Мы зноў цалуем бохан хлеба…

Аграгарадок Хмелева ў мінулую суботу сабраў лепшых рупліўцаў  на ўрачысты раённы фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2021”.

Адкрыў яго пасля шэсця калон па галоўнай вуліцы абноўленага аграгарадка духмяны і прыгожы каравай — уладар свята, які жанчыны ў народных строях вынеслі пад заліхвацкія рытмы танца ў выкананні танцораў “Каруначак”. Па даўняй традыцыі, каравай уручылі кіраўніку раёна Віталю Кулаку пад вершаваныя радкі: “Каб і хлеба, і солі было ў вас даволі, каб спявалася песня аб шчаслівае долі…” Каравай заняў сваё пачэснае месца на стале перад імправізаванай сцэнай. Яшчэ адзін сімвал свята – дажыначны сцяг – падняў дырэктар ААТ “Ракітніца” Рыгор Панасюк, пасля чаго раённае свята было аб’яўлена адкрытым.

З віншавальным словам да гасцей “Дажынак” звярнуўся Віталь Кулак:

— Месцам правядзення святочнага ўганаравання працаўнікоў вёскі стала выдатная хмелеўская зямля, якая славіцца гасціннымі людзьмі, народнымі традыцыямі. Ад поспехаў аграрыяў і працаўнікоў перапрацоўчай прамысловасці ў многім залежыць дынамічнае развіццё раёна, дабрабыт нашых землякоў. Таму сёння мы сабраліся тут, каб ушанаваць лепшых рупліўцаў 2021 года, тых, хто сваёй нялёгкай працай і прафесіяналізмам уносіць немалы ўклад у развіццё сельскай гаспадаркі і прамысловасці.

Гэты год стаў няпростым для аграрыяў. Аднак, дзякуючы працы і цярпенню раённы каравай сёлета павялічыўся на дзве тысячы тон і яго вага склала звыш 50 тысяч тон. Атрымалі неблагую ўраджайнасць зерневых – амаль 41 цэнтнер з гектара, што на 6 цэнтнераў вышэй за сярэднеабласны паказчык. Уражвае і валавы збор: за апошнія сем гадоў нам не ўдавалася дасягнуць такой адзнакі.

Віталь Уладзіміравіч шчыра падзякаваў за працу рупліўцам. На хлебных нівах сёлета шчыравалі 55 экіпажаў камбайнераў, з іх тузін стаў тысячнікамі.

Кіраўнік раёна павіншаваў лідараў жніва. Пераможцай сярод сельгасарганізацый, што забяспечыла самы высокі тэмп росту вытворчасці збожжа, стала ААТ “Ракітніца” (дырэктар Рыгор Панасюк). На другім месцы — “АграАзяты” (кіраўнік Святаслаў Аляшкевіч). Завяршыла тройку лідараў ААТ “Вазнясенскі” (дырэктар Надзея Кандрацюк), дзе атрымана самая высокая ўраджайнасць зерневых — 67,7 цэнтнера з гектара, і гэта другі вынік па аддачы з палёў у Брэсцкай вобласці.

Сярод камбайнераў, што намалацілі на ўмоўны камбайн 1663 тоны збожжа, у перадавіках Сяргей Андрасюк і Віктар Петрык з “АграАзятаў”. Абсалютны рэкардсмен па намалоту – звыш 2000 тон – Юрый Лысковіч з той жа гаспадаркі. Мала саступілі перадавікам Юрый Старун і Дзмітрый Дзямідчык з ААТ “Вазнясенскі”. Эстафету ад болей вопытных пераймала і моладзь — сярод маладых камбайнераў найлепшы вынік другі год запар у Алега Міхалюка (ААТ “Ракітніца”). Другое месца ў Аляксандра Сахарчука з СУП “АграАзяты”. Лепшыя вадзіцелі — Мікалай Марыніч з ААТ “Хмелева” (ён перавёз звыш 3300 тон збожжа) і Павел Галоўчык (на яго рахунку больш за 2800 умоўных тон збожжа).

Вялікая нагрузка сёлета лягла на сушыльныя гаспадаркі. На славу папрацавалі аператары зернесушыльных установак хмелеўцы Аляксандр Навуменка, Аляксандр Дырман і Пётр Дурдзюк, а таксама Аляксандр Канапалюк і Уладзіслаў Лабенскі з “АграАзятаў”. Унеслі свой уклад ва ўборачную кампанію і прадпрыемствы раёна: Жабінкаўская сельгастэхніка, якая праводзіла рамонт і абслугоўванне зернеўборачных камбайнаў, дастаўляла збожжа на хлебапрыёмныя прадпрыемствы, убірала салому з палёў, і ААТ “Жабінкаўскі камбікормавы завод”, які падставіў плячо ў дапрацоўцы збожжа.

