На самым усходзе Беларусі месціцца Хоцімскі раён Магілёўскай вобласці. Нібыта паўвостраў, з усіх бакоў ён акружаны землямі Расіі. Стуль, з вёскі Клін, паходзіў яфрэйтар Міхаіл Арцёменка, пра якога расказала яго дачка, жыхарка Жабінкі Валянціна Шыркавец.
Яго родны раён вызвалілі позняй восенню сорак трэцяга, і ўжо праз колькі дзён Міхаіл Прохаравіч АРЦЁМЕНКА (1926-2017) атрымаў павестку ў ваенкамат. Далёка не ўсе нараджэнцы 1926 года паспелі трапіць на вайну, паколькі ў час вызвалення Беларусі не былі яшчэ паўналетнімі. Мішу Арцёменку франтавыя дарогі не абмінулі. На перадавой заўсёды не хапала байцоў: ліхалецце ненажэрнае. Таму 17-гадовы хлопец апрануў шынель. У Саратаве, куды прыбыў у вучэбную роту, навучанне праходзіла хуткаплынна.
У жніўні 1944-га ён стаў байцом 4-га стралковага Тартускага палка 98-й Ропшынскай Чырванасцяжнай стралковай дывізіі, якая ішла вызваляць Эстонію.
Зборы былі імклівымі. “Паваяваць бацьку выпала зусім нядоўга, ды ліха паспытаць хапіла. Раніцай навабранцаў сустракалі з музыкай, а ўвечары многія з іх ужо склалі галовы”, — дзеліцца ў сваім лісце бацькоўскімі ўспамінамі Валянціна Міхайлаўна.
Ужо ў першым баі чырвонаармеец быў паранены ў левую нагу, але праз некалькі дзён, калі над ім пашчыравалі вайсковыя лекары, зноў вярнуўся ў строй. Другі бой стаў для яго апошнім.
Архівы сведчаць: 23 снежня 1944 года Міхаіл Арцёменка ў складзе 6-й роты 2-га батальёна ўварваўся ў траншэі праціўніка, якія закідаў гранатамі, але й сам быў цяжка паранены ў правую нагу і руку. Ды, мабыць, маці Усціння Сцяпанаўна ў далёкім родным Кліне нездарма малілася і ліла слёзы, каб сын жывым вярнуўся дамоў.
Перад тым, як зноў пабачыць блакітнае неба над галавою, глядзеў баец на белыя столі ў палатах у Ленінградзе ды Іжэўску. Зноў “мудрылі” над хлопцам дактары, вымаючы з цела шматлікія жалезныя “падарункі” вайны. Вярнуўся салдат з фронту інвалідам. Яго кіцель упрыгожвала ўзнагарода за той памятны гераічны бой. Камандаванне спачатку палічыла, што яфрэйтар Арцёменка варты ордэна Чырвонай Зоркі, ды вышэйшае начальства на такую прапанову не пагадзілася і ўзняло ўзнагароду да ордэна Айчыннай вайны ІІ ступені. Праз шмат гадоў — да саракавой гадавіны Вялікай Перамогі — грудзі ветэрана ўпрыгожыў і юбілейны ордэн Айчыннай вайны І ступені.
Пасля лазарэта Міхаіл Проха-равіч вярнуўся на малую радзіму. Хоць былыя раны нагадвалі пра вайну, колішні баец пражыў доўгае жыццё, да старасці займаўся цяслярствам у калгасе “Камінтэрн”. Ажаніўся з Еўдакіяй Авакумаўнай, з якою душа ў душу пражыў семдзясят гадоў (на здымку). Яны вырасцілі годных дзяцей, вельмі ганарыліся сынам-афіцэрам, што служыў у Ленінградскай вобласці. А калі ўнук у складзе экіпажа камбайнераў Жабінкаўскага раёна заняў трэцяе месца ў рэспубліканскім спа-борніцтве і атрымліваў узнагароду на рэспубліканскіх “Дажынках”, дзядуля і бабуля, назіраючы па-дзею па тэлевізары, не стрымлівалі слёз радасці.
Свой ліст у рэдакцыю Валянціна Шыркавец заканчвае словамі: “Гэта яны, прадстаўнікі таго пакалення, змагаліся, каб на роднай зямлі, што перажыла так шмат трагедый, абпаленай, прапітанай чалавечай крывёю, зноў заззялі мільёны ўсмешак і прыйшло мірнае жыццё. Каб узнагароды надалей знаходзілі не воінаў, а добрасумленных працаўнікоў”.
Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота з сямейнага архіва Шыркаўцоў
Главные новости
