На Жабінкаўшчыну сёлета прыехалі некалькі дзясяткаў маладых спецыялістаў

На Жабінкаўшчыну сёлета пасля атрымання дыпломаў у каледжах, тэхнікумах і ВНУ прыехалі некалькі дзясяткаў маладых спецыялістаў. Яны пачалі пісаць сваю працоўную біяграфію ў розных арганізацыях і прадпрыемствах раёна. Найбольш дыпламаваных юнакоў і дзяўчат уладкавалася ў сельгаспрадпрыемствы — 34.
Шасцёра спецыялістаў-пачаткоўцаў прыйшлі ў ААТ “Вазнясенскі”. Гэтая гаспадарка — своеасаблівая кузня кадраў (узгадаем Рыгора Панасюка, які пачынаў тут працаваць аграномам, удасканальваў веды пад крылом вопытных калег, а цяпер узначальвае калектыў ААТ “Ракітніца”). Хочацца верыць, што маладыя людзі, якія вырашылі звязаць сваё жыццё з нялёгкай сялянскай працай, не расчаруюцца ў абранай прафесіі і застануцца працаваць на зямлі пасля адпрацоўкі. Давайце дадзім ім слова!
Дзмітрый ЛАБКО:
— У Пінску я вывучыўся на тэхніка-механіка. Па размеркаванні павінен быў адправіцца на Жабінкаўшчыну. З прапанаваных варыянтаў адразу выбраў ААТ “Вазнясенскі”. Чаму? Па-першае, тут блізка: жыву ў Сцяпанках, на матацыкле за 15 хвілін дабіраюся. Па-другое, ведаю, што гэта гаспадарка выдатна ўкамплектавана тэхнікай. Мяне прынялі тут вельмі добра, далі пасаду інжынера машынна-трактарнага парку. Галоўны інжынер Андрэй Галавейка ўвёў у курс справы. Да яго ў любы момант можна звярнуцца з любым пытаннем — ніколі не адмовіць, цярпліва растлумачыць і параіць, як зрабіць лепей, асабліва ў вядзенні дакументацыі. Чатыры месяцы працую ў “Вазнясенскім” і вельмі задаволены, што менавіта гэта гаспадарка стала маім першым працоўным месцам. Праз некалькі дзён пайду служыць у войска — ужо атрымаў павестку. Вярнуцца планую сюды ж.
Мілана СНІТКО:
— Я родам з Белаазёрскага раёна. Сёлета скончыла сельгасакадэмію ў Горках. Вучылася на бюджэтнай форме. Размеркаванне ў мяне было ў Брэсцкую вобласць. Практыку праходзіла ў “Вазнясенскім”, тут мне спадабалася, таму вырашыла не шукаць іншыя варыянты. Бацькі падтрымалі маё жаданне працаваць на Жабінкаўшчыне — можна сесці на цягнік і праз паўтары гадзіны быць дома, каб пабыць з мамай і татам у выхадныя.
У “Вазнясенскім” атрымала зручны ўтульны пакой у так званым жаночым інтэрнаце, пасля рамонту, гаспадарка выплаціла “пад’ёмныя”. Дырэктар Надзея Кандрацюк паклапацілася, каб нас забяспечылі сухімі дровамі. Шчыра кажучы, спачатку было нязвыкла: мне, гарадской дзяўчыне, тапіць кацёл было ў дзіковінку. А цяпер нічога — навучылася! Бадай, гэта адзіны мінус вясковага жыцця, на які ўжо навучылася не звяртаць увагі. Тым больш суседкі па інтэрнаце падабраліся харошыя, абаграваем дом і падтрымліваем парадак у ім па чарзе. А так усё выдатна: да работы пешшу некалькі хвілін, свежае паветра, магазін і кантора побач, асфальт паўсюль. Людзі тут ветлівыя і добразычлівыя — лічы, усіх ужо ведаю, усе са мною вітаюцца. У горадзе такога няма — усе ў сваіх клопатах праходзяць міма. А тут жыццё больш павольнае і спакойнае.
Праца мне падабаецца — я спецыяліст па закупках. Закуплялі ўжо медпрэпараты, соду, плёнку для накрывання сіласных траншэй. Мне цікава ўсё. Ні разу не пашкадавала, што працую ў сельскай гаспадарцы. Тэрмін адпрацоўкі хутка праляціць, у будучым бачу сваю работу менавіта ў “Вазнясенскім”. Тут выдатны калектыў, камфортныя ўмовы для працы, дастойная зарплата.
