На варце інтарэсаў дзяржавы і людзей

Пачатак года — час, калі прынята падводзіць мінулагоднія вынікі. Разам з пракурорам раёна Уладзімірам Кірылюком разважаем, якім быў стан законнасці і правапарадку на Жабінкаўшчыне летась, на што патрэбна звярнуць асаблівую ўвагу, каб выконваліся інтарэсы дзяржавы і асобных яе грамадзян.

Колькасць злачынстваў узрасла

Зазначым: летась у параўнанні з 2019 годам назіралася павелічэнне амаль на 20 працэнтаў (са 156 да 187 выпадкаў) зарэгістраваных злачынстваў, аднак узровень іх у раёне на 10 тысяч насельніцтва быў ніжэйшым за абласны. Раскрывальнасць злачынстваў склала 61,5 працэнта, што таксама лепш за сярэднестатыстычны паказчык па Брэстчыне.
Рост у асноўным адбыўся з-за паве-лічэння кіберзлачынстваў (з 16 выпадкаў да 56, што склала ажно 250 працэнтаў, калі параўноўваць з 2019 годам). Пра такі від парушэнняў закона, які літаральна “ўварваўся” ў наша жыццё ў апошнія часы, неаднойчы пісалася ў “Сельскай праўдзе”. Са старонак газеты праваахоўнікі папярэджвалі пра небяспеку для маёмасці і сродкаў грамадзян з боку зламыснікаў, якія бяруць на ўзбраенне найноўшыя камп’ютарныя тэхналогіі.
Летась на Жабінкаўшчыне, сярод іншых, больш здзейснена злачынстваў у грамадскіх месцах. Выклікае занепакоенасць, што павялічыліся парушэнні закона непаўнагадовымі, у тым ліку групай асоб.
Разам з тым, паменшыліся ў параўнанні з 2019-м (з 76 да 62) крадзяжы ўсіх формаў уласнасці. Пры гэтым у 29 выпадках зламыснікі паквапіліся на чужое ў горадзе і 33 разы — у сельскай мясцовасці. Людзьмі ў пагонах завершана расследаванне 33 крадзяжоў, з іх 22 здзейснілі асобы, якія не працуюць і не вучацца, 14 — тыя, хто мае судзімасці, і дзевяць — нецвярозыя грамадзяне.
Нельга не адзначыць як станоўчы факт, што стала менш парушэнняў заканадаўства, зарэгістраваных па лініі крымінальнага вышуку. Пазалетась іх было 95, летась — ужо 78. Прычым, у 2020-м не адбылося ніводнага асабліва цяжкага злачынства, у шасці выпадках яны аднесены да катэгорыі цяжкіх. Паменела ў раёне і парушэнняў закона, здзейсненых раней судзімымі асобамі ды асобамі ў нецвярозым стане.
Акрамя таго летась на Жабінкаўшчыне адбылося 11 дарожна-транспартных здарэнняў. На жаль, не абышлося без ахвяраў — загінулі тры чалавекі (у 2019-м надарылася толькі адна смерць у ДТЗ), яшчэ 13 чалавек пры гэтым атрымалі траўмы. Цешыць, што летась знізілася (з пяці да двух выпадкаў) колькасць аварый, у якіх былі траўміраваны дзеці.
Стала істотна менш зарэгістраваных злачынстваў у Жабінкаўскім, Ракітніцкім і Азяцкім сельсаветах. Адначасова назіралася іх павелічэнне ў райцэнтры (з 64 да 116 выпадкаў), Хмелеўскім, Ленінскім і Крыўлянскіх сельсаветах, што патрабуе ўзмацніць прафілактычную работу на гэтых тэрыторыях.

