У зале пасяджэнняў райвыканкама адбылася чарговая, сямнаццатая, сесія Жабінкаўскага раённага Савета дэпутатаў 28-га склікання пад кіраўніцтвам Анатоля Шалтанюка.
У справаздачным дакладзе аб дзейнасці райсавета за 2019 год Анатоль Вітальевіч расказаў аб дасягненнях у вытворча-эканамічнай сферы раёна і сацыяльна значных праектах. Выступоўца падкрэсліў, што ўдалося вырашыць большую частку пытанняў, якія выбаршчыкі ставілі перад дэпутатамі, выканаўчай уладай падчас прыёмаў і “прамых тэлефонных ліній”, сходаў грамадзян.
У мінулым годзе адбылося восем сесій раённага Савета дэпутатаў, разгледжана 46 пытанняў, праведзены 52 “прамыя тэлефонныя лініі”, падчас якіх паступілі 82 звароты. Анатоль Шалтанюк расказаў пра работу сямі інфармацыйна-прапагандысцкіх груп, у склад якіх уваходзяць шэсць дэпутатаў, і камісіі па садзейнічанні занятасці насельніцтва. Так, на леташнім вясновым кірмашы вакансій з 36 грамадзян, што наведалі яго, змаглі знайсці работу 16 чалавек.
— Варта адзначыць, што роля дэпутатаў, актыву тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання бачыцца не толькі ў абароне інтарэсаў выбаршчыкаў, — сказаў Анатоль Шалтанюк, — але і ў выкарыстанні яе ў барацьбе з негатыўнымі з’явамі: п’янствам, сямейным недабрабытам, абыякавасцю да бяды іншых. Таму створана дзевяць грамадскіх пунктаў аховы правапарадку, якія цесна супрацоўнічаюць з РАУС, участковымі інспектарамі; праводзіцца работа па прапагандзе здаровага ладу жыцця, прававым выхаванні і інш.
Пасрэднікі паміж насельніцтвам і органамі мясцовага кіравання — старасты. Іх у раёне 66 (у тым ліку 43 жанчыны), 16 абраны дэпутатамі сельскіх Саветаў дэпутатаў. Яны — нязменныя памочнікі старшынь сельвыканкамаў. Самыя актыўныя — Валерый Нефядзюк (вёскі Бусні і Вулька), Любоў Кузьміч (вёска Пералум’е), Валянціна Дзмітрук (аграгарадок Вялікія Якаўчыцы) і многія іншыя.
Выступоўца адзначыў тэндэнцыю зніжэння колькасці зваротаў грама-дзян у сельскія Саветы.
У абмеркаванні даклада пры-нялі ўдзел намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Леванюк, кіраўнікі Хмелеўскага і Азяцкага сельвыканкамаў Сяргей Прылуцкі і Ларыса Харс.
Затым са справаздачным дакладам аб выкананні раённага бюджэту за 2019 год выступіла загадчык сектара планавання і выканання бюджэту фінансавага аддзела райвыканкама Наталля Картылісец. Напрыканцы сустрэчы атрымаў слова намеснік начальніка райсельгасхарчу Уладзімір Дземідзюк, які расказаў аб фінансавым аздараўленні сельгас-прадпрыемстваў.
Падвёў вынікі сесіі старшыня райсавета Анатоль Шалтанюк.
Святлана БЯЛЯК
Главные новости
