На Купалле на святое

Што гэта такое, калі ўсе жыхары вёскі збіраюцца разам у адным месцы? Правільна! Гэта – вялікае свята!
Нашы продкі з даўніх часоў святкавалі Купалле. Адзначалі яго гуртам, неабходна было, каб кожны чалавек удзельнічаў у гуляннях. Як і кожнае свята, Купалле мела свае абрады і традыцыі. І вось наша вёска Старое Сяло вырашыла ўспомніць гэтыя традыцыі.
Старасельцы любяць святы, і таму каля клуба, дзе ладзілася гулянне, сабралася многа людзей. Былі тут не толькі вяскоўцы, але й гарадскія прыехалі на малую радзіму, каб прыняць удзел у святкаванні Купалля.
Адкрыў канцэрт святочны карагод пад усім знаёмую “Купалінку”. Артысты запрашалі ў карагод гасцей, якія і не адмаўляліся ад таго, каб павесяліцца і праспяваць любімую купальскую песню. Затым вядучыя з радасцю прывіталі гасцей. Колькі вершаў пра чароўную ноч, пра Купалле, пра вяночкі ды пра каханне лілося з іхніх вуснаў! Расказалі вядучыя прысутным таксама і пра купальскія павер’і і прыкметы…
Плылі па вёсцы і па наваколлі звонкія галасы нашых спявачак. Гучалі песні на рускай, беларускай і ўкраінскай мовах. Пасля кожнай гледачы шчыра апладзіравалі.
Зацікавілі гасцей свята і гумарыстычныя пастаноўкі. Як смяяліся яны з нашых Любы і Яўгена, а таксама з дзеда Яўсея ды яго жонкі – сварлівай бабы! Артысты і танцавалі, і спявалі, ды так яны развесялілі публіку, што гледачы самі пусціліся ў скокі.
А самыя маленькія госці маглі пакатацца на электрамабілях, купіць цікавыя цацкі і паесці салодкай ваты.
Свята прайшло на славу! Яшчэ доўга мы будзем успамінаць, як весяліліся ў гэты дзень!
Вольга ДРУШЧЫЦ.