Антон БЕРАСТОК. Фота аўтара.
22 сакавіка дакрануцца да гісторыі ў прамым і пераносным сэнсе атрымалася ў маладых спецыялістаў-аграрыяў падчас квэсту, што праводзіўся ў вёсцы Чыжэўшчына. На гэтым месцы амаль 225 гадоў таму адбылася знакамітая Крупчыцкая бітва.
ЗА ДВА СТАГОДДЗІ шмат што змянілася: зніклі балоты, праз якія ішлі на штурм паўстанцкіх пазіцый сувораўскія “цуда-багатыры”, зніклі каталіцкія могілкі і кармеліцкі кляштар (манастыр), нават назва вёскі Крупчыцы знікла з геаграфічных карт, але засталася на картах гістарычных і ў памяці людской.
Каб гэта памяць мацнела, і быў задуманы квэст “На Крупчыцкім Вялікім полі”. Арганізатарамі яго сталі краязнавец Анатоль Бензярук, кіраўнік раённай суполкі “БРСМ” Валерыя Маркоўская, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Наталля Карпук.
Час правядзення квэсту таксама быў выбраны невыпадкова: роўна 225 гадоў таму, 24 сакавіка 1794-га,
наш зямляк Тадэвуш Касцюшка, каб абараніць сваю дзяржаву ад армій Расіі, Прусіі і Аўстрыі, абвясціў у Кракаве акт паўстання народаў Рэчы Паспалітай. Цяпер на месцы самай вялікай бітвы тых часоў — у Крупчыцах (сённяшняй Чыжэўшчыне) — знаходзяцца ажно тры помнікі, прысвечаныя гэтай важнай падзеі. Выконваючы заданні, удзельнікам давялося пабываць і на мемарыяльнай Крупчыцкай капліцы, і ля Свята-Уладзімірскай царквы, пабудаванай да сотых угодкаў бою войскаў генералаў Серакоўскага і Суворава, і паблізу сціплага абеліска, узведзенага ў сярэдзіне мінулага стагоддзя на ўскрайку вёскі. Гістарычнае спаборніцтва, у якім для перамогі давялося спалучыць актыўную працу не толькі ног, але й галавы, настолькі захапіла моладзь, што пасля фінішу прагучала пытанне: “І гэта ўсё? Шкада, заданняў было толькі сем!” Мабыць, не шкадавалі толькі тыя, хто літаральна на апошнім этапе вырваў перамогу. Яны аказаліся больш спрытнымі і ўдачлівымі, за тое і паспыталі галоўны прыз — вялікі торт, уручаны ад імя прафсаюзнай арганізацыі.
На здымку: пераможцы святкуюць свой поспех.