Паліна ДУДАРЭВІЧ:
— Мае мама, тата і нават сястра — ваенныя. А мне хацелася звязаць жыццё з медыцынай. Пасля заканчэння 9 класа вырашыла паступаць у Пінскі ветэрынарны аграрны каледж. Знаёмы хлопец, з якім разам вучыліся, прапанаваў праходзіць практыку на 4-м курсе менавіта ў “Вазнясенскім”. Прыехала сюды на 8-тыднёвую практыку. Працую на ферме “Агароднікі”. Спачатку было страшна — рабіць уколы, браць кроў на аналіз, вызначаць гінекалагічныя захворванні ў кароў. З цягам часу прызвычаілася. Ветэрынарыяй я дыхаю і жыву, адчуваю, што гэта менавіта тая прафесія, якая мне падыходзіць, і ні хвіліны не пашкадавала аб гэтым выбары. Мне пашанцавала і з калектывам: адчуваю падтрымку літаральна ад усіх. Не ўсе мае сябры-аднакурснікі могуць такім пахваліцца… Хочацца пасля дзяржэкзаменаў прыехаць працаваць менавіта сюды. Спадзяюся, што менавіта так і будзе. Далей планую паступаць у Віцебскую ветэрынарную акадэмію. Хочацца зарабляць, аплачваць вучобу і свае “хацелкі”. Моладзь не хоча ў вёску? Лухта! Стварыце добразычлівую атмасферу, дайце годныя заробкі і жыллё — і ніхто ў горад уцякаць не будзе, паверце.
Яна СОЎПЕЛЬ:
— Я родам з Кобрына, спецыяльнасць ветфельчара атрымала ў пінскім каледжы. У “Вазнясенскім” калектыў прыняў мяне цёпла. Сур’ёзную падтрымку адчула ад Рыгора Антонавіча Казлякоўскага і Сяргея Сяргеевіча Цімашука. Памятаю, як было складана зрабіць укол цяляці — мне было яго так шкада! Цяпер узяць кроў у жывёлы з вены, паставіць кропельніцу, распрацаваць схему лячэння для мяне не праблема.
Кіраўніцтва ідзе ў нагу з часам, умее слухаць урачоў і не шкадуе грошай на прафілактычныя меры. Напрыклад, нядаўна набылі сучаснае малочнае таксі. Малако пастэрызуецца, падаграваецца і на рэжыме “чарапашка” падаецца малышам. Вялікія надзеі падаюць цялушкі, прывезеныя з Германіі. Сюды яны патрапілі з глыбокай сцельнасцю, нарадзілі цялят. Некаторыя пяршачкі ўжо зараз даюць да 50 кілаграмаў малака, хаця малочны максімум, як вядома, карова дае ў другую-трэцюю лактацыю. З “замежніцамі” было многа клопату: яны аказаліся больш адчувальныя і далікатныя, чым нашы мясцовыя рагулі. Кожная з іх атрымала мянушку і адгукаецца на яе! Цяпер задача — захаваць кароў, каб раскрыць малочны патэнцыял.
Вельмі прыемна, што нас, маладых, падтрымліваюць у гаспадарцы. Памятаю, калі захацела атрымаць вадзіцельскія правы, Надзея Рыгораўна ўхваліла мой намер і перашкод да мары не было. Цяпер збіраю грошы на машыну. Увогуле, аб тым, што працую ў вёсцы, не шкадую. Пасля двух гадоў “адпрацоўкі” мяняць месца працы не збіраюся. Тут добрая зарплата, выдатныя адносіны старэйшых калег, ёсць перспектыва прафесійнага росту — я ўжо выконваю абавязкі галоўнага ветурача. Жаночы інтэрнат зручны, нават сабаку сабе завяла. У вольны час можам з суседкамі-сяброўкамі з’ездзіць у суседнія вёскі на дыскатэку. Праўда, калі выдаецца цяжкі тыдзень, не заўжды і хочацца, бо шмат часу аднімае вучоба — завочна атрымліваю адукацыю ў Віцебскай ветэрынарнай акадэміі. Вучыцца падабаецца, працаваць — таксама. Лічу, што ў “Вазнясенскім” выдатны старт для кар’ернага росту.
Святлана КІСЛАЯ