ВІЗІТОЎКА
ЖАБІНКАЎСКАЯ СПЕЦЫЯЛЬНАЯ
АГУЛЬНААДУКАЦЫЙНАЯ ШКОЛА-ІНТЭРНАТ
Час заснавання ў якасці школы для сляпых — 1971-ы.
Зараз у школе-інтэрнаце 113 вучняў,
з іх 8 невідушчых і 8 часткова відушчых.
Вучыцца 31 інвалід па зроку.
Працуюць 53 педагогі,
з іх 23 маюць дэфекталагічную адукацыю.
Ужо паўвека ў Жабінцы працуе школа, дзе настаўнікі і выхавальнікі дапамагаюць невідушчым дзецям знайсці сваю дарогу ў жыцці
Не толькі радасныя даты адзначаюцца ў свеце. Ёсць і такія, як Міжнародны дзень сляпых. Менавіта 13 лістапада 1745 года нарадзіўся французскі педагог Валянцін Гаюі. Ён заснаваў першыя школы для невідушчых і прыдумаў, як вучыць чытаць і пісаць сляпых задоўга да ўзнікнення шрыфта Брайля. Як гэта робіць юнак-выдатнік Аляксандр ЛЯШКО (на здымку). З-пад яго рук нараджаюцца бессмяротныя пушкінскія радкі: “Я помню чудное мгновение”.
Каб знайсці сябе ў жыцці
— Галоўная наша мэта — падрыхтаваць дзяцей да адаптацыі ў сучасным, вельмі няпростым свеце, — лічыць дырэктар Аляксандр КАВАЛЬЧУК. — А дзеля гэтага патрэбна не толькі даць адукацыю, але і дапамагчы затым працаўладкавацца — адным словам, знайсці сябе ў жыцці.
Неацэнную дапамогу ў гэтым аказваюць тыфлатэхнічныя сродкі, патрэбныя для рэабілітацыі інвалідаў па зроку. Найперш — друкаваная машынка па Брайлю, на якой займаюцца сляпыя і часткова відушчыя. Тут замест ручкі ці алоўка — клавішы, здольныя перадаваць літары і лічбы размешчанымі ў прынятай паслядоўнасці кропкамі.
Такім чынам робяцца і спецыяльныя падручнікі ды мастацкія творы. Іх друкуюць у адзіным у краіне выдавецтве “Глобус”, здольным ствараць такую літаратуру. Да падручнікаў ёсць і адпаведныя сшыткі, у якіх вучні друкуюць адказы, а настаўнікі правяраюць і ставяць адзнакі. Да таго ж, у кабінеце інфарматыкі ў спецыяльным камп’ютары захоўваюцца больш за 450 мастацкіх твораў ды падручнікаў па прадметах, агучаных прафесійнымі вядучымі. А ў камп’ютарным класе вылучаны два працоўныя месцы для невідушчых. У іх распараджэнні — “разумныя машыны” з праграмамі з брайлеўскай клавіятурай і спецыяльным прынтарам.
Акрамя таго, у некаторых кабінетах усталяваны электронныя павелічальныя прыстасаванні, што дазваляе разглядаць у большым фармаце малюнкі, чарцяжы, чытаць тэксты.
— Ёсць, вядома, і адпаведныя карэкцыйныя заняткі з усімі вучнямі школы, дзе яны даведваюцца пра сацыяльна-побытавую арыенціроўку, займаюцца музыкай і рытмікай, вывучаюць інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі, — працягвае знаёмства са школай Аляксандр Андрэевіч. — Пра гэта найперш клапоцяцца настаўнік карэкцыйных заняткаў Ала АКУЛІЧ, педагог-лагапед Алена БЕЛЯНЕЦ. Музычна-рытмічныя заняткі вядзе настаўнік з харэаграфічнай адукацыяй Аліна ВЕРАМЕЙ. У так званых звычайных школах не існуе, а ў нас шырока практыкуецца не проста фізічная культура, але адаптаваная фізкультура, якую выкладае Сяргей КІСЛЯК.
Каб “партрэт” школы-інтэрната быў поўны, дадамо таксама: штодня пасля ўрокаў выхаванцы праходзяць спецыяльнае афтальмалагічнае лячэнне. Для гэтага існуе цэлы штат медработнікаў, якіх узначальвае ўрач-афтальмолаг Алена СЕМЯНЮК. Пры ёй працуе медсястра Юлія КАНЦЭВІЧ, што непасрэдна ажыццяўляе працэдуры. Не пустуе і фізіятэрапеўтычны кабінет (гаспадыні ў ім — урач-педыятр Ангеліна ЧАРНЕЙКА і медыцынская сястра Тамара ПАДРУБНАЯ). Вельмі важная роля ў медсястры-дыетолага Любові ВАЛОШЧЫК і медработнікаў, якія выходзяць на кругласутачнае дзяжурства).
Кожны заўважыць: уся тэрыторыя школы падпарадкавана адной важнай мэце — удасканаленню безбар’ернага асяродка для інвалідаў па зроку. Усё пералічыць нават не бяромся. Гэта і пандусы пры ўваходах; і інфармацыйныя шыльды, надрукаваныя шрыфтам Брайля, з назвамі карпусоў, кабінетаў, сталовай, спальных пакояў; і знакамітыя белыя палкі…
Юбілеі маюць нават рэчы
У свядомасці многіх людзей існуе вобраз чалавека з парушэннямі зроку. Гэта нехта ў прыцемненых акулярах, з сабакам-павадыром і белым кіем у руках.
У апошнай рэчы сёлета юбілей. Роўна сто гадоў таму белы кій з’явіўся ў руках англійскага фатографа Джэймса Бігса. Згубіўшы зрок, ён выявіў, што небяспечна хадзіць па горадзе з чорным кіем, на які не звяртаюць увагі вадзіцелі, і перафарбаваў яго ў белы колер. Гэта адбылося 15 кастрычніка 1921 года. З таго часу адзначаецца Дзень белай палкі — сімвала людзей, чый свет патанае ў цемені. Дарэчы, неаднаразова вучні нашай школы-інтэрната ўдзельнічалі ў абласных конкурсах, прысве-чаных гэтаму дню.
Школа — адрас дабрачыннасці
Вядома, навучэнцы заўсёды радыя, калі да іх прыязджаюць людзі з вялікімі сэрцамі. Так тут нярэдка называюць прадстаўнікоў шматлікіх арганізацый, якія дапамагаюць дзецям у складаных жыццёвых сітуацыях.
— Сапраўды неацэнная дапа-мога, — падкрэслівае Аляксандр Кавальчук, — з боку дзяржавы. Яна штогод выдаткоўвае сотні тысяч рублёў на патрэбы школы-інтэрната. Толькі для падрыхтоўкі да новага навучальнага года з бюджэту было выдзелена і асвоена больш за 60 тысяч рублёў на рамонты і пакупку абсталявання.
Разам з тым, нельга не прыгадаць дабрачыннасць, якою акружаюць навучэнцаў з Жабінкі шматлікія сябры-спонсары. Спіс вельмі доўгі. Але найперш прыхо-дзяць на розум самыя даўнія і верныя дабрадзеі: упраўленне КДБ па Брэсцкай вобласці, абласны фонд “Новае пакаленне”, італьянская дабрачынная арганізацыя “Дапаможам ім жыць”, сумеснае таварыства з абмежаванай адказнасцю “Баншэ”, Спаса-Праабражэнскі манастыр, размешчаны ў Хмелеве, ды іншыя.
Так, няпроста бачыць свет, калі падводзіць зрок ці ўвогуле толькі праз кончыкі пальцаў, праз слых і пахі ўспрымаеш прыгажосць наваколля. Тады дапамога ад педагога, пяшчота ў сям’і, падарункі ад спонсараў выклікаюць вялікую радасць, дазваляюць упэўніцца, што ты не застанешся сам-насам у свеце, які не заўжды бывае бясхмарным…
Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота аўтара
На здымках: 9-класнік Аляксей КРАЧКО чытае па Брайлю; Арцём ЛОХАЧ (11 клас) з дапамогай завуча Людмілы ЛЕАНОВІЧ працуе на электронным павелічальным прыстасаванні; Вераніка АНТАШОК займаецца ў кабінеце інфарматыкі.

