Наперад і разам

З якімі ўражаннямі дэлегаты Усебеларускага народнага сходу вярнуліся дадому? Давайце даведаемся ў члена Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, старшыні Жабінкаўскага раённага Савета дэпутатаў Анатоля ШАЛТАНЮКА:
— Мне прыемна, што прыняў удзел у лёсавызначальнай для нашай дзяржавы падзеі, якая, несумненна, увойдзе ў гісторыю. Агульнанацыянальны форум прызначаны для таго, каб ацаніць мінулае і вызначыць крокі ў будучыню, каб разам пісаць светлае заўтра Беларусі.
Мяне ўразіла маштабнасць мерапрыемства, на якім сабраліся людзі з усіх куткоў нашай Беларусі. Атмасфера была прасякнута адзінствам і згуртаванасцю. Нас аб’яднала адзіная мэта — жаданне зрабіць больш для развіцця нашай краіны, каб мы працавалі эфектыўна, жыццё ў нас было стабільным, а дзяржава заставалася незалежнай і суверэннай.
Даклад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі доўжыўся амаль чатыры гадзіны, але я ад яго зусім не стаміўся, уважліва слухаў кожнае слова, якое, паверце, ішло ад душы.
У дэлегатаў была магчымасць выказаць сваё меркаванне з высокай трыбуны. Спікеры гаварылі аб тым, што для іх сапраўды важна, абмяркоўвалі развіццё рэгіёнаў, акцэнтавалі ўвагу на падтрымцы пажылых людзей, абмяркоўвалі планы стварэння працоўных месцаў, дзяліліся меркаваннямі аб развіцці медыцыны і адукацыі, уздымалі пытанні патрыятычнага выхавання моладзі.
Для мяне вельмі актуальным падалося пытанне эфектыўнасці мясцовага самакіравання. На мой погляд, мясцовае самакіраванне ў Беларусі патрабуе развіцця, трэба больш дэлегіраваць паўнамоцтвы насельніцтву. Кожны чалавек павінен адчуваць адказнасць за добраўпарадкаванне сваёй малой радзімы, развіццё прадпрыемстваў.
Пагадзіцеся, якой будзе наша краіна заўтра, залежыць ад кожнага з нас. На сваім прыкладзе мы як грамадзяне, сем’яніны, бацькі, павінны паказаць, як трэба жыць, будаваць сваю будучыню.
Я абраны дэлегатам Усебеларускага народнага сходу другі раз, уважліва прачытаў праект Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на будучую пяцігодку. На мой погляд, вельмі важна, што галоўным прыярытэтам у нашай краіне быў і застаецца чалавек, яго развіццё і дабрабыт.
Прыемна, што ў Праграме знай-шло адлюстраванне рашэнне многіх праблем, якія хвалююць жыхароў Жабінкаўшчыны і Берасцейшчыны. У першую чаргу, рэканструкцыя лініі электраперадачы, каб людзі мелі магчымасць ацяпляць свае дамы з дапамогай электраэнергіі. Таксама шмат увагі было нададзена пытанням добраўпарадкавання населеных пунктаў, асфальтавання дарог. Прэзідэнт адзначыў, што ў будучай пяцігодцы больш увагі будзе надавацца рэканструкцыі раённых дарог.
Разам з тым мяне не пакідала пачуццё, што мы дрэнна працуем з насельніцтвам, асабліва ў плане пераканання. Пагадзіцеся, у нашай краіне робіцца нямала добрага, але многія гэтага не цэняць. На жаль, мы ўпусцілі моладзь, рабілі ўпор на эканоміку. Трэба ліквідаваць прабелы.
Хочацца верыць, што пасля ўсенароднага форуму мы пачнём развівацца яшчэ больш эфектыўна і дасягнём вялікіх поспехаў. Так што, наперад і разам!
Запісала Алена СІНЯЎСКАЯ