Мужчыне ў хаце не сядзіцца

Тысячы кіламетраў па шпалах

Гады, як птушкі — ляцяць хутка і часам незаўважна. Толькі з нейкай важнай нагоды знаходзяцца хвіліны, каб азірнуцца назад, узгадаць запамінальныя моманты і падзеі мінулага. Аляксандр Мендзяльчук ужо 15 гадоў ходзіць па шпалах у якасці аператара дэфектаскопнай цялежкі Жабінкаўскай дыстанцыі пуці. Стаў спецыялістам сёмага разраду, мае шмат прызоў і ўзнагарод. За асабісты ўклад у забеспячэнне ўстойлівай работы Беларускай чыгункі і ў сувязі з прафесійным святам атрымаў пісьмо-падзяку ад кіраўніцтва райвыканкама.

Медаль “За баявыя заслугі”

Варушыць мінулае іншы раз не хочацца. Тым больш апавядаць пра асобныя моманты таму чалавеку, што не бачыў вайны і яе не ўяўляе. Аляксандру не па сваім жаданні давялося праходзіць вайсковую службу ў Афганістане. Пасля каранціну трапіў у правінцыю Кундуз. Асвоіў спецыяльнасць наводчыка гаўбіцы. Не раз даводзілася глядзець у вочы смерці. Асабліва было невыносна балюча ў моманты апазнання раскрамсаных варожымі снарадамі сяброў-аднапалчан. Сяржант у адстаўцы Мендзяльчук пра тыя гады больш нічога не ўзгадаў. Лепш не прымушаць.

Муры, дыназаўры…

Няўрымслівая працаздольнасць Аляксандру перадалася ад бацькі і дзеда. Без ніякай спецыяльнай навукі, акрамя ўласнага жадання, продкі былі ўмельцамі ў розных галінах вытворчасці. Аляксандр самастойна навучыўся карыстацца зварачным апаратам, не кажучы ўжо пра ўменне паставіць і арыгінальны плот, і зрабіць у старадаўнім стылі каменную вежу, на версе якой можна адпачываць. Збіраў камяні, вазіў на ўласнай машыне на свой двор. Будаваў прыхапкамі ажно два гады. Сядзіба майстра на ўсе рукі ў Шпіталях нагадвае музей. Тут ёсць арыгінальныя кампазіцыі, зробленыя з металалому, вертыкальныя і гарызантальныя арэлі, альтанка. У планах — закончыць зварку жалезнага дыназаўра і многае іншае. Некаторыя ідэі толькі нараджаюцца. Суботамі ўсё ж знаходзіць час для ажыццяўлення сваіх задум. Управіцца з немалой падсобнай гаспадаркай і бярэ ў рукі інструмент, зварачны апарат…

Музыка па святах

Яшчэ ў школьныя гады Аляксандр навучыўся іграць на баяне і гітары. Рэдка, але той ці іншы інструмент бярэ ў рукі. Бярэ, калі ёсць нагода. А яна бывае часцей з прычыны сямейных святаў, калі збіраюцца ўсе дзеці. А іх трое. Старэйшы сын — будаўнік, сярэдні служыць у міліцыі, малодшы выбраў прафесію маці і вучыцца на повара ў брэсцкім каледжы.
Аляксей ГАНЧУК.
Фота аўтара.