З 18 лістапада на Брэстчыне ўведзены абавязковы масачны рэжым у сувязі з ускладненнем сітуацыі, звязанай з каранавірусам. Меркаванні людзей, як вядома, падзяліліся: адны падтрымліваюць нашэнне масак і лічаць іх ахоўным атрыбутам, іншыя катэгарычна супраць. Што на гэты конт думаюць жабінкаўцы.
Таццяна ТУНЧЫК:
— Я падтрымліваю масачны рэжым не толькі як медработнік, але і як свядомы чалавек, таму што лічу, што маска зніжае рызыку заражэння рэспіраторнымі інфекцыямі ў разы, абараняе нас ад кропель, што выдзяляюцца пры кашлі і чыханні хворага чалавека. Таксама неабходна насіць з сабою антысептыкі і перыядычна апрацоўваць рукі. Эпідэміялагічная сітуацыя ў краіне складаная, таму беражыце сябе і сваіх блізкіх!
Надзея МАРТЫНОВІЧ:
— Я за нашэнне масак абе-дзвюма рукамі! У нас у краме штодзённа вялікі паток народу, хапае пакупнікоў, якія кашляюць. Таму трэба думаць і пра іншых, надзець маску, каб не заражаць астатніх. Раз выйшла такая пастанова, значыць гэта неабходная мера ў цяперашняй сітуацыі па каранавірусе, і не трэба абурацца, што мы не абслугоўваем пакупнікоў без масак. Дарэчы, яны ёсць у нас у продажы ў дастатковай колькасці і недарагія.
Юрый:
— Я маскі не нашу і не буду іх насіць, таму што не веру ні ў які каранавірус. Калі мяне не
захочуць абслугоўваць у магазіне, надзену маску, каб не распальваць канфлікт. Але тут жа зніму, як выйду з крамы. Пра новы вірус думаю не больш, чым пра любую іншую хваробу.
Павел (фатаграфавацца адмовіўся):
— Вы глядзелі праграмы доктара Камароўскага? Ён сцвярджае, што маска, праз якую можна дыхаць, не выратуе ад віруса: чалавек усё роўна заразіцца, калі пакантактуе з хворым на кавід. Спадзявацца трэба на свой імунітэт, больш спажываць садавіны, гародніны, фруктаў, а не набіваць кішэні тым, хто гандлюе маскамі.
Насця МІХАЛІК і Цімафей ПАРАДНЯ:
— Шчыра кажучы, мне маска перашкаджае, яна хутка становіцца мокрая. Аднак нашу яе, каб не захварэць, бо так робяць і мае бацькі. Мама купіла мне і маленькай сястрычцы Арынцы некалькі прыгожых дзіцячых масак. Сястрычку мы стараемся не вадзіць у шматлюдныя месцы — толькі ў парк ці да возера падыхаць свежым паветрам. На вуліцы маску не нашу, а ў школе на ўроках і на гуртках у цэнтры творчасці абавязкова надзяваю. Таксама часта апрацоўваю рукі антысептыкам — бутэлечку нашу ў кішэні, — кажа Насця.
— Уведзены масачны рэжым — правільнае рашэнне. Такія меры прыняты і ў іншых краінах. Я нашу маску без нагадванняў, бо не хачу падвяргаць рызыцы сваіх родных. Бацькі мае таксама носяць маскі ў магазінах і на працы. Так, гэта нязручна — аднак гэта магчымы варыят зніжэння рызыкі заражэння каранавірусам, — лічыць Цімафей.
Апытанне правяла Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК
Главные новости
