У пошуках свайго прызначэння на зямлі жабінкаўскія выпускнікі заўсёды асвойвалі далёкія землі, каб потым, узброеныя ведамі, вяртацца на Радзіму і прыносіць ёй карысць. Такі шлях чакае і мінулагодняга выпускніка гарадскога ліцэя Мікіту Качаргіна — сённяшняга курсанта Ваеннага ордэна Жукава ўніверсітэта радыёэлектронікі.
Пуцёўка ў жыццё — ад роднага ліцэя
У жніўні ён прыбыў на пабыўку ў родны горад, адначасова расказаў, як складваецца курсанцкае жыццё-быццё. А пачаў з прызнання ў любові да ліцэя. Менавіта тут юнак пабачыў гарызонты дарослага жыцця, самастойна пацягнуўся да дакладных навук, абраўшы фізіка-матэматычны профіль. Мікіта атрымаў вялікую дапамогу ад класнага кіраўніка Святланы Пташнік, якая выкладала нямецкую мову. З ёю ўжо за школьнай партай быў на ты, зараз папаўняе свой моўны багаж, вывучаючы англійскую.
— У ліцэйскія гады ніякія прадметы не выклікалі ў мяне цяжкасці, — гаворыць Мікіта, — наадварот, зацікаўленасць і жаданне ведаць як мага больш!
Вядома, на першым месцы знаходзіліся фізіка, якой вучыў Аляксандр Дамасевіч, і матэматыка — ад Ганны Васілюк.
— Яны зразумела і захапляльна тлумачылі нават самыя складаныя тэмы. Рабілі ўсё, каб невядомае станавілася зразумелым, а складанае — простым.
Яго дружны “Б” клас аб’ядноўваў два дзясяткі юных фізікаў і матэматыкаў (прычым, толькі трох дзяўчынак і 17 хлопцаў). Яны і цяпер падтрымліваюць сяброўскія адносіны. Такая атмасфера, лічыць Мікіта, таксама паўплывала на фарміраванне яго асобы. Пасля апошняга званка ўсе разляцеліся з роднага гнязда, сталі студэнтамі Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі, іншых прэстыжных ВНУ краіны. А вось Качаргін паехаў па навуку яшчэ далей — у Расійскую Федэрацыю.
“Буду ваенным!”
Ужо ў сярэдніх класах юнак пачаў задумвацца пра будучыню, адчуў цікавасць да вайсковых спецыяльнасцяў. Галоўнае было зрабіць правільны выбар, усвядоміць, што менавіта гэта важна для цябе і стане галоўнай справай у жыцці. Так спакваля прыйшла думка: “Буду ваенным!” Тым больш, што перад вачыма быў жывы прыклад — дзядуля Мікалай Уладзіміравіч Лупыроў, які адслужыў больш за чвэрць веку на Жабінкаўскай нафтабазе.
Пасля заканчэння ліцэя юнак разам з маці Ірынай Мікалаеўнай павёз дакументы ў Ваенную акадэмію Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь. Аднак далейшае, як часта ў жыцці бывае, вызначыў выпадак. Мікіту заўважыў Яўген, пасланец з Масквы. Слова за слова — завязалася размова. Жэня расказаў Мікіту, што вучыцца ў Ваенным універсітэце радыёэлектронікі ў Ча-рапаўцы, растлумачыў, што патрэбна, каб апрануць курсанцкія пагоны.
Мікіта задумаўся, спытаў-ся падказкі ў матулі. І пачуў у адказ:
— Ты павінен разумець, што ў іншай краіне давя-дзецца спадзявацца толькі на сябе.
Узважыўшы ўсе “за” і “супраць”, юнак адважыўся зрабіць самастойны крок у дарослае жыццё. Бо, мабыць, нездарма ад нараджэння ён — Мікіта. А гэтае імя тлумачыцца як “пераможца”.
Розных народаў сыны
Яго чакаў шматнацыянальны калектыў. Ва ўніверсітэце, акрамя расіян, вучацца прадстаўнікі сямі нацыянальнасцяў. Яны аб’яднаны на спецыяльным факультэце, дзе рыхтуюць будучых афіцэраў для Беларусі і Арменіі, Узбекістана, Казахстана і Таджыкістана, Кіргізіі і В’етнама. На курсе Мікіта не адзін беларус, з Сінявокай яшчэ васьмёра: Стас, Андрэй, Арцём, Ягор, Дзіма, Вадзім, Вячаслаў і Аляксей. Адносіны паміж землякамі выдатныя. Інакш і быць не павінна, бо ўзаема-падтрымка адзін аднаго — надзвычай важныя рэчы, калі ты далёка ад дома. Воляй-няволяй на доўгія гады ўзнікае сяброўства. Амаль братэрства.
— Спачатку было вельмі няпроста канчаткова зразумець, што дзяцінства скончылася назаўсёды, — прызнаецца малады курсант. — Калі на апошнім званку настаўнікі і бацькі казалі пра гэта, усвядоміць яшчэ было цяжка. Цяпер разуменне прыйшло. Дарослае жыццё прымушае і дзейнічаць па-даросламу.
Нялёгка было прызвы-чаіцца і да парадку дня, у якім кожны крок рэгламентаваны. Аднак нельга стаць ваенным без армейскай дысцыпліны.
Першы год быў казарменны. Мабыць, каб больш з’яднаць курсантаў-першагодкаў і даць ім магчымасць адчуць сапраўдны салдацкі дух як будучым афіцэрам.
— Цяпер я перайшоў на другі курс, — гаворыць Мікіта. — З гэтага часу і да выпуску жыць давядзецца ўжо ў інтэрнаце. Шчаслівы, што не памыліўся ў сваім выбары. Пасля заканчэння буду служыць на Радзіме.
Юнак зноў з удзячнасцю згадвае родны ліцэй, дзе атрымаў моцныя веды. Яны і цяпер дапамагаюць у вучобе. Таму і нездарма, за першы курс — выдатныя адзнакі.
Гэтак Мікіта становіцца працягам сямейнай дынастыі. Дзядуля — былы ваенны — ад душы рады, што ўнук выбраў такую важную дарогу ў жыцці. Паколькі нездарма ўжо многа пакаленняў сапраўдных мужчын паўтараюць, быццам запавет: “Ёсць на зямлі прафесія — Радзіму абараняць!”
Анатоль БЕНЗЯРУК
На здымку: навучэнец Ваеннага ордэна Жукава ўніверсітэта радыёэлектронікі Мікіта КАЧАРГІН (трэці справа) разам з аднакурснікамі.
