На Жабінкаўшчыне ў ГДК адбыўся святочны канцэрт, прысвечаны Дню жанчын

Вось і прайшлі маразы і завеі, пахмурнае неба і кароткія зімовыя дні. Наступіла вясна — час абуджэння, новых уражанняў і абнаўлення кахання. Свята 8 Сакавіка па праве належыць жанчынам — менавіта яны асацыіруюцца з вясной, усмешкай, пяшчотай і свежасцю першай лістоты.
Ад жаночых усмешак было светла і хораша ў фае і актавай зале гарадскога Дома культуры, дзе ладзіўся святочны канцэрт, прысвечаны Дню жанчын. Да яго пачатку можна было палюбавацца выставай творчых работ выхаванцаў РЦТДіМ, зрабіць паштоўку ці сувенір падчас майстар-класаў, напісаць цёплыя словы мамам, бабулям, дачушкам і пакінуць на Дрэве пажаданняў, якое “вырасцілі” кіраўніцы раённых арганізацый БСЖ і БРСМ Ганна Кулагіна і Кацярына Андрасюк, сфатаграфавацца ў фотазоне, набыць сувенір ці саладосці.
Затым святочны настрой прадстаўніцам чароўнай паловы раёна стваралі народны аркестр настаўнікаў Жабінкаўскай дзіцячай школы мастацтваў пад кіраўніцтвам Святланы Зотавай, вакальны ансамбль “Каларыт”, эстрадная студыя “Золак”, узорны калектыў народнага танца “Каруначкі”, калектывы эстраднага танца “Непаседы” і сучаснага — “Стардас”, а таксама вакалісты Мілана Цімафеевіч, Таццяна Грыцук, Вячаслаў Кулік, Валерый Няменьшы, Вольга Чэрнік і Марына Манішка. Да жанчын раёна з цёплымі словамі віншаванняў з нагоды свята звярнуўся старшыня Жабінкаўскага раённага Савета дэпутатаў, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу нашай краіны Анатоль Шалтанюк.
Мілагучныя песні, заліхвацкія танцы ад артыстаў у адрас самых прыгожых і чароўных жанчын раёна дапоўніла віншавальная паштоўка, якую вядучым дапамаглі скласці прысутныя ў зале мужчыны. Аказваецца, прадстаўнікі моцнага полу ведаюць процьму прыметнікаў, прыемных для жаночых вушэй! Калектыўная віншавальная паштоўка атрымалася цёплай і душэўнай. З добрым настроем, усмешкамі і кветкамі пакідалі актавую залу жанчыны — матулі, працаўніцы і проста прыгажуні.
Святлана КІСЛАЯ
Фотакалаж аўтара