое “зайчыкаў хлеб”? Мабыць, маладыя людзі і чулі, але, магчыма, не спрабавалі яго. Старэйшым, лічу, болей знаёмы гэта выраз, бо раней на працу, асабліва ў поле, часта бралі з сабой перакус, а што з яго заставалася — прыносілі дзецям, называючы гасцінец “зайчыкавым хлебам”, каб дзіцяці было цікава яго есці. Матуля расказвала мне, што, калі яна была маленькая, тата — мой дзед, калі прыходзіў з лесу або з касавіцы, прыносіў ёй таксама “зайчыкаў хлеб”. Яна так і думала: што ж гэта той заяц захацеў ёй перадаць? У мяшочку быў хлеб. Часам, канешне, і сала, але сала звычайна ўсё з’ядалася самім “зай-
чыкам”. Казала матуля, што хлеб гэты быў самым смачным!
Пра хлеб можна гаварыць многа. Колькі слоў ужо прысвечана яму! І будзе прысвячацца вечна, бо хлеб ядуць і будуць есці! Самі паглядзіце, як пустуюць хлебныя паліцы ў крамах увечары — кожны спяшаецца прынесці дадому свежы бохан. Таму ён ніколі не перастане карыстацца папулярнасцю. Хлеб і сапраўды — усяму галава! Скажыце, захацелася хрумсткай скарынкі? Дык бяжыце хутчэй у краму за свежым боханчыкам, пакуль увесь не разабралі! Ды толькі нясіце асцярожна, бо гэта — святое.
Вольга ДРУШЧЫЦ
