НАКАПІЎ КАПЫЛЬ МНОСТВА КНІЖНЫХ СІЛ — святкаваў два дні ён на свой капыл

Па традыцыі, якой ужо 28 гадоў, першыя восеньскія выходныя былі прысвечаны Яе Вялікасці Кнізе, выдаўцам ды кніжнікам. Свята пісьменства прымаў горад Капыль.

Таленты па Алфавіце і “гарбатыя” краявіды

Давялося не раз бываць на кніжных святах у розных кутках Беларусі, аднак, прызнаюся, з такімі зорнымі россыпамі талентаў сустрэцца прыйшлося ўпершыню.
Капылю — 1015 гадоў! Не дзіва, што горад з такой даўніной сёлета стаў літаратурнай сталіцай. Увогуле, гэтая зямля славіцца гісторыяй і культурай, творчасцю і прамысловасцю, а галоўнае — людзьмі, што сталі гонарам раёна і краіны.
Дасюль памятаю выпадковую сустрэчу з Міхаілам Сцяпанавічам у майстэрні Народнага мастака Беларусі Івана Міско, які ляпіў скульптуру галоўнага канструктара МАЗа, стваральніка айчыннай школы канструявання і даследавання цяжкіх грузавікоў.
А дзе яшчэ, акрамя Капыльшчыны, адшукаць такую плеяду выдатных дзеячаў нацыянальнай літаратуры, культуры, мовы?! 50(!) майстроў слова нарадзіла гэта зямля. І найбольш яркія зоркі, сапраўдная соль зямлі капыльскай — Кузьма Чорны, Алесь Адамовіч, Цішка Гартны. Апошняму, дарэчы, быў урачыста ўсталяваны ўжо другі па ліку помнік. А ў цэнтры горада адкрылася Алея пісьменнікаў: каля вялікіх літар з’явіліся ўтульныя лавачкі з імёнамі слынных пісьменнікаў і QR-кодамі. Ці маглі яны калісьці ўявіць, што нашчадкі ў ХХІ стагоддзі будуць ахвотна чытаць іх творы з дапамогаю смартфонаў. Яны ж і слова такога не зналі, калі пісалі пра “Трэцяе пакаленне” або “Узгоркі і нізіны”. Да слова, назву для зборніка Цішку Гартнаму папросту маглі навеяць родныя краявіды, нязвыклыя для паляшуцкага вока. У Капылі ногі з горкі самі коцяцца, а ўзняцца ой як цяжка! А ўзвышаецца над усім зялёная Замкавая гара, дзе некалі стаяў, баронячы ад ворагаў мясціны, магутны замак. Цяпер, у мірны час, тут адбывалася святочная імпрэза.

Літаратурныя “Дажынкі” і арбітальная паштоўка

Выбачайце за каламбур, на гэтым свяце ўсе прамовы былі пра мову, яе багацце, чысціню ды мілагучнасць.
Па добрай традыцыі ў адрас Дня беларускага пісьменства і яго гасцей быў зачытаны прывітальны ліст ад кіраўніка краіны, з удзячнасцю звяртаўся да прысутных і Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі, Патрыяршы Экзарх Усяе Беларусі Веніямін, іншыя палітычныя і грамадскія дзеячы.
Асабліва неспадзяваным і ад таго яшчэ больш прыемным было ўключэнне з міжнароднай касмічнай станцыі, на якой зараз знаходзіцца касманаўт-зямляк Алег Навіцкі. З далёкай арбіты ён павіншаваў усіх нас з цудоўным святам і нават прачытаў верш на роднай мове.
А старшыня Саюза пісь-меннікаў Беларусі Мікалай Чаргінец, са свайго боку, заўважыў:
— Зараз хлебаробы ўрачыста адзначаюць заканчэнне жніва, але і ў нашых паэтаў і празаікаў надышоў час падвесці творчыя вынікі. Мяркую, мы з упэўненасцю кажам: сёлета пісьменнікі святкуюць літаратурныя “Дажынкі”. Беларуская кніга стала здабыткам свайго народа. Вельмі прыемна, што пісьменніцкія шэрагі штогод папаўняюцца новымі талентамі, лаўрэатамі Нацыянальнай літаратурнай прэміі.
Сёлета імі сталі шэсць творцаў. Вылучу дваіх, каго давялося павіншаваць асабіста: за кнігу вершаў “Белае, чорнае і залатое” пераможцам у намінацыі “Лепшы твор паэзіі” стаў Віктар Шніп, а кніга крытыкі “Пухавіччына: Літаратурнае гняздо Беларусі” прынесла ўзнагароду Алесю Карлюкевічу.

