“МІКРА” становіцца “МАКРА”

Ад жыхароў мікрараёна, што месціцца паблізу бальніцы, давялося пачуць трапнае: “Гэта раней ў нас быў МІКРАраён, а цяпер ужо сапраўдны МАКРАраён пабудаваны!”

Сапраўды, калі ў 1975 годзе наша сям’я пасялілася ў гэннай частцы Жабінкі, акрамя нашага пяціпавярховага дома па вуліцы Кірава, 99 (зараз гэта Зарэчная, 6), ва ўсім мікрараёне мелася яшчэ два шматпавярховіка. А зараз год ад году растуць дамы як грыбы. І няма канца-краю пераўтварэнням.

90 гадоў таму тут увогуле была забалочаная пойма рэчкі Жабінка. Час рухаўся, а змены сюды не спяшаліся. Дасюль у кіёсках і кнігарнях можна набыць карту Жабінкі 2007 года, на якой мясцовасць, адлюстраваная на здымках, паказана як луг.

Паміж фотакартачкамі – адносна невялі адрэзак часу, а ўяўленне ўзнікае такое быццам зроблены яны не толькі ў розныя гады, але і ў розных месцах. Настолькі непазнавальна змянілася наваколле. І ўсё гэта адбывалася літаральна на нашых вачах.

ПЕРШАЕ ФОТА можна назваць выпадковым. Яно зроблена 9 ліпеня 2004 года з акна аўтобуса. У той дзень на Жабінкаўшчыне ладзіўся абласны каардынацыйны савет па ахове гісторыка-культурнай спадчыны з удзелам усяго кіраўніцтва Брэстчыны. У аўтобусе быў тагачасны старшыня аблвыканкама Канстанцін Сумар і старшыні гарадскіх і раённых выканаўчых камітэтаў. Наведалі зорныя турыстычныя аб’екты Жабінкаўшчыны: мужчынскі манастыр у Хмелеве, Здзітаўскую Свята-Мікіцкую царкву, капліцу ў Чыжэўшчыне, якая толькі ўзводзілася (урачыста была адчынена і асвечана ў верасні таго самага 2004 года). Мне давялося падчас пераездаў паміж кропкамі весці экскурсію для гасцей. У руках быў “Кодак” – сапраўдная “мыльніца”, якая рабіла здымку “ў сляпую” і не давала ніякіх гарантый, што выпархне “птушачка” і атрымаецца здымак. Калі ў “абойме” заставаўся ўсяго адзін кадр, зірнуў у акно. За “бортам” – нічога асабліва цікавага, і ўсё ж націснуў на кнопачку. Так, 16 гадоў таму гэты здымак можна было ахрысціць “Бывай, Жабінка!” Цяпер, калі гарадскія межы “перакрочылі” за Мухавец, гэту мясцовасць акраінай ужо не назавеш. А выпадковае фота раптам стала гістарычным.

ЗДЫМАК № 2 пераносіць нас у сённяшні дзень. Змены закранулі літаральна ўсё. Няма не толькі старых бардзюраў, самаробнай футбольнай пляцоўкі ды неўладкаваных участкаў. Замест гэтага ўзняліся новыя шматкватэрныя дамы, выраслі цэлыя вуліцы Скарыны і Лесапаркавая, якія працягнуліся да цэнтральнай вуліцы Кірава. Сёння, калі прайсціся па мікрараёне, бачна, што будаўніцтва не спыняецца, таму ў кожным жарце ёсць частка жарту: “МІКРА” сапраўды становіцца “МАКРА”!

Анатоль БЕНЗЯРУК

Фота аўтара