Напярэдадні Адзінага дня бяспекі, які сёлета пройдзе 22 верасня, зусім не лішнім будзе ўспомніць правілы, якія дапамогуць вам і вашым блізкім правільна дзейнічаць у выпадку надзвычайнай сітуацыі.
Спакой, толькі спакой
Уявіце сабе, што ў вашым доме здарыўся пажар. Што вы будзеце рабіць у першую чаргу? Хапаць дзяцей, дакументы, кошку? А калі пажар пачаўся на лесвічнай клетцы ці ў суседзяў і дым паднімаецца да вас? Ці зможаце вы ў прыцемках задымлення зарыентавацца, знайсці выхад, адкрыць ключом дзверы, акно? Ці змогуць зрабіць гэта вашы блізкія?
Менавіта для таго, каб не апынуцца ў разгубленасці і паніцы ў экстранай сітуацыі, выратавальнікі многіх краін рэкамендуюць выпрацаваць свой план рэагавання на надзвычайныя сітуацыі загадзя. І дзейнічаць па ім. На буйных прадпрыемствах і ў арганізацыях з гэтай мэтай ствараюць План эвакуацыі. Але і дома можна зарыентавацца па ўласным плане, каб выратаваць сваё жыццё.
Дрэнны той план, які нельга змяніць
Ад чаго адштурхнуцца? У першую чаргу ад таго, што можа здарыцца. Па статыстыцы МНС у Беларусі 80 працэнтаў надзвычайных сітуацый — пажары ў жылым сектары. Аснову свайго плана можна скласці ў агульных рысах. Што ён павінен у сябе ўключаць: Што можа здарыцца? Дзе? Як я буду дзейнічаць? Як эвакуіравацца, калі заставацца на месцы нельга? Дзе будзем хавацца? Што будзем рабіць, калі першы варыянт выратавання не спрацуе ці выхад будзе заблакіраваны? Якія рэчы трэба ўзяць з сабой?
Для таго, каб ацаніць рэальнасць плана, вашага асабістага вопыту можа аказацца недастаткова. Тут спатрэбяцца парады тых, хто сутыкаўся ці змагаўся з НС. Дапамогуць інструкцыі, буклеты ад выратавальнікаў ці іншых экстраных службаў. Яны дазволяць выпрацаваць патрэбны падыход у залежнасці ад таго, дзе вы жывяце: у прыватным доме ці шматпавярхоўцы. Акрамя пагрозы пажару, важна ведаць і іншыя патэнцыйныя крыніцы надзвычайных сітуацый у вашым раёне: ці ёсць побач хімічна небяспечныя аб’екты, буйныя рэкі, вадасховішчы, лясы, тарфянікі.
Запасны выхад
Калі вы жывяце ў шматкватэрным доме, даведайцеся, ці ёсць запасныя выхады з будынка, дзе яны знаходзяцца, як адкрываюцца.
Імкніцеся заўсёды ў зоне доступу трымаць патрэбныя рэчы: тэлефон, акуляры, ключы ад кватэры, слыхавыя апараты, лекі, без якіх вы не можаце абыходзіцца (інсулін і г. д.).
Не загрувашчвайце лесвічныя клеткі і трымайце адкрытым доступ да пажарных лесвіц.
Калі ў калідоры моцнае задымленне, ацаніце сітуацыю, ці зможаце вы пакінуць будынак. Не карыстайцеся ліфтам.
Калі ў калідоры занадта шмат дыму, шчыльна зачыніце дзверы і выбірайцеся на балкон. Паведаміце, набраўшы 101 ці 112, нумар сваёй кватэры. Дзейнічайце па рэкамендацыях выратавальнікаў.
Калі гаворка ідзе пра такія надзвычайныя сітуацыі, як паводка, буйныя лясныя пажары, разбурэнне жылых дамоў з-за тэхнагенных катастроф можа спатрэбіцца эвакуацыя на больш працяглы тэрмін. Таму камплект НЗ (недатыкальнага запасу) трэба скласці загадзя і перыядычна абнаўляць. Што там павінна быць, сыходзячы з разліку на ўсіх членаў сям’і: аптэчка першай дапамогі;
кансерваваныя прадукты, пітная вада; радыёпрыёмнік і ліхтарык з запаснымі батарэйкамі; запалкі ў герметычнай упакоўцы, запальніцы; сталовыя прылады: нож, відэльцы-лыжкі, міскі, кубкі; сродкі індывідуальнай гігіены.
Калі на эвакуацыю ёсць час, камплект мэтазгодна дапоўніць запасным адзеннем па сезоне і абуткам. Але, што б вы ні планавалі з сабой узяць, пераканайцеся, што зможаце гэта панесці. Змясціце камплект НЗ у непрамакальную сумку, з сабой вазьміце дакументы, наяўныя грошы.
Сочыце за навінамі па радыё і тэлебачанні, паведамленнямі экстраных службаў. Пракруціце ў галаве ваш асабісты план: зможа спрацаваць пры надзвычайнай сітуацыі, пра якую гаворыцца ў паведамленнях. Адначасна праверце камплектнасць вашага НЗ і падумайце, што яшчэ можа спатрэбіцца. Калі СМІ перадаюць інструкцыі ад надзвычайных службаў, выконвайце іх, уласны план узгадніце з імі.
