Пад такой назвай з нагоды 80-х угодкаў абароны Брэсцкай крэпасці і ў межах праекта “Лета з добрай кнігай” ладзіцца рэспубліканскі літаратурны конкурс сярод вучняў 8-11 класаў. Яго арганізатары — абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі, галоўнае ўпраўленне ідэалогіі і па справах моладзі абласнога выканаўчага камітэта і дзяржаўная ўстанова “Брэсцкая крэпасць-герой”.
Цытадэль над Бугам — сімвал мужнасці і гераізму, стойкасці і непахіснасці духу. З кожным годам усё менш застаецца сведкаў жудасных падзей Вялікай Айчыннай, але народная памяць дасюль захоўвае жывыя ўспаміны тых, хто прайшоў праз вайну, адчуў боль ад стратаў сваіх родных. Маладое пакаленне таксама можа дакрануцца сэрцам да гісторыі, паглыбіцца ў лёсы абаронцаў Айчыны. Дзеля гэтага і абвешчаны конкурс.
На напісанне сваіх уражанняў ад наведвання Брэсцкай крэпасці школьнікаў могуць падштурхнуць сустрэчы з цікавымі людзьмі, асабістыя адкрыцці, месцы былых ваенных падзей, помнікі баявой славы.
Арганізатары чакаюць ад юных творцаў маленькіх гісторый, напісаных у ХХІ стагоддзі. Няхай гэтыя работы стануць мосцікам, што паяднае сучаснае з мінулым.
А цяпер — увага! Конкурс праводзіцца да 22 чэрвеня. Да ўдзелу прымаюцца празаічная (эсэ) і паэтычная творы на беларускай ці рускай мовах. Іх аб’ём — адна старонка 12-м кеглем. У адным файле з творам патрэбна размясціць звесткі пра сябе. Свае работы, шаноўныя ўдзельнікі, дасылайце на адрас: tatiana.demidovich@gmail.com з пазнакай: “Брэсцкая крэпасць”.
Цырымонія ўзнагароджання адбудзецца 27-29 ліпеня ў межах святкавання Дня горада Брэста. Іншагароднім дыпломы будуць дасланы поштай. Жадаем вам натхнення і творчых поспехаў!
Антон БЕРАСТОК
Главные новости
