На галоўным накірунку

На галоўным накірунку

Вогненны нядзельны ранак 22 чэрвеня 1941 года пакінуў глыбокі след у гісторыі кожнай беларускай сям’і. Сёлета спаўняюцца 85-я ўгодкі ад пачатку Вялікай Айчыннай вайны – грознага ліхалецця, падчас якога наш жабінкаўскі край ужо ў першыя хвіліны апынуўся на галоўным накірунку варожага ўдару.

22 чэрвеня – асаблівая дата ў Беларусі. Штогод у гэты дзень згадваем трагічны пачатак Вялікай Айчыннай, каб выказаць мемарыяльных месцах свой смутак па шматлікіх яе ахвярах. На падставе архіўных крыніц магчыма падрабязна аднавіць хроніку падзей першых дзён ліхалецця, што апаліла жабінкаўскую зямлю.

А чацвёртай гадзіне, у ранішніх прыцемках, на памежныя заставы і камендатуры Брэсцкай крэпасці, ваенныя ўмацаванні і аб’екты горада над Бугам абрынуўся шалёны шквал агню. Найбольш моцны артабстрэл быў скіраваны на вайсковыя гарадкі ў Брэсце і цытадэлі. Апошняя літаральна была засыпана снарадамі і мінамі. У гэты самы час у штаб 4-й арміі прыйшла тэлеграма з Масквы: “Магчыма раптоўнае нападзенне немцаў. Задача нашых войскаў – не паддавацца на правакацыі, якія могуць выклікаць моцныя ўскладненні. Адначасова войскам загадваецца быць у поўнай баявой гатоўнасці, каб сустрэць раптоўны ўдар”. У гэты самы час па лініі чыгуначнай сувязі на станцыі Жабінка атрымалі трывожную вестку. Праз імгненне ў мястэчку сіратліва прагучаў паравозны гудок, які абвяшчаў пра пачатак вайны.

У Паўднёвым гарадку Брэсцкай крэпасці, набітым тэхнікай, месцілася 22-я танкавая дывізія. Па трывозе яна павінна была пачаць рух ў накірунку Жабінкі. Аднак нечаканыя варожыя абстрэлы з неба і зямлі зрабілі сваю справу: дывізія згубіла мноства байцоў, большасць танкаў і гармат, аўтамашын і цыстэрнаў з палівам. Разам з сігналам трывогі пачаўся адыход на Жабінку. Да васьмі гадзін раніцы частка 22-й танкавай дывізіі ўсё ж змагла пераправіцца праз Мухавец і выйшла на шашу. Іншыя танкісты, што засталіся без тэхнікі, рушылі пешым маршам, разам з імі былі сем’і чырвоных камандзіраў.

Як толькі танкавая дывізія пакінула Брэст, ён застаўся зусім безабаронным. Пагэтаму неўзабаве нямецкая пяхота амаль без перашкод заняла горад над Бугам. Толькі каля чатырох тысяч байцоў і камандзіраў 6-й і 42-й стралковых дывізій, замкнёныя ў пастцы Брэсцкай крэпасці, разам з памежнікамі 9-й заставы і канваірамі 132-га батальёна народнага камісарыята ўнутраных спраў, склалі славуты “Бессмяротны гарнізон”.

Камандаванне савецкай 4-й арміі пад кіраўніцтвам генерал-маёра Аляксандра Карабкова у першыя гадзіны вайны не прымала ніякіх самастойных рашэнняў. Яны спрабавалі змагацца па даваенных планах, якія ўжо не дзейнічалі.

Мінула ўсяго пяць гадзін з часу першых выбухаў Вялікай Айчыннай вайны, а ў паласе арміі склалася надзвычай цяжкая абстаноўка. Аднак толькі каля поўдня прыйшло некалькі данясенняў, што сведчылі пра баявыя дзеянні войскаў. Пасля гэтага Аляксандр Карабкоў выдаў свае першыя загады: 28-му стралковаму корпусу не дапусціць далейшага наступу праціўніка на Жабінку, а 14-му мехкорпусу сканцэнтравацца ў раёне Відамля – Жабінка, каб затым атакаваць ворага ў брэсцкім накірунку і выправіць становішча. Такім чынам, войскам, якія яшчэ не паспелі выйсці пад нашае мястэчка і неслі вялікія страты, ставіліся задачы, немагчымыя для выканання. Заканчваліся боепрыпасы і паліва, адсутнічалі сродкі сувязі, ішло хаатычнае адступленне.

Разам з тым вайна з першых хвілін разгарэлася не толькі на зямлі, але і ў гарачым летнім небе. У першы дзень вайны свае подзвігі здзейснілі лётчыкі-асы 123-га знішчальна палка 10-й змешанай авіядывізіі Іван Фядзяй і Аляксандр Жмаеў. Яны адважна біліся ў небе над Жабінкаўшчынай і загінулі ў нярожных паветраных баях. У памяць пра герояў вось ужо амаль шэсць дзясяткаў гадоў іх імёны носяць вуліцы ў нашым райцэнтры.

Апоўдні 22 чэрвеня падраздзяленні Чырвонай Арміі, якія выйшлі з крэпасці, ледзь стрымліваючы націск праціўніка, усё шчыльней прыціскаліся да Жабінкі. Позна вечарам у штабе 4-й арміі атрымалі новую Дырэктыву наркамата абароны: “Войскам усімі сіламі і сродкамі абрынуцца на варожыя сілы і знішчыць іх у раёнах, дзе яны парушылі савецкія межы”. Генерал-маёру Карабкову прадпісвалася раніцай 23 чэрвеня перайсці ў контрнаступленне і разграміць праціўніка. Удар патрабавалася нанесці па лініі Крыўляны – Пелішча – Хмелева з задачай да канца дня знішчыць праціўніка на ўсход ад ракі Заходні Буг і выйсці ўласнымі сіламі пад Брэст.

Камандзір 14-га мехкорпуса генера-маёр Сцяпан Аборын атрымаў загад на світанку перайсці ў контратаку, каб акружыць ворага ў раёне Падлесся і Хмелева. Важная роля адводзілася 22-і і 30-й танкавым дывізіям.

Контрнаступленне пад Жабінкай пачалося а шостай гадзіне раніцы 23 чэрвеня. Аднак хутка, падтрыманыя артылерыйскім агнём і авіяцыяй, немцы, у сваю чаргу, перайшлі ў наступленне. Савецкія войскі панеслі вялікія страты і пачалі адыход на Кобрын. 22-я танкавая дывізія, у якой перад пачаткам атакі пад Жабінкай мелася каля 100 танкаў, праз дзесяць гадзін мела іх ужо не больш за сорак. У 30-й танкавай дывізіі раніцай было прыкладна 130 танкаў. У час бою ад было страчана 60 машын. Савецкія войскі з поўначы абышла 17-я нямецкая танкавая дывізія, якая прымусіла чырвонаармейцаў адступаць. Пачалося масавае адступленне. Да вечара 23 чэрвеня тэрыторыя Жабінкаўшчыны была цалкам занята немцамі. Наступіў самы трагічны час у гісторыі раёна – перыяд нацысцкай акупацыі.

Аднак нашы землякі на працягу ўсёй вайны не скарыліся так званаму “новаму парадку”, усталяванаму ворагам. Літаральна з першых дзён жабінкаўцы актыўна змагаліся ў падполлі і партызанскіх атрадах супраць акупантаў.

Анатоль БЕНЗЯРУК

Фота 30-х і 40-х гадоў ХХ стагоддзя з адкрытых інтэрнэт-крыніц