Пяць дзён застаецца да Усебеларускага народнага сходу. Дэлегаты з усіх рэгіёнаў краіны рыхтуюцца прадставіць свае ідэі на маштабным форуме. У складзе дэлегацыі ад Жабінкаўскага раёна — старшыня праўлення раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” Ганна КУЛАГІНА.
Ганна Яўгенаўна падзялілася, што на форуме ёй хацелася б узняць пытанне маральна-духоўнага выхавання падрастаючага пакалення. Яе хвалюе гэтая тэма не толькі як маці дваіх сыноў, але, у першую чаргу, як намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце трэцяй гарадской школы Жабінкі.
— Добра, што кожны год праходзіць пад рознымі назвамі-сімваламі: на змену Году малой радзімы прыйшоў Год народнага адзінства, — разважае Ганна Кулагіна. — Хочацца, каб наша нацыя была адзіная, згуртаваная, каб беларусы былі сапраўднымі патрыётамі сваёй Радзімы. Мы пачынаем вучыць гэтаму з юных гадоў. Моладзь — гэта будучыня нашай краіны, і яе варта выхоўваць на аснове традыцый, агульначалавечых і сямейных каштоўнасцей, этычных прынцыпаў. Мы прывіваем і бу-дзем прывіваць любоў да Радзімы, вучыць дабрыні, спагадлівасці, міласэрнасці. Важна навучыць аналізаваць інфармацыю, каб юнакі і дзяўчаты не ўспрымалі на веру ўсё, што падаецца ў інтэрнэце, вучыліся думаць і рабіць высновы. Перад педагогамі ключавым застаецца пытанне фарміравання асобы падрастаючага пакалення на аснове базавых каштоўнасцей нашай нацыі, на прыкладзе патрыятызму нашых дзядоў і развіцця нацыянальнай культуры.
Ганна Яўгенаўна ведае, пра што гаворыць, таму што на пасадзе намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце рупіцца апошнія пяць гадоў. Працаваць з дзецьмі і бацькамі ёй падабаецца. Цесную сувязь трымае і з класнымі кіраўнікамі, якія актыўна адгукаюцца на яе прапановы і ініцыятывы. А іх даволі шмат, і ўсе яны разнапланавыя: і грамадзянска-патрыятычнага характару, і духоўна-маральнага.
У свой час Ганна Кулагіна была і настаўнікам-прадметнікам, і класным кіраўніком, таму лічыць, што, працуючы адначасова ў дзвюх іпастасях, лепш і глыбей пазнаеш дзяцей. Ведаючы інтарэсы сваіх выхаванцаў, ім можна падказаць і далейшую жыццёвую дарогу.
Мара з дзяцінства
Сама Ганна таксама некалі вучылася ў трэцяй гарадской. З першага класа марыла стаць настаўніцай. Ёй вельмі хацелася быць такім педагогам, як Ларыса Пятроўна Ціхамірава, што выкладала ў іх англійскую мову. Але родныя бачылі здольнасці дзяўчыны да шыцця, вышыўкі, вязання, ткацтва на кроснах, таму параілі паступаць у Баранавіцкі вышэйшы педагагічны каледж. Пасля яго заканчэння дзяўчына атрымала спецыяльнасць настаўніка абслуговай працы. Дзякуючы паспяховай вучобе Ганну заўважылі і прапанавалі перайсці на пяты курс Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта, каб займець дадатковую спецыяльнасць. Так яна вывучылася яшчэ і на педагога сацыяльнага.
Аднак не здрадзіла наша гераіня і сваёй мары стаць настаўніцай англійскай мовы. У 2003 годзе, атрымліваючы веды ў Баранавічах, Ганна Яўгенаўна паступіла яшчэ і ў сталічны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка. Таму ў 2005-м атрымала на рукі адразу два дыпломы аб вышэйшай адукацыі: мінскі і баранавіцкі.
