Нацыянальная кінастудыя “Беларусьфільм” учора адзначыла сваё 95-годдзе. Напярэдадні Дня беларускага кіно спыталася ў жабінкаўцаў, якія карціны айчыннай вытворчасці ім даспадобы, чым яны адметныя і блізкія сэрцу.
Ірына ГАНЧАР:
— Адзін з самых любімых фільмаў майго дзяцінства — “Рыжы, сумленны, закаханы” рэжысёра Леаніда Нячаева. Гэта цудоўная казка для дзяцей, дзе іграюць мілыя, шчырыя героі. Фільм для ўсіх тых, хто яшчэ не развучыўся верыць у дабро. Ну, і канечне, шмат разоў пераглядала “Белыя росы” Ігара Дабралюбава. Цудоўны акцёрскі састаў, выдатная гульня. А фразы з гэтага кінафільма даўно шырока цытуюцца і выклікаюць шмат пазітыўных эмоцый. “Белыя росы” — карціна і сумная, і смешная адначасова. Гэта класіка, фільм-жыццё.
Дар’я, жыхарка Жабінкі:
— Сярод многіх фільмаў, якія падабаюцца, хачу вылучыць “Брэсцкую крэпасць”. Гэта маштабны сумесны праект, дзе, безумоўна, важную ролю адыгралі і беларускія дзеячы мастацтва. Думаю, кінакарціна застанецца важным дасягненнем у гісторыі не толькі нашага, але і сусветнага кінематографа. Захоўваю на сваім ноўтбуку маладзёжную драму “Вышэй за неба”, знятую беларускім рэжысёрам Андрэем Курэйчыкам. За гэтую работу ён быў прызнаны лепшым прадзюсарам-дэбютантам Беларусі, а сусветная прэм’ера карціны адбылася ў Нью-Ёрку. У фільме глыбока закранута адна з праблем грамадства — заражэнне ВІЧ-інфекцыяй. Для ўзняцця настрою магу паглядзець камедыю “Вось гэта любоў!”, ці “Мужчына без адраса”. Гэта дзве назвы аднаго фільма: адрозніваюцца для расійскага і беларускага гледача. Наогул гэта наш праект, у якім прынялі ўдзел і расійскія акцёры. Здорава, што ў кінакарціне можна ўбачыць маляўнічыя куткі Беларусі, гасціннасць нашага народа.
Людміла ЦУПА:
— Любімы фільм айчыннай вытворчасці — “Белыя росы”. Гэта кінакарціна-легенда, гісторыя і натхненне. З тае пары, як фільм выйшаў на экраны ў 1983 годзе, змянілася цэлае пакаленне, але стужка і сёння глядзіцца з вялікім інтарэсам. А яшчэ ў “Белых росах” закладзены глыбокі сэнс, які асабліва добра разумееш па меры сталення.На жаль, пайшлі з жыцця цудоўныя акцёры, якія выконвалі галоўныя ролі: Усевалад Санаеў, Барыс Новікаў, Мікалай Карачанцаў, Генадзь Гарбук, але яны жывыя на экране і ў нашай памяці. Дарэчы рэальная вёска Дзевятоўка пад Гродна, дзе здымаўся фільм, паўтарыла лёс кіношных Белых Росаў і ўвайшла ў склад абласнога цэнтра.
Аляксандр (прозвішча называць адмовіўся):
— Я не люблю беларускае кіно. “Аперацыя Ы”, “Джэнтльмены ўдачы”, “Дзяўчаты”, “Масква слязам не верыць”, многія-многія іншыя пераглядаў мо па дваццаць разоў. І кожны раз знаходзіў нешта новае і цікавае! Айчынныя ж, лічу, не дацягваюць да такога ўзроўню, хіба што “Прыгоды Бураціна” ды “Пра Чырвоную Шапачку” можна паглядзець з дзецьмі.
Дзмітрый АНДРАСЮК:
— Кіно — гэта цэлы незвычайны свет, які вабіць, таму ў маёй памяці надоўга застануцца тыя моманты, калі апынуўся “ўнутры” яго. Я быў студэнтам БрДТУ, калі здымалі “Брэсцкую крэпасць”. Прама падчас пары ў аўдыторыю зайшлі нейкія людзі і растлумачылі, што шукаюць акцёраў масавых сцэн для гэтага фільма. Тут жа прайшоў кастынг: патрэбны былі худыя, з кароткімі валасамі маладыя мужчыны. Мяне ўзялі. Перад здымкамі добра загрыміравалі, выдалі спецыяльнае адзенне, і я стаў сапраўды паходзіць на адважнага салдата, які прайшоў праз многія выпрабаванні вайны. Амаль тыдзень удзельнічаў у творчым працэсе, “засвяціўся” ў некалькіх трагічных момантах. Атрымалі не толькі неперадавальныя эмоцыі, але яшчэ і добрыя на той час грошы, на памяць застаўся таксама здымак са знакамітым акцёрам Андрэем Мярзлікіным, які іграў героя Кіжаватава. Трохі пазней ужо ў Мінску прадстаўніком масоўкі трапіў у кадр серыяла “Добрае імя”, дзе былі задзейнічаны і беларускія акцёры. Памятаю, як на мяне апранулі форму лейтэнанта міліцыі не па памеры, вучылі правільна аддаваць воінскае прывітанне. А яшчэ запомнілася нядоўгая размова з акцёрам Маратам Башаравым, які быў галоўным героем серыяла.
Апытанне правяла Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК
Главные новости
