Можна гэтак і без жылля застацца

Можна гэтак і без жылля застацца

Склалася штомесяц практыка паводле графіка праводзіць сумесныя рэйды спецыялістаў аддзела прымусовага выканання і Жабінкаўскай ЖКГ. Яны выязджаюць у раён, каб наведаць грамадзян, што маюць даўгі за жыллёва-камунальныя паслугі. Апошні па часе такі рэйд адбыўся напрыканцы красавіка. Што ён выявіў? Было праверана каля дзясятка адрасоў, дзе жывуць ці павінны пражываць даўжнікі. Аднак высветлілася: не ўсіх можна было знайсці ў дамах, за якія грамадзяне маюць камунальныя запазычанасці. Прыкладам, Ш. мае доўг за кватэру ў санаторыі “Буг” , а насамрэч ужо з 2020 года знаходзіцца ў вёсцы Чыжэўшчына. Падобныя нядобрасумленныя плацельшчыкі ёсць, на жаль, і ў райцэнтры, і ў сельскіх населеных пунктах. Удзельнікі рэйду выявілі і зафіксавалі гэтыя недахопы, а таму зараз юрыст ЖКГ збірае патрэбныя дакументы, каб звярнуцца ў суд. Па яго рашэнні магчыма высяленне даўжнікоў з жылля , за якое тыя не плацяць.

Судовы выканаўца пад аховай закону

Гэта павінен памятаць кожны, каб не трапіць у непрыемную сітуацыю. Бо бываюць выпадкі (у тым ліку і са спецыялістамі Жабінкаўскага АПВ), калі грамадзяне паводзілі сябе ў адносінах да судовых выканаўцаў не зусім адэкватна. Спецыфіка няпростай работы спецыялістаў аддзела прымусовага выканання абавязвае іх прымаць меры для арышту маёмасці даўжніка дзеля наступнай рэалізацыі і пагашэння яго пазык. Бываюць моманты, калі падчас наведвання даўжнікоў або членаў іх сямей тыя перашкаджаюць законнай дзейнасці службовай асобы органаў прымусовага выканання. Грамадзяне робяць вялікую памылку, калі пагражаюць судовым выканаўцам або нават спрабуюць прымяніць сілу ці перашкодзіць адабранню маёмасці. Яны забываюць, што спецыялісты АПВ знаходзяцца пры выкананні службовых абавязкаў і пад аховай закону. У выніку замест вырашэння праблемы даўжнікі ствараюць сабе новыя. Па ўсіх фактах супрацьпраўных дзеянняў праваахоўныя органы даюць належную прававую ацэнку. Нярэдкія выпадкі, калі наступаюць крымінальна-прававыя наступствы. Пагэтаму мы заклікаем грамадзян да захавання належных паводзін у дачыненні да судовых выканаўцаў.

Ёсць абавязкі ў абавязаных

На жаль, да гэтага часу ў раёне існуе катэгорыя парушальнікаў закону, якіх завуць абавязанымі асобамі, што не спяшаюцца вяртаць дзяржаве грошы за выхаванне і адукацыю дзяцей. Ёсць такія абавязаныя, муж і жонка К., у адной з вёсак Ленінскага сельсавета. Па рашэнні суда яны сталі салідарнымі даўжнікамі па расходах на ўтрыманне сваіх крывіначак. Паколькі непаўналетніх ажно тры дзіцяці, на іх утрыманне бацькі кожны месяц павінны вяртаць салідную суму – больш за 1700 рублёў. Пасля вяртання з лячэбна-працоўнага прафілакторыя даўжнікі, працуючы ў сельгаставарыстве, не толькі выплочвалі штомесячныя плацяжы, але і часткова вярталі запазычанасці, што атрымаліся, пакуль яны знаходзіліся ў ЛПП. Аднак надышоў час, калі даўжнікі пачалі дапускаць прагулы на працы і запазычанасці зноў сталі расці як снежны камяк. У выніку мужчына і жанчына былі асуджаны па артыкуле 174 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Ён трапіў за краты, а яна пачала хавацца, пераехала ў суседні раён, але ж усё роўна была асуджана (на гэты час усе дакументы па жанчыне перададзены ў Камянецкі АПВ). Вядома, што даўжніца была працаўладкавана, а яе муж пасля вызвалення з месцаў пазбаўлення волі ўзяўся за розум, вярнуўся на працу і пачаў выплачваць грошы на дзяцей. Спадзяемся, што і жанчына, якая пражывае на Камянеччыне, будзе вяртаць свае даўгі.

Ірына ТЭАДАРОВІЧ, начальнік раённага аддзела прымусовага выканання; Антон БЕРАСТОК