Берасцейцам у Капылі будуць радыя заўжды

Калі на “Пісьменніцкай пля-цоўцы” выступаюць прадстаўнікі Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў, гэта заўсёды выклікае цікавасць. Вось і ў Капылі многія спыняліся, каб паслухаць гасцей з Брэста і Жабінкі, Бярозы і Пінска.
Наша літаратурная праграма “Калі ты душою, як крэпасць над Бугам…” была прымеркавана да 80-годдзя пачатку Вялікай Айчыннай вайны і гераічнай абароны Брэсцкай крэпасці.
Пра мужнасць, адвагу і сілу духу распавядала старшыня пісьменніцкай суполкі Таццяна Дземідовіч. Яна прачытала свой верш “Прабабуля гора хлябнула”, нагадала пра штогадовую рэканструкцыю першых дзён вайны, якая ладзіцца ў Цытадэлі. Таццяна Анатольеўна прэзентавала таксама новыя кнігі брэсцкіх аўтараў.
Маладая паэтка Аксана Валуй, творчасць якой напоўнена святлом, цяплом — той сілай, што ратуе ад благога, чытала свае вершы, збіраючы апладысменты залы. А ў Настассі Смілінай, якая нядаўна далучылася да нашае суполкі, у вершах — філасофія жыцця, самапазнанне, пошук і знаходкі.
Нарэшце наступіў прыемны момант, надзвычай добрая падзея — дэбют і нараджэнне новай кнігі “Мой сад”. У гэты паэтычны сад паклікала з сабой Алёна Папко.
Цудоўна ўпрыгожылі вечарыну музычныя дарункі ад барда Віктара Мяцельскага. Госць з горада над Пінай выдатна спяваў песні, напісаныя на вершы землякоў. Каб нас падтрымаць, з Баранавічаў прыехала дзіцячая пісьменніца Раіса Раманчук. Як заўсёды, лірычным і запамінальным стала выступленне берасцейскай паэткі Любові Красеўскай.
Пра сваю творчасць рас-павёў наш зямляк, нараджэнец Баранцоў Анатоль Брытун, а мне давялося правесці літаратурна-гістарычную вік-тарыну, прысвечаную тысячагадовай гісторыі Брэста.
Для мяне асабіста гэты дзень прынёс прыемны падарунак: да свята выдавецтва “Беларуская энцыклапедыя” выпусціла ў свет кнігу “Сустрэча з пісьменнікам”, а ў ёй — творы абодвух Бензерукоў.

Колькі ў Добрушы дабра?

У канцы шыкоўнага канцэрта, які ладзіўся на галоўнай сцэне, у выкананні Анатоля Ярмоленкі прагучала вядомая песня на верш Васіля Сахарчука “Усё на свеце выпадкова”.
А пакуль вымпел свята паедзе не на захад, а на самы ўсход Беларусі. Мінскі Капыль адсвяткаваў на свой капыл і перадаў эстафету гомельскаму Добрушу, які становіцца сталіцай чарговага ХХІХ Дня беларускага пісьменства.
Колькі ў Добрушы дабра?
Пабачым цераз год.
Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота аўтара
На здымках: шмат дзівосаў прапаноўваў старажытны Капыль; дэлегацыя Брэсцкага абласнога аддзялення СПБ на кніжным свяце.