У жніўні таго ж года яна прый-шла працаваць настаўнікам англійскай мовы і абслуговай працы ў родную трэцюю школу ў Жабінцы. Ганна Кулагіна лічыць, што для маладога спецыяліста вельмі важная падтрымка больш вопытных калег, якія возьмуць пад сваё “крыло”, падкажуць, навучаць “лётаць” маладое “птушаня”. Такімі педагогамі для яе сталі Святлана Мікалаеўна Янусік, Святлана Міхайлаўна Кужко, Людміла Паўлаўна Пшанай, Галіна Сцяпанаўна Бурко і многія-многія іншыя, з кім давялося разам працаваць.
— У нашай установе заўсёды быў цудоўны калектыў — дружны, творчы, ініцыятыўны, — расказвае Ганна Кулагіна. — Трэцяя школа ў цэлым і навучэнцы паасобку неаднаразова перамагалі ў розных конкурсах, спаборніцтвах, алімпіядах. Нашы юныя інспектары дарожнага руху — нязменныя лідары ў раёне.
Прымала ўдзел у шматлікіх “іспытах” прафесійнага майстэрства і Ганна Яўгенаўна, напрыклад, у 2011-м стала фіналісткай абласнога этапу конкурсу “Малады настаўнік Брэстчыны”.
Вучыць іншых, вучыцца сама
Наша гераіня не стамляецца вучыцца ўсё жыццё, яна пастаянна самаўдасканальваецца, намагаецца ісці ў нагу з часам. У 2019 годзе скончыла Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, абраўшы для сябе сацыяльную сферу.
— Падчас навучання атрымала трывалыя веды, карысны вопыт, велізарнае задавальненне, пазнаёмілася з цікавымі людзьмі, — дзеліцца Ганна Кулагіна.
Акрамя таго, на працягу мно-гіх гадоў яна лектар Брэсцкага інстытута развіцця адукацыі, удзельнік рэспубліканскіх семі-нараў, педагагічных канферэнцый. А не так даўно была абрана старшынёй праўлення раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын. Ініцыятыўную, з яўнымі лідарскімі задаткамі прадстаўніцу прыгожага полу аднагалосна падтрымала жаночая палова Жабінкаўшчыны, што ўваходзіць у пярвічкі БСЖ. Задач і абавязкаў у Ганны Яўгенаўны дадалося, але гэта яе не палохае. Яна жыве сваёй справай, ідэямі, праектамі. Адзін з іх, напрыклад, — “Жаночы твар Беларусі” — будзе распавядаць у сацыяльных сетках аб прадстаўніцах зусім не слабага полу, іх дасягненнях і марах. На сёлетні год запланаваны таксама акцыі да святаў закаханых, жанчын і маці, Дня абароны дзяцей, ініцыятыва да новага навучальнага года “Збяром партфель ра-зам”, экалагічная акцыя “Дрэва шчасця”, майстар-клас да Дня пажылых людзей “Перадай цяпло рук” ды іншыя.
— Жанчына — захавальніца сямейнага агменю, яна павінна зрабіць сваю сям’ю шчаслівай, — сцвярджае Ганна Кулагіна. — Яе абавязак — весці здаровы лад жыцця, бо, як вядома, здаровая жанчына — здаровая нацыя.
Ганне Яўгенаўне вельмі імпануе накірунак “Шчаслівая сям’я” ў праекце Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2021-2025 гады. Ёй хацелася б, каб сямейнаму выхаванню і захаванню сямейных каштоўнасцей удзялялася больш увагі.
А яшчэ Ганна Кулагіна бязмежна любіць сваю малую радзіму, дзе нарадзілася, дзе жывуць бацькі, дзядулі і бабулі. Яна знітавана з роднай зямлёй і хоча прыносіць карысць ёй і людзям сваёй шчырай працай.
Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК
Фота Святланы КІСЛАЙ
На здымку: старшыня раённай арганізацыі БСЖ Ганна КУЛАГІНА са сваім намеснікам Марыяй СЯНІШЫНАЙ.