Прафілактыка — гэта істотна

Праведзены аналіз сведчыць, што патрабуецца павялічыць эфектыўнасць работы суб’ектаў прафілактыкі, каб папярэджваць злачынствы і правапарушэнні з боку асоб, якія не працуюць, вядуць антыграмадскі лад жыцця, схільныя пераступіць рамкі закона. Нараўне з інфармаваннем насельніцтва для прафілактыкі крадзяжоў ды іншых злачынстваў эфектыўным сродкам становяцца камеры назірання.
Летась праводзіліся праверкі выканання закона краіны “Аб асновах дзейнасці па прафілактыцы правапарушэнняў”. Па-ранейшаму ёсць недахопы ў дзейнасці грамадскіх пунктаў аховы правапарадку Азяцкага і Сцяпанкаўскага сельвыканкамаў, № 1 і № 2 горада Жабінкі. Менавіта саветы ГПАП адпаведна артыкула 23-1 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб удзеле грамадзян у ахове правапарадку” павінны аб’ядноўваць намаганні суб’ектаў прафілактыкі, аднак работа пазначаных саветаў фактычна не праводзіцца з 2019 года.
Летась былі выяўлены парушэнні ў дзейнасці аддзела ўнутраных спраў райвыканкама, Жабінкаўскай ЦРБ па пытаннях прафілактыкі правапарушэнняў. Так, супрацоўнікамі міліцыі неналежна праводзіліся адпаведныя мерапрыемствы ў дачыненні да грамадзяніна Д., які 10 лістапада 2020 года нанёс цяжкія цялесныя пашкоджанні іншай асобе.
Патрабуецца таксама прыняць дадатковыя меры ў сферы высокіх тэхналогій. Летась супрацоўнікі правапарадку зарэгістравалі 47 заяў і паведамленняў аб злачынствах, прадугледжаных артыкулам 212 Крымінальнага кодэкса краіны (нагадаем, у 2019 годзе іх было ўсяго 14). Парушэнні закона адбываліся шляхам выкарыстання камп’ютарнай тэхнікі, праз “сусветную павуціну”, з несанкцыянаваным доступам да чужой банкаўскай інфармацыі. Па ўзбуджаных крымінальных справах па гэтых злачынствах матэрыяльная шкода склала больш за 47 з паловай тысяч рублёў (у 2019-м яна вымяралася ўсяго чатырма тысячамі). А вось сума шкоды, якую вярнулі на падставе артыкула 212 КК, — усяго каля 782 рублёў.

Што выявілі праверкі?

Па выніках нагляднай дзейнасці прымаюцца меры пракурорскага рэагавання. Гэта дазваляе абараняць інтарэсы дзяржавы, суб’ектаў гаспадарання розных формаў уласнасці, а таксама працоўныя, маёмасныя ды іншыя канстытуцыйныя правы грамадзян.
Па-ранейшаму нямала ўвагі пракуратура надае выкананню заканадаўства аб працы і яго ахове. З гэтай прычыны ва ўсіх сельскагаспадарчых арганізацыях раёна, сельгастэхніцы, на торфабрыкетным заводзе “Гатча-Осаўскі” праводзіліся адпаведныя праверкі. Што яны засведчылі?
Практычна на ўсіх пералічаных прадпрыемствах і арганізацыях не ў поўнай меры выконваюцца патрабаванні заканадаўства аб ахове працы, і гэта, на жаль, становіцца прычынай няшчасных выпадкаў на вытворчасці. На шчасце, летась не было смяротных зыходаў у працоўных калектывах, аднак зарэгістравана пяць здарэнняў, якія прывялі да цяжкіх траўмаў. Гэта адбывалася ў адкрытых акцыянерных таварыствах “Ракітніца”, “Зодчыдрэў”, “Жэкавіт”, “Жабінкаўская сельгастэхніка”, “БелЕўраПрагрэс”. Вінаватыя службовыя асобы былі прыцягнуты да адміністрацыйнай і дысцыплінарнай адказнасці.
Летась пракуратура раёна выяўвіла таксама парушэнні патрабаванняў законаў краіны “Аб ветэрынарнай дзейнасці” (у ААТ “Ракітніца”, “Арэпічы”, “Мацеевічы”, “Хмелева”, “Жабінкаўскі”) і “Аб ідэнты-фікацыі, рэгістрацыі, назіранні за сельска-гаспадарчымі жывёламі (статкамі), ідэнты-фікацыі і назіранні за прадуктамі жывёльнага паходжання” (у ААТ “Мацеевічы” і “Арэпічы”).
Сур’ёзныя хібы ў рабоце па выкананні прыродаахоўнага і зямельнага закана-даўства адзначаліся падчас праверак у садаводчых таварыствах раёна, гаражных кааператывах, а таксама з боку аддзелаў райвыканкама, якія ажыццяўляюць дзяржаўны кантроль за мэтавым выкарыстаннем зямельных участкаў.
Уладзімір КІРЫЛЮК, пракурор Жабінкаўскага раёна