Мінулае, якое застаецца ў памяці

Дар’я НІКАНЧУК. Фота Святланы КІСЛАЙ.

На Жабінкаўшчыне ўрачыста сустрэлі 101-ю гадавіну Кастрычніцкай рэвалюцыі.
Напярэдадні свята прадстаўнікі працоўных калектываў, грамадскіх арганізацый і аб’яднанняў раёна сабраліся каля помніка Уладзіміру Леніну на прывакзальнай плошчы. Прысутных вітаў старшыня раённага Савета дэпутатаў Анатоль Шалтанюк, які падзякаваў за ўдзел ва ўрачыстасці і нагадаў аб тым, што гэта памятная падзея ў многім змяніла ход сусветнай гісторыі.
— Сённяшняя сустрэча гаворыць аб тым, што мы з павагай адносімся да падзеі, якая паўплывала на развіццё нашай краіны, — пераняў слова кіраўнік раённай арганізацыі Камуністычнай партыі Беларусі Анатоль Старыцкі. — Да яе можна ставіцца па-рознаму, але Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі адзначаецца па ўсёй Беларусі і з’яўляецца святочным. Падзеі 1917 года пакінулі пасля сябе вялікую спадчыну, якой карыстаемся і зараз. Сюды можна аднесці заводы, фабрыкі і прадпрыемствы, удалыя праекты і ідэі, поспехі і дасягненні, якія з’явіліся ў тыя часы, але развіваюцца і сёння.
Пасля шчырых слоў удзельнікі мерапрыемства ўсклалі да помніка Уладзіміру Леніну кветкі і вянкі (на здымку). Захаванне ў Беларусі сёмага лістапада як свята — гэта не спроба вярнуцца ў мінулае, а сведчанне таго, што яно шануецца і застаецца ў памяці.