Добры дзень, паважаная рэдакцыя!
Пішу да вас з болем у сэрцы. Узяцца за ручку і паперу мяне прымусіла сітуацыя – абсурдная, крыўдная і незразумелая. Справа ў тым, што на могілках у мікрараёне цукровага завода рэгулярна разгульваюць… козы і авечкі. Я сама аднойчы выганяла гэтых “няпрошаных наведвальнікаў”, якія нахабна жавалі ружу на месцы апошняга прытулку майго сына, скакалі па іншых надмагіллях, білі капытамі посуд з кветкамі і лампадкі. Звярталася да гаспадыні коз – Мандры, прасіла сачыць за сваёй жывёлай, пасвіць ля возера. Аднак жанчына, якая даўно не мае ні сораму, ні сумлення, толькі рассмяялася ў твар: “А што ты мне зробіш? Няхай ходзяць, дзе хочуць! А калі табе рабіць няма чаго – можаш сама пасвіць або змайстраваць варотцы, каб мае козы па пагосце не разгульвалі”.
Ад яе нахабных слоў ажно ў грудзях запякло… Ну не месца жывёлам на могілках! Прыкра і балюча, што мы, жывыя, не можам падтрымліваць у належным стане апошні прытулак зямнога жыцця з-за такіх вось нядбайных гаспадынь. Не баіцца асуджэння – ні чалавечага, ні божага… Мо, хоць работнікі міліцыі разбяруцца з гэтай сітуацыяй і прымусяць жанчыну панесці адказ за апаганеныя яе козамі магілы?
Ала Б., жыхарка мікрараёна цукровага завода.
Главные новости