— Працаўнік вёскі – гэта арыенцір для ўсіх нас, — сцвярджаў са сцэны кіраўнік раёна. – У вёсцы заўсёды патрэбны чалавек, які валодае такімі якасцямі, як працалюбства, клапатлівасць, гаспадарлівасць. Няпроста даецца хлеб: трэба вырасціць яго, сабраць ураджай, зберагчы кожнае зярнятка. Жніво завершана, аднак сельскагаспадарчы год працягваецца.

Дарэчы, заслугі хлебаробаў нашага раёна не засталіся без увагі і на ўзроўні кіраўніцтва краіны. Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка аб’явіў удзячнасць работнікам аграпрамысловага комплексу раёна за значны ўклад у развіццё сельскагаспадарчай галіны, дасягненні высокіх вытворчых паказчыкаў за 2020 год, а таксама накіраваў выдатны падарунак – новенькі трактар “Беларус” – на ўмацаванне тэхнічнай базы Жабінкаўскай сельгастэхнікі. Ключы ад яго атрымаў дырэктар Уладзімір Дземідзюк.

Затым Віталь Кулак уручыў заслужаныя ўзнагароды – дыпломы, граматы і лісты падзякі райвыканкама. Сярод уганараваных  трактарысты-машыністы Юрый Хоміч, Дзмітрый Ляшко (ААТ “Хмелева”), Іван Дубіна і Віталь Дзямчук з “Арэпічаў”, Аляксандр Новік з ААТ “Рагазнянскі”; галоўныя аграномы: Аляксандр Герасевіч  (“Ракітніца”) і Віктар Трафімук (“Рагазнянскі”), хмелеўскія вадзіцелі Мікалай Марыніч і Павел Галоўчык, Сяргей Свіціч з ААТ “Жабінкаўскі”, Іван Петрусевіч (“Вазнясенскі”), Сяргей Крук (“АграАзяты”), галоўны аграном Ларыса Марчук з Вежак ды іншыя.

Працаўнікоў шчыра віншавалі і ўручалі ім узнагароды таксама старшыня раённага Савета дэпутатаў Анатоль Шалтанюк, начальнік райсельгасхарчу Аляксандр Кучынскі, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Любоў Каберна, кіраўнік абкама прафсаюза работнікаў АПК Аляксандр Саланевіч.

Каштоўныя падарункі ад райкама прафсаюза атрымалі пераможцы конкурсу механізатараў “Віртуозы палёў”. Амаль паўтары гадзіны перад пачаткам уганаравання конкурс займаў увагу гледачоў, якія “хварэлі” за сваіх. Думаеце, лёгка выгнаць з “гаража” трактар і пагрузчык, загрузіць у прычэп цюкі саломы і акуратненька, каб не наехаць коламі і не зачапіць абмежавальную рысу-шнурок, скласці салому, калі ў руках суддзі цікае таймер?! Ад перамогі ўдзельнікаў падзялялі не хвіліны, а секунды. Тое, што нашы рупліўцы – сапраўдныя віртуозы палёў, яшчэ раз падкрэсліла гэтае спаборніцтва. Таму атрымаць за сваё майстэрства прызы ўдвая прыемней. Іх займелі Юрый Лавецкі і Алег Міхалюк (першае месца), Юрый Бандарук і Раман Пятручык (другое месца), Уладзімір Трафімук і Юрый Кунашка (трэцяе месца).

А вось конкурсу на лепшы сноп і каравай, якія ўпрыгожылі фае Хмелеўскага СДК, было вырашана надаць віртуальны фармат: каб вызначыць самы прыгожы з іх, трэба будзе прагаласаваць у сацыяльных сетках.

Музычныя нумары рупліўцам палёў ад усёй душы дарылі госці – Валянціна Альшанская і Аляксандр Шумак.  З іх вуснаў гучалі песні на рускай і сакавітай беларускай мове. Пасля гэтых выступоўцаў “вішанькай на торце” быў выхад на сцэну ансамбля казацкай песні “Бацька атаман”. Іх галасы было чуваць і без мікрафона, здаецца, у самых дальніх кутках Хмелева. Гледачы не шкадавалі далоняў і шчодра асыпалі спевакоў апладысментамі.  Потым народ забаўлялі артысты з райцэнтра. Адпачываючых не спужаў нават дробны нудны дождж, які ледзь вытрымаў, каб не сапсаваць афіцыйную частку. Добры настрой гасцям стваралі таксама выставы творчасці ў палатках сельсаветаў і работы юных майстроў з раённага цэнтра творчасці, забаўляльная праграма для дзяцей ад выратавальнікаў Жабінкаўскага РАНС, выстава сельгастэхнікі і іншае. Завяршылася свята дыскатэкай.

…Дзякуй вам, працаўнікі, за водар цёплага хлеба на нашым стале!

Святлана БЯЛЯК

Фота аўтара