ПІНСК. У самым сэрцы беларускага Палесся самабытны горад Пінск у мінулыя выхадныя адзначыў свае 925-я ўгодкі і дзяржаўнае свята Дзень народнага адзінства.
Напярэдадні асноўных святочных мерапрыемстваў у Палескім дзяржаўным універсітэце адбылася I Міжнародная навуковая канферэнцыя “Пінскія чытанні” і відэасустрэча прадстаўнікоў Пінска і кітайскага горада Яньтай
(правінцыя Шаньдун). Бакі падпісалі пагадненне аб устанаўленні сяброўскіх адносін.
У гэтых жа сценах Пінск прымаў эстафету рэспубліканскага патрыятычнага марафону “Беларусь адзіная”. На працягу двух дзён на плошчы Леніна працавала выстава-кірмаш “Дасягненні маёй краіны”. Мясцовыя прад-
прыемствы і арганізацыі, прадпры-
мальнікі і рамеснікі прадставілі жыхарам і гасцям горада сваю прадукцыю і ўвесь набор паслуг, што яны аказваюць.
У Пінску таксама сустрэлі між-народны аўтапрабег “Гістарычная памяць — дарога ў будучыню”. Яго ўдзельнікі перадалі ў Музей беларускага Палесся зямлю, сабраную ў месцах масавых ахвяр Вялікай Айчыннай вайны ў Пінску, Пінскім раёне і Санкт-Пецярбургу.
Афіцыйныя мерапрыемствы з удзелам першых асоб вобласці, прысвечаныя Дню народнага адзінства, прайшлі ў суботу, 17 верасня. Горад наведалі старшыня Брэсцкага аблвыканкама Юрый ШУЛЕЙКА і памочнік Прэзідэнта — інспектар па Брэсцкай вобласці Валерый ВАКУЛЬЧЫК. Яны ўсклалі жывыя кветкі да Вечнага агню ля брацкай магілы салдат, матросаў і партызан, якія вызвалялі горад ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у ліпені 1944 года.
Свята народнага адзінства прадоўжылася вялікім канцэртам.
— У першую чаргу Дзень народнага адзінства азначае тое, што мы — разам. Наша краіна незалежная, у нас ёсць свая Канстытуцыя, Прэзідэнт і дзяржаўны лад. Гэта галоўнае, — сказаў са святочнай сцэны Юрый Шулейка. — Ёсць спробы кінуць выклікі нашай невялікай суверэннай дзяржаве, каб уцягнуць у працэсы, якія не патрэбны талерантнаму беларускаму народу. Мы бачым гэтую сітуацыю. Але за апошнія два гады мы яшчэ больш цесна з’ядналіся, мы адзіныя, і ў нас усё атрымліваецца! У Беларусі ў згодзе жывуць прадстаўнікі многіх народаў. Разам у розныя часы яны абаранялі і вызвалялі гэтую зямлю.
Памяць аб абаронцах у нашай краіне беражліва захоўваецца. Ніколі не было падзелу: яўрэй, паляк, грузін, беларус ці ўкраінец. Памяць кожнага загінуўшага ўвекавечана.
— Сёння мы чарговы раз схі-ляем галовы перад тымі, хто прынёс нам свабоду і незалежнасць. Мы ніколі не пойдзем па шляху разбурэння памяці, — падкрэсліў Юрый Вітольдавіч. — Толькі на Брэстчыне пражываюць прадстаўнікі больш за 110 нацыянальнасцяў. Мы ні з кім не сварымся, з павагай ставімся да традыцый усіх народаў, канфесій, аднаўляем помнікі, захоўваем духоўную культуру. Мы ўсе — адзіная нацыя, грамадзяне нашай цудоўнай краіны Рэспублікі Беларусь!
Затым старшыня аблвыканкама ўручыў кнігі “Падарожжа ў часе” вядомага гісторыка і калекцыянера, лаўрэата прэміі Прэзідэнта Беларусі “За духоўнае адра-джэнне” Уладзіміра ЛІХАДЗЕДАВА кіраўнікам: Пінскага гарвыканкама Валерыю РАБКАЎЦУ, старшыні Брэсцкага гарвыканкама Аляксандру РАГАЧУКУ, Кобрынскага райвыканкама Аляксандру ПАЧКО, Бярозаўскага райвыканкама Сяргею БАРТАШУ і Пружанскага райвыканкама Міхаілу ГРЫШКЕВІЧУ. Да слова, гэтыя ўнікальныя выданні, якія з дапамогай рарытэтных фотаздымкаў і паштовак знаёмяць з гісторыяй краю, з’явіліся ў рамках рэспубліканскага праекта “Бацькаўшчына” — сумеснага “дзецішча” Уладзіміра Ліхадзедава і Міністэрства інфармацыі.
Пасля ўрачыстасці і выканання Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь пінчукі і госці горада мелі магчымасць атрымаць асалоду ад дзействаў, што развіваліся на сцэне ў выкананні лепшых танцавальных і вакальных калектываў вобласці. З Днём народнага адзінства прыехалі павіншаваць папулярныя выканаўцы ТЭА і Вольга РЫЖЫКАВА. Завяршыўся святочны канцэрт дзесяціхвілінным салютам, што расквеціў неба над вячэрнім Пінскам.
Святлана БЯЛЯК
Фота аўтара


