Святочны канцэрт да Міжнароднага дня музыкі сабраў у мінулую пятніцу аматараў Яе Вялікасці Мелодыі ў зале дзіцячай школы мастацтваў.
Спачатку ўсіх паланіла вогненнае танга ў выкананні ансамбля настаўнікаў пад кіраўніцтвам Вольгі СУПРУН. Крыкі “брава” і шквал апладысментаў сталі ўзнагародай Марыне ГАЛАВЕНКА, якая выканала сола на кларнеце пад акампанемент Наталлі КАЗУЛЬКІ. Пад канец выступлення ад кларнета засталася ўсім на дзіва толькі чацвёртая частка, але і яна выдавала чароўныя гукі ва ўмелых руках таленавітай выступоўцы.
Да мурашак па скуры крануў раманс “Паабяцайце мне любоў…” у выкананні Вікторыі МІЦКОВІЧ, а музычны нумар “Мікі Сантамарыя”, падораны гледачам бас-гітарыстам Антонам ЗОТАВЫМ, прымусіў прытанцоўваць на месцах. Нікога не пакінуў раўнадушным і музычны дыялог домры і гітары, якія паслухмяна падпарадкоўваліся Аляксандры СВІЦІЧ і Сяргею МАМАЦЮКУ.
Хвалявалі рытмы джазу, кружыў вальс, прымусіла кожнага ўсміхнуцца “Песенька аб добрым настроі”, якую выканаў вакальны ансамбль “Натхненне+” пад кіраўніцтвам Наталлі ПАКРОЎСКАЙ.
Чароўна саліравалі на раялі Юлія МЕНДЭЛЬ і Ксенія ФІЛІПУК. Гучалі пад дахам школы мастацтваў то грозныя, нібы раскаты грому, то пяшчотныя, як ручайка цурчанне, гукі раяля, кожнаму знаёмыя і такія кранальныя.
Завяршылася канцэртная праграма двума нумарамі народнага аркестра настаўнікаў, якімі кіруе таленавіты дырыжор Святлана ЗОТАВА. Філігранныя рухі маэстравых рук нараджалі цудоўны аркестравы гук. Выступленні ўздымалі на крылах, зачароўвалі, хвалявалі…
Хваляваліся разам з маладымі выканаўцамі і іх старэйшыя калегі, якіх запрасілі на ўрачысты канцэрт напярэдадні не толькі свята музыкі, але й Дня пажылых людзей. Ад маладога пакалення школы мастацтваў віншаванні і кветкі прымалі Надзея Рыгораўна
ЖЫВАЕВА, Антаніна Яўгенаўна ПРЫБЫШ, Галіна Пятроўна КАРАБАН, Зінаіда Фёдараўна ФЁДАРАВА.
Усе прысутныя ў зале напоўнілі музыкай сэрцы, а душу — святлом, каб несці іх і дзяліцца з навакольным светам. Мы — жыхары горада-спадарожніка, а наш спадарожнік — музыка.
Наталля ВАЛОШКА
Фота аўтара

