Рэпартаж з цырымоніі ўручэння пашпартоў
Па добрай традыцыі ў Дзень Канстытуцыі дзявяцера юных жыхароў Жабінкаўшчыны атрымалі пашпарты – асноўныя свае дакументы, сапраўдную пуцёўку ў дарослы свет. Маладыя людзі адчулі гонар быць часцінкай Беларусі, яе грамадзянамі.
“Табою дыхаю, мой край”
З гэтага прыгожага вершаванага радка ў зале пасяджэнняў райвыканкама пачалося ўрачыстае мерапрыемства “Мы – грамадзяне Беларусі”, напоўненае павагай і любоўю да роднай краіны, якой шчыра зычылі “быць моцнай дружбай, верай, мовай”.
Першы намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Кучынскі, якому выпала адказная і адначасова прыемная місія ўручыць пашпарты юнакам і дзяўчатам, не прамінуў выказаць віншаванні ў іх адрас. Аляксандр Яўгенавіч нагадаў усім прысутным аб значнасці Асноўнага Закона ў жыцці кожнага грамадзяніна нашай краіны. Адчувалася хваляванне тых, каму выпаў гонар атрымаць вельмі важны дакумент у святочную дату – Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Яны разумелі адказнасць моманту, бо з сённяшняга дня з гонарам могуць прамаўляць: “Мы – грамадзяне Беларусі!”. Нездарма для іх, як запавет, гучаў напамін: “Атрымаўшы пашпарт грамадзяніна, у вас з’яўляюцца не толькі новыя правы і абавязкі, вы яшчэ бераце на сябе і частку адказнасці за нашу краіну. З глыбіні стагоддзяў нам перададзены адметныя рысы беларускага нацыянальнага характару – стойкасць, талерантнасць, імкненне да свабоды, гераічнага подзвігу і мірнай працы. Мы, як і нашы продкі, належым да мужнага, вядомага ва ўсім свеце сваёй непахіснасцю народа”.
Пад гукі ўрачыстай музыкі пашпарты з рук Аляксандра Кучынскага атрымалі навучэнцы трэцяй гарадской школы Уладзіслаў Алешка і Аляксей Грузін, Караліна Куцішка і Віялета Кулак, Уладзіслаў Рэбякеўша і Іван Кулагін. Дарэчы, сёння ў юнака падвоенае, а мо і трайное свята: акрамя Дня Канстытуцыі, атрыманне пашпарту, Іван у гэты памятны дзень святкуе ўласны дзень нараджэння.
Усю глыбіню цырыманіялу разам з пералічанымі маладымі людзьмі змаглі адчуць таксама вучаніцы СШ № 1 і СШ № 2 горада Жабінкі Ганна Маргевіч і Марыя Кавальчук, навучэнец Ленінскай адзінаццацігодкі Іван Звераў.
Яны пачулі цёплыя пажаданні з вуснаў першага сакратара райкама БРСМ Кацярыны Андрасюк. Яна разам са старшынёй раённага Савета дэпутатаў Анатолем Шалтанюком уручыла членскія білеты новым сябрам грамадскага аб’яднання “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі”. Разам з юнакамі і дзяўчатамі радасць і ўрачыстасць цырыманіялу падзялялі самыя дарагія іх людзі – таты і мамы. Добрыя пажаданні ад бацькоў перадала маладым людзям, што атрымалі сёння пашпарты, Вольга Кулак. Са свайго боку, слова ад маладых грамадзян Беларусі прамовіла Караліна Куцішка. Цудоўным упрыгажэннем мерапрыемства стала песня ў выкананні Веранікі Куксы “Я люблю, цябе, Белая Русь”.
Дом агульны і ўтульны
Менавіта такой успрымаюць родную Жабінку многія яе жыхары. Штогод – і гэта яшчэ адна даўняя традыцыя – у раёне ладзіцца агляд-конкурс на лепшае навагодняе афармленне будынкаў і навакольных тэрыторый.
Лагічнай другой дзеяй мерапрыемства, якое ладзілася ў Дзень Канстытуцыі, стала ўзнагароджванне найлепшых гаспадароў, якія паклапаціліся, каб Жабінкаўшчына заставалася адным з самых прывабных куткоў Беларусі.
Час назваць тых, хто найбольш парупіўся ў добраўпарадкаванні, упрыгажэнні, навядзенні парадку на зямлі. Іх прадстаўнікі атрымалі ўзнагароды з рук Аляксандра Кучынскага.
Пераможцам раённага агляду-конкурсу ў намінацыі “Лепшая арганізацыя, індывідуальны прадпрымальнік па навагоднім афармленні” названа першая гарадская школа. “Серабро” і “бронза” дасталіся адпаведна ПМК-19 і Жабінкаўскай кінавідэасетцы.
У наступнай намінацыі, у якой вызначаліся гаспадары лепшых прыдамовых тэрыторый аднакватэрных жылых дамоў, лепшым з лепшых названы Віталь Крупко, які жыве ў райцэнтры ў доме № 18 на вуліцы Партызанскай. На другім месцы – жыхар Сакаў Максім Амелянчук. Завяршае тройку пераможцаў Марына Ляхава з Жабінкі. Святочнае ўпрыгажэнне яе дома на вуліцы Здзітаўскай, 50 у навагоднія і калядныя дні таксама не засталося па-за ўвагай журы. Жанчыны не было непасрэдна на свяце, але падарунак абавязкова знойдзе сваю гераіню.
Акрамя таго, тыя, хто пашчыраваў сабе і людзям на радасць, атрымалі яшчэ адно агульнае на ўсіх прыгожае віншаванне ад эстраднай студыі “Золак” – песню з выразнай назвай “Я цябе люблю, я табою ганаруся, Беларусь”.
Анатоль РОСТАЎ
Фота Святланы БЯЛЯК



