У рамках дзяржаўнай праграмы “рынак працы і садзейнічання занятасці” у гарадскім Доме культуры ў мінулы чацвер адбылася ярмарка вакансій. Прадстаўнікі ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама падрыхтавалі для жадаючых працаўладкавацца нямала варыянтаў. Прыйшлі людзі рознага ўзросту, разнастайных прафесій і спецыяльнасцей. Былі пенсіянеры, якія хацелі б знайсці прыработак; людзі з вышэйшай адукацыяй, што страцілі працу гадоў дзесяць таму, а цяпер жадаюць уладкавацца на любую, хоць вартаўніком; іншыя працуюць, але мараць пра цікавейшую ці больш высокааплатную работу і тыя, хто наогул не мае сродкаў на пражыванне — у агульнай колькасці кірмаш наведалі 30 жабінкаўцаў.
Якія вакансіі прапаноўвалі нашы 19 працадаўцаў? Самыя розныя — ад рабочых прафесій да пасад спецыялістаў і служачых. Так, патрэбны трактарысты-машыністы, вадзіцелі аўтамабіляў, ветурачы і фельдшары, электраманцёры, прадаўцы, інжынеры, электрагазасваршчыкі, заатэхнікі, будаўнікі, работнікі культуры — ажно 223 вакансіі!
Прадстаўнікі кадравых служб арганізацый адразу давалі адказы на пытанні патэнцыяльных работнікаў, у дыялогах удзельнічалі таксама і некаторыя кіраўнікі. Напрыклад, Дар’я Парфенюк, што прыехала на кірмаш разам з мужам, адзначыла:
— Я скончыла Мінскі аграрна-тэхнічны універсітэт, дзе атрымала спецыяльнасць менеджара-эканаміста. Тут, на кірмашы, хацела б знайсці работу па сваёй адукацыі. Мне прапанавалі работу ажно ў трох арганізацыях! Вырашыла спыніцца на ААТ “Жабінкаўская сельгастэхніка” пасля размовы з кіраўніком Уладзімірам Дземідзюком. Дарэчы, ён прапанаваў мне не толькі работу ў арганізацыі, але і жыллё ў Курпічах. Нам, маладой сям’і, гэта вялікі бонус, тым болей, і мужу прапанавалі працоўнае месца. Таксама прыемна ўражана ветлівым і ўважлівым адносінаў кадравікоў да наведвальнікаў.
Другі наведвальнік кірмашу Юрый Кізь прыехаў са Сцяпанак. Расказаў, што раней працаваў паляводам, ездзіў у пошуках “доўгага рубля” у Баранавічы і нават Мінск. Хочацца яму нарэшце мець пастаянны заробак побач з домам. Мужчыне прапанавалі ўзгадаць час маладосці і уладкавацца культработнікам, па спецыяльнасці. Балазе, ў роднай вёсцы такая магчымасць яму выпадае.
Думаю, вельмі карысным для непрацуючых жабінкаўцаў былі кансультацыі прадстаўнікоў упраўлення па рабоце з плацельшчыкамі па Жабінкаўскім раёне і міністэрства па падатках і зборах па Брэсцкім раёне, якія тлумачылі жадаючым адкрываць сваё ІП або прадпрымальніцтва. Таксама карысталіся попытам кансультацыі прадстаўнікоў Беларусбанка і Белаграпрамбанка аб умовах атрымання крэдытаў і займаў на вядзенне бізнесу.
Кіраўнік раёна Вадзім Краўчук акцэнтаваў увагу на перавагах працаўладкавання ў нашым раёне:
— Кадравыя службы арганізацый і прадпрыемстваў Жабінкаўшчыны гатовы прапанаваць работнікам шэраг цікавых спецыяльнасцей. “Бонусам” да працоўнага месца ў некаторых сельгаставарыствах прадастаўляецца жыллё. Арганізацыя кірмашу вакансій, на мой погляд, выдатная, абласнога ўзроўню. Яе асаблівасць — выпрацоўка новых падыходаў ў рабоце з наведвальнікамі. Адна з навацый — прымяненнне фармата «business-to-buisness» (рус. бизнес-бизнесу; лицом к лицу) з мэтай паляпшэння ўзаемаадносін паміж патэнцыяльнымі наймальнікамі і работнікамі. Думаецца, што падобныя кірмашы вакансій будуць праводзіцца кожны квартал.
Святлана БЯЛЯК
Фота аўтара
Главные новости
