Народжаны ў векапомным верасні

Вось ужо восем дзясяткаў гадоў жабінкаўскія права-ахоўнікі нясуць пачэсную службу на карысць дзяржавы і народа. Сёння, напярэдадні святочнай даты, ёсць магчымасць прыгадаць славутыя старонкі гісторыі Жабінкаўскага РАУС, што бярэ свае вытокі з векапомнага верасня 1939 года.
ТРАДЫЦЫІ СЁННЯШНЯГА аддзела ўнутраных спраў райвыканкама заклалі некалькі пакаленняў міліцыянераў.
Пачаткі праваахоўнай справы на Жабінкаўшчыне сягаюць у вераснёўскія дні 1939 года, калі байцы Чырвонай Арміі рухаліся дзеля вызвалення Заходняй Беларусі і ўз’яднання яе ў адзіную рэспубліку з Беларускай ССР. Час быў надзвычай трывожны: на еўрапейскім кантыненце ўжо шугала моцнае полымя Другой сусветнай вайны, якая закранула і нашы землі.
У вызваленым павятовым Кобрыне было абвешчана часовае савецкае кіраўніцтва. Каб захаваць спакой і парадак, у значных мястэчках тэрмінова ўтвараліся атрады сама-абароны і рабочай гвардыі. Жабінка не стала выключэннем. Тут таксама 21 верасня добраахвотнікі з ліку былых членаў Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі стварылі атрад. Узначаліў яго сапраўды легендарны чалавек — Аляксей Дзмітрук, які раней актыўна змагаўся супраць польскіх уладаў за волю роднай палескай зямлі. Цяпер сябры самаабароны хутка раззброілі паліцэйскіх, а над будынкам колішняга пастарунка на вуліцы Кірава залунаў чырвоны сцяг. Гэты дзень і прынята лічыць пачаткам дзейнасці праваахоўных органаў у нашым краі.
22 верасня каля будынка, дзе неўзабаве размясціўся раённы аддзел міліцыі, для сустрэчы савецкіх танкістаў была ўсталявана арка, упрыгожаная кветкамі і хваінкамі, адбыўся ўрачысты сход, на якім абвясцілі прыход новай улады.
Скупыя архіўныя справы распавядаюць пра тыя дні. Адзін з унікальных дакументаў — пасведчанне, датаванае 23 вераснем 1939 года. Яго атрымаў жабінкаўскі міліцыянер Рыгор Трафімук, каб даставіць з Кобрына 15 вінтовак і тысячу патронаў да іх, патрэбных для аховы грамадзян, іх маёмасці, утрымання правапарадку на вуліцах мястэчка.
Першапачаткова атрад народнай самаабароны ў Жабінцы налічваў каля трох дзясяткаў чалавек. І сёння на памяці імёны Сцяпана Мелянтовіча і Макара Ратайкі, Паўла Семенюка і Васілісы Селівонік, Сяргея Ануфрыюка і многіх іншых, каму выпала стаяць ля вытокаў барацьбы са злачыннасцю ў краі ў вельмі няпросты перадваенны час.
15 студзеня 1940 года на карце ўзнік Жабінкаўскі раён. Былыя члены самаабароны ўліліся ў склад раённага аддзела міліцыі. Першым начальнікам РАУС быў прызначаны малодшы лейтэнант міліцыі Фёдар Кірылаў, які прыехаў у Жабінку з усходу Беларусі ўсталёўваць новы савецкі лад. Рабілася гэта паспяхова: ужо праз год жабінкаўскія міліцыянеры сталі пераможцамі на Брэстчыне ў спаборніцтве з іншымі райаддзеламі па выніках барацьбы са злачыннасцю. За гэта атрымалі пісьмовую падзяку ад абласнога начальства.
Новае жыццё паступова наладжвалася. Аднак суровы час выпаў на долю таго пакалення. Памятным ранкам 22 чэрвеня 1941 года пачалася Вялікая Айчынная, многія супрацоўнікі райаддзела ўліліся ў шэрагі народных мсціўцаў, змагаліся з ворагам у партызанскіх атрадах імя Чарнака і Фрунзэ, а пасля вызвалення краю, улетку сорак чацвёртага, рушылі з баямі франтавымі дарогамі.
Дасюль каля ўваходу ў будынак РАУС беражліва захоўваецца мемарыяльная дошка з імёнамі першых міліцыянераў Аляксея Дзмітрука і Сяргея Ануфрыюка, чые імёны занесены ў Кнігу народнай славы Жабінкаўскага раённага аддзела ўнутраных спраў. Абодва загінулі ў барацьбе з ворагам.
Першым пасляваенным начальнікам райаддзела быў Кірыл Татаранка, які больш за 15 гадоў прысвяціў міліцэйскай службе. Вакол сябе Кірыл Андрэевіч згуртаваў супрацоўнікаў, правераных і загартаваных у час ліхалецця. Пра гэта сведчылі баявыя ўзнагароды, што зіхацелі на грудзях колішніх франтавікоў і партызан Аляксандра Вайцюка і Мікалая Паўлючука, Уладзіміра Касцюковіча і Мікіты Свідуновіча, Паўла Мартусава і Мікалая Перагудава, Маісея Маслоўскага і Аляксея Харытанюка… Імёны іх ды многіх іншых зберагаюцца ў памяці прадаўжальнікаў міліцэйскіх спраў.
Пасляваенныя гады выдаліся таксама надзвычай няпростымі, міліцыянерам нярэдка даводзілася быць літаральна на лініі агню. Ужо ў мірны час старшыя інспектары Якаў Палягонька і Анатоль Міхалюк атрымалі за барацьбу з бандытызмам і ахову грамадскага парадку медалі “За баявыя заслугі”. Даводзілася нават удзельнічаць у сапраўдных аперацыях па ліквідацыі ўзброеных груп, што да пачатку 1950-х гадоў тэрарызавалі мясцовае насельніцтва. Міліцыянеры змагаліся з сапраўднымі бандытамі, якія хаваліся па лясах і балотах. Самая драматычная старонка — барацьба з бандай Фядзінскага, якая забівала людзей ды рабавала мясцовасць больш за пяць гадоў. Толькі ўдумайцеся: сцяг Перамогі ўзняўся над Рэйхстагам вясной сорак пятага, а апошні значны бой на Жабінкаўшчыне адбыўся больш чым праз пяць гадоў пазней.
Гэта было 12 снежня 1950 года. Паблізу Пшанаёў міліцыянеры натыкнуліся на бандыцкі штаб. Звыш трох гадзін ішла перастрэлка, у якой гінулі і міліцыянеры, і іх ворагі. Нарэшце з атрада Фядзінскага застаўся толькі верхавод. Ён адбіваўся да апошняга, пакуль не скончыліся патроны, а затым згарэў у сваёй схованцы.
Больш ніколі ў гісторыі нашага раёна не здаралася такіх крывавых падзей.
Сучасны этап развіцця жабінкаўскай міліцыі распачаўся з 1966 года, пасля аднаўлення раёна. Сваім станаўленнем аддзел унутраных спраў Жабінкаўскага райвыканкама ў многім абавязаны Дзмітрыю Кавалевічу, які ўзначальваў яго з 1966-га да 1983 года. Рупіліся пра развіццё аддзела, яго тэхнічнае аснашчэнне, павышэнне прафесіяналізму супрацоўнікаў і наступныя кіраўнікі РАУС: Аляксей Клімчук (1983-1994), Міхаіл Ляшук (1994-1999), Аляксандр Грыцук (1999-2002), Юрый Карпінчык (2002-2004), Аляксандр Ясько (2005-2007), Уладзімір Жук (2008-2012) і Уладзімір Барысюк (2013-2014). Сёння аддзел узначальвае падпалкоўнік міліцыі Андрэй Лагота.
Праца жабінкаўскіх праваахоўнікаў нярэдка адзначалася на высокім узроўні і ставілася ў прыклад іншым раённым аддзелам унутраных спраў Брэстчыны. Ёсць у скарбонцы ўзнагарод і найвышэйшае прызнанне — пераходны прыз Уладзімірава, уручаны Жабінкаўскаму РАУС як лепшаму райаддзелу ў рэспубліцы.
Анатоль РОСТАЎ
На здымку: калектыў райаддзела міліцыі з кубкам Уладзімірава (фота з архіва РАУС. 2010 г.)