“Матулечка, вярні мяне дамоў!”

Напярэдадні цудоўнага веснавога свята 9 Мая старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Ніна Калыбская і адказны сакратар ветэранскай арганізацыі Валянціна Качко наведалі ў Жабінцы дом № 5 на вуліцы Базанавай. Місія ў іх была пачэсная — уручыць 92-гадовай Ганне Рыгораўне Панасюк (на здымку) юбілейны медаль, кветкі і падарунак з нагоды святкавання Вялікай Перамогі. Хоць усім выдатна зразумела: найлепшы падарунак для такіх людзей — нашы ўвага і клопат, а найбольшая ўзнагарода — доўгія гады, пражытыя без вайны.
Але і праз дзесяцігоддзі памяць вяртае ў маладосць, якую жорстка кранула ліхалецце.
Ішоў 1943 год. Акупанты гаспадарылі ў ранейшым Антопальскім раёне. Як і паўсюль па Беларусі, вывозілі моладзь у Нямеччыну. Выбар паў і на старэйшую сястру Ганначкі Надзею. Тая ўжо працавала, дапамагала сям’і і адначасова патаемна — партызанам. У хату завітаў солтыс і прыгразіў, каб хутчэй збіралі Надзю ў дарогу, інакш загіне ўся сям’я.
Ганна, як тое пачула, укленчыла:
— Татачку, я паеду, хай толькі нас не забіваюць.
Моладзь сабралі ў Антопалі, а вечарам хлопцы вырашылі праз акно збегчы і дзяўчат падбілі на тое.
Аднак солтыс угледзеў, што вярнуліся дамоў. Зноў прыйшоў у “госці” і крычаў, сціскаючы кулакі:
— Навошта вы гэта зрабілі? Вам мала, што Асіпавічы гараць?! Зараз і нас немцы спаляць! Хочаце, каб уся вёска ляснула праз вас?!
Бацька Рыгор Сцяпанавіч моўчкі пайшоў запрагаць каня. Хоць сэрца пакутавала, сам вярнуў дачку на станцыю, дзе пад парай ужо чакаў работнікаў Рэйха доўгі эшалон.
Тут у размову ўмяшаўся сын Ганны Рыгораўны Леанід:
— Значна пазней даведаліся, што ў тым жа цягніку ехаў і будучы мой цесць Мікола Сілюк. Ён расказваў, што спачатку абыходзіліся з гастарбайтарамі ласкава, каб паказаць, што тыя едуць у “рай”. Аднак на санпрапускніку ўсё рэзка памянялася: на памыўку мужчын і жанчын павялі разам, калі нехта быў супраць, заганялі кіямі. Як дабраліся да месца, паставілі ўсіх на плошчы і немцы хадзілі між радоў, выбіралі сабе работнікаў.
Ганьку браць не хацелі: кволенькая, гнуткