МІНПРАЦЫ ЗАПУСКАЕ Ў САЦСЕТКАХ АКЦЫЮ «#ПОЗДРАВЬ_МАМУ»

Міністэрства працы і сацыяльнай абароны ў час правядзення Тыдня маці запускае ў сацыяльных сетках акцыю з аднайменным хэштэгам «#поздравь_маму». Аб гэтым паведамілі ў Мінпрацы і сацабароны.

«Штогод 14 кастрычніка ў Беларусі адзначаецца Дзень маці. Да святочнай даты ва ўсіх рэгіёнах краіны праводзіцца Тыдзень маці — з 12 па 18 кастрычніка. Чакаецца шмат яркіх падзей: урачыстыя прыёмы, ушаноўванні, рэспубліканскія і рэгіянальныя акцыі, конкурсы, марафоны. Іх мэта — выказванне найвышэйшай удзячнасці ўсім маці за іх высакародную працу, любоў і клопат. Але самыя дарагія для сэрца нашых мам віншаванні — ад дзяцей, родных, любімых. Гэта мы і хочам нагадаць усім беларусам», — адзначылі ў ведамстве.

Для ўдзелу ў акцыі дастаткова размясціць у любой сацыяльнай сетцы фота або відэа з віншаваннем мамы, некалькі радкоў пра яе і паставіць хэштэг #поздравь_маму.

Найлепшыя віншаванні будуць размешчаны на старонцы Мінпрацы ў сацыяльных сетках, каб уся краіна магла бачыць, якія цудоўныя і любімыя мамы жывуць у Беларусі.

БелТА