На парадку дня — нарыхтоўка кармоў

У мінулую пятніцу выязное пасяджэнне раённага выканаўчага камітэта адбылося на базе ААТ “Рагазнянскі”. Падчас яго гаворка ішла аб перспектывах развіцця сельскай гаспадаркі, эканамічнай сітуацыі ў раёне ў цэлым і аб ходзе нарыхтоўкі кармоў у сельгасарганізацыях Жабінкаўшчыны ў прыватнасці.
Адкрываючы нараду, кіраўнік раёна Віталь Кулак адзначыў: выязныя формы работы дазваляюць абмяняцца вопытам. Падобныя мерапрыемствы павышаюць эфектыўнасць прыняцця рашэнняў, што тычацца эканамічнага і грамадска-палітычнага развіцця Жабінкаўшчыны.
Дырэктар адкрытага акцыянернага таварыства “Рагазнянскі” Віктар Дробышаў расказаў удзельнікам семінара пра ход нарыхтоўкі кармоў у гаспадарцы і плануемыя іх аб’ёмы.
Яго намеснік па вытворчасці Алена Якімчук запэўніла: тэхніка была грунтоўна падрыхтавана да нарыхтовачнага сезона, яна працуе без збояў, што вельмі важна, улічваючы яго кароткія тэрміны.
— Нам неабходна нарыхтаваць 15 тысяч тон сенажу (летась гэтая лічба складала 10 тысяч тон), — заўважыла Алена Аляксееўна. — З іх дзве тысячы складзе зернесянаж. Плануем нарыхтаваць каля шасцісот тон сена і 20 тысяч кукурузнага сіласу. Умовы для росту зялёнай масы спрыяльныя, вільгаці хапае. Калі захоўваць усе тэхналагічныя ўмовы пры нарыхтоўцы кармоў, то ў іх будзе і бялок, і пратэін. Гэта павінен быць травастой не пяцігадовай даўнасці, а малады. Патрэбна таксама, каб прысутнічаў бабовы кампанент, многае залежыць і ад фазы скошвання.
Падчас семінара прысутныя змаглі ўбачыць непасрэдна ў рабоце тэхніку, якая задзейнічана ў “Рагазнянскім” на нарыхтоўцы кармоў. Летась гаспадарка набыла касілку, якая кладзе пракос у адзін валок, шматфункцыянальны прычэп, трактарныя граблі-варушыльнікі/успушвальнікі.
Затым удзельнікі выязнога пасяджэння перамясціліся на тэрыторыю малочнатаварнай фермы “Бусні 1000”, дзе пазнаёміліся з тэхналогіяй закладкі зялёнай масы ў траншэю і правядзеннем ветэрынарна-лабараторнага кантролю нарыхтоўкі кармоў.
Напрыканцы адбылося пленарнае пасяджэнне ў Ленінскім сельскім Доме культуры. 
Наталля ВАЛОШКА
Фота аўтара