Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК.
Старшы дарожны майстар Анатоль Крэчка рупіцца ў філіяле “Жабінкаўскае ДРБУ № 103” КУП “Брэстаблдарбуд” пятнаццаты год. Сёння арганізацыю ўзначальвае малады і перспектыўны Яўген Хамюк, аднак прымаў Анатоля на працу яшчэ Уладзімір Свірыдаў. Давялося папрацаваць дарожнаму майстру і пад кіраўніцтвам Алега Марчанкі.
Дарэчы, як прыгадаў у размове Анатоль Аляксандравіч, быў час, калі яны разам з Алегам Мікалаевічам працавалі ў перасоўнай механізаванай калоне № 10, а затым сустрэліся зноў ужо ў калектыве жабінкаўскіх дарожнікаў.
За паўтара дзясятка гадоў шмат дарог было пабудавана, загрэйдзіравана, заасфальтавана. Не сорамна старшаму майстру за тыя, якія злучаюць Жабінку і Матыкалы, Рагозна, Целякі і Азяты, многія іншыя.
— Сёння заняты будаўніцтвам брэсцкіх вуліц у прыватным сектары Плоска — Машчонка, — дзеліцца Анатоль Крэчка. — Пракладваем гравійныя дарогі і тратуары з дробнаштучнай пліткі. Заказчыкам з’яўляецца ўпраўленне капітальнага будаўніцтва горада Брэста. Работы разлічаны на два гады.
Жабінкаўская брыгада з дзесяці чалавек працуе не толькі ў буднія дні, але і па суботах, калі ў гэтым ёсць неабходнасць. Анатоль Аляксандравіч заўважыў, што галоўнае ў сапраўднай брыгадзе — прафесіяналізм кожнага і зладжанасць у рабоце. Выдатна спраўляюцца са сваімі абавязкамі машыніст пагрузчыка Аляксандр Мельнічэнка, які рупіцца тры дзясяткі гадоў, дарожныя рабочыя Уладзімір Нікіцюк, Валерый Апановіч і Сяргей Сідарук.
Адна з брыгад ДРБУ № 103 рупіцца на аб’екце “Гарадскія могілкі “Паўночныя” ў Брэсце ў раёне хутара Матыкалы. Іншая, якой кіруе Юрый Сахарчук, шчыруе ў нашым раёне, займаецца бягучым рамонтам дарогі Н-144 Алізараў Стаў — Мацеевічы — Батчы. Жабінкаўскія дарожнікі “апранаюць” у асфальт участак паміж Алізаравым Ставам і Малымі Сяхновічамі.
Анатоль Крэчка заўважае, што на прадукцыйнасць працы дарожнікаў, безумоўна, уплываюць умовы надвор’я. Як ветрана і дождж, работа запавольваецца, часам спыняецца. А ў сонечныя дзянькі праца спорыцца, настрой узнімаецца. У зімовую сцюжу — бяссоныя ночы дзяжурстваў, у летнюю спёку даводзіцца працаваць каля гарачай асфальтабетоннай сумесі, якая дасягае тэмпературы 140 градусаў. Так, работа не з лёгкіх, але старшы дарожны майстар паспяхова з ёй спраўляецца.
Напярэдадні прафесійнага свята работнікі жабінкаўскага філіяла радуюцца, што іх праца дае добрыя вынікі, што ёсць заказы на будаўніцтва дарог, што субота будзе выхадным, а не працоўным днём. Традыцыйна лепшым на ўрачыстасці будуць уручаны заслужаныя ўзнагароды. Многія работнікі Жабінкаўскага ДРБУ-103 атрымаюць граматы абласнога і раённага ўзроўню, іх фотаздымкі ўпрыгожаць Дошкі гонару філіяла і асноўнай арганізацыі. Анатоль Аляксандравіч таксама папоўніць уласную скарбонку ўзнагарод граматай КУП “Брэстаблдарбуд” за шматгадовую добрасумленную працу. Яго поспех і свята несумненна раздзеляць жонка Таццяна Дзмітрыеўна і двое сыноў Арцём ды Сяргей. Днямі Анатоль і Таццяна Крэчкі адзначылі 25-годдзе са дня знаёмства, а праз два гады, дай бог, адгуляюць сярэбранае вяселле.
— Я не толькі дарогі будаваць умею, але і ўласны дом узвялі ўсёй сям’ёй, — жартуе Анатоль Крэчка. — І жонка ўбаку не стаяла — дапамагала.
…Наперадзе — халады і зімовая сцюжа. Але старшаму дарожнаму майстру яны не страшныя, таму што на працы ў яго надзейная каманда, а дома — любімая сям’я, утульнасць і цеплыня.
