ПАЎВЕКА ПАМЯЦІ І СЛАВЫ
Сёлета крэпасць над Бугам адзначае шматлікія юбілеі. 185 гадоў назад, у далёкім 1836-м, у аснову Цытадэлі быў закладзены першы камень. За гэтыя амаль два стагоддзі на яе долю выпадала шмат выпрабаванняў. Найбольш моцныя — летам 1941-га, калі крэпасць першай прыняла бой з лютым ворагам. У гонар яе абаронцаў паўвека таму — 25 верасня 1971 года — быў адкрыты велічны мемарыяльны комплекс.
І
У адзначэнне 20-х угодкаў Вялікай Перамогі Прэзідыум Вярхоўнага Савета СССР 8 мая 1965 года прысвоіў Брэсцкай крэпасці ганаровае званне “Крэпасць-герой” з уручэннем ордэна Леніна і медаля “Залатая Зорка”. Да легендарнага месца прыйшла заслужаная слава. Але ўганараваная Цытадэль па-ранейшаму ляжала ў руінах, быццам вайна пакінула яе толькі ўчора… Нарэшце прыйшло разу-менне, што месца, палітае крывёю адважных абаронцаў, годнае належнага ўшанавання.
У ходзе будаўніцтва мемарыяла ў зямлі было знойдзена больш за тысячу музейных прадметаў, астанкі загінулых. 18 верасня 1971 года, за тыдзень да адкрыцця, пад гранітныя пліты мемарыяла паклалі астанкі 823 байцоў, што склалі галовы пры абароне крэпасці летам сорак першага. Дзве сотні прозвішчаў былі нанесены на мармуровыя пліты, астатнія пахаваны як невядомыя.
Мемарыяльны комплекс “Брэсцкая крэпасць-герой” быў урачыста адкрыты ў суботу 25 верасня семдзесят першага. Вечны агонь на плошчы Цырыманіялаў запаліў тагачасны кіраўнік Беларусі Пётр МАШЭРАЎ.
На мерапрыемстве прысутнічала больш за 600 ветэранаў Брэсцкага гарнізона 1941 года. У адкрыцці ўдзельнічаў і аўтар кнігі “Брэсцкая крэпасць” Сяргей СМІРНОЎ, які шмат зрабіў, каб слава абаронцаў Цытадэлі над Бугам не згасла ў людской памяці. Можна ўявіць, якімі адчуваннямі былі напоўнены душа і сэрца пісьменніка ў той незабыўны дзень. Дзесяцігоддзямі на ўсіх узроўнях ён літаральна змагаўся не толькі за крэпасць, але і за яе абаронцаў: і тых, што загінулі, і тых, якія выжылі, але былі незаслужана забытыя.
Працуючы над кнігай аб героях, Смірноў не раз прыязджаў у Жабінку, дзе запісаў успаміны ўдзельніка абароны Якава КАЛАМІЙЦА. Пісьменніку давялося сустракацца і з жонкай ды дзецьмі аднаго з кіраўнікоў абароны Брэсцкай крэпасці капітана Івана ЗУБАЧОВА. Да слова, у нядзелю 26 верасня 1971 года ў Сяргея Сяргеевіча быў чарговы дзень нараджэння. Вось такі цудоўны падарунак паднёс яму лёс за пяць гадоў да смерці…
ІІ
Для нас гэта гісторыя зусім не чужая. І не таму, што ў дзень пачатку Вялікай Айчыннай многія жабінкаўцы імкнуцца на світанку ў крэпасць, дзе ладзяцца традыцыйныя ваенна-гістарычныя рэканструкцыі. Тым больш не таму, што воды Мухаўца кранаюць берагі не толькі Брэста, але і Жабінкі. Тут повязь іншая: яшчэ мацней за ваду мы паяднаны крывёю. Бо на плітах Цытадэлі лёгка адшукаць імёны нараджэнцаў жабінкаўскай зямлі, якія загінулі 22 чэрвеня 1941 года.
Так, зараз на плошчы Цырыманіялаў пазначаны 1034 воіны Чырвонай Арміі, трое з іх — нараджэнцы Жабінкаўшчыны.
Нагадаем іх прозвішчы:
ГАПАНЮК Дзмітрый Мікалаевіч (1914–1941),
МІКІЦЮК Міхаіл Якаўлевіч (1912–1941),
СТАНІСЛАЎСКІ Сцяпан Вакулавіч (1910–1941).
У гонар іх і тысяч іншых абаронцаў гарыць Вечны агонь і існуе мемарыял. Дарэчы, адным з яго стваральнікаў стаў архітэктар Юрый КАЗАКОЎ — аўтар нашага “Драмлёва”.
Цяпер у мемарыял уваходзяць так званая “Зорка”, галоўны манумент “Мужнасць”, штык-абеліск, плошча Цырыманіялаў, трох’ярусны некропаль, скульптурная кампазіцыя “Смага”, “Музей абароны Брэсцкай крэпасці”. Ён быў адкрыты восенню 1956 года і мае зараз у сваіх фондах каля 90 тысяч унікальных экспанатаў.
Акрамя таго, на тэрыторыі мемарыяла дзесяць гадоў таму ўсталяваны помнік “Героям мяжы, жанчынам і дзецям, якія мужнасцю сваёй у неўміручасць крочылі”. А 22 чэрвеня 2014 года запрацавала багатая экспазіцыя “Музей вайны — тэрыторыя міру”. Нарэшце, у сёлетнім студзені пасля капітальнай рэстаўрацыі, праведзенай за сродкі Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі, свае дзверы перад шматлікімі наведвальнікамі адкрыла цікавая экспазіцыя “Форт № 5 Брэсцкай крэпасці”.
Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота аўтара

