На карысць працаўнікоў, занятых на жніве

Анатоль РОСТАЎ.

З сярэдзіны чэрвеня тэхінспекцыя Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі займаецца праверкай падрыхтаванасці сельскагаспадарчых прадпрыемстваў да жніва. Пад час маніторынгаў, як паведаміла старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Ніна Калыбская, тэхнічныя інспектары працы ФПБ сумесна з прадстаўнікамі абласных і раённых аб’яднанняў наведалі ўсе сельгасарганізацыі краіны.
Асноўныя моманты, на якія звярталася ўвага, –– гэта забеспячэнне работнікаў сродкамі індывідуальнай абароны і спецвопраткай, а таксама пытанні дастаўкі гарачага харчавання і пітной вады. Пад асаблівым наглядам тыя рэгіёны, дзе летась былі выяўлены прыклады неякаснай арганізацыі харчавання для працаўнікоў, задзейсненых на жніве.
– Уборачная кампанія ў нашай краіне, як правіла, стартуе ў ліпені, але ж актыўная падрыхтоўка да яе ў арганізацыях АПК ідзе ўже зараз, – адзначыў галоўны тэхнічны інспектар працы ФПБ Аляксандр Зайцаў. – Пагэтаму мы наўмысна пачынаем праводзіць маніторынгі за месяц до пачатку жніва, каб у прадпрыемствах быў час выправіць усе недалікі і парушэнні, а работнікі ў бяспечных і камфортных умовах маглі б выконваць свае абавязкі. Каб з першага дня ў хлебаробаў не ўзнікала праблем з харчаваннем, вадой, спецвопраткай ды іншым.
Прадстаўнікі прафсаюзаў правяралі і стан санітарна-бытавых памяшканняў і душавых, прыстасаваных месцаў для прыёму ежы, заўважалі, як выконваюцца правілы аховы працы пры правядзенні рамонтных работ, адпаведнасць тэхнікі патрабаванням бяспекі.
Па выніках праверак, як і ў мінулыя гады, наймальнікам выдаюцца рэкамендацыі з тэрмінамі ліквідацыі выяўленых парушэнняў. Пра іх прыманне сельгасарганізацыі абавязаны інфармаваць тэхнічную інспекцыю працы Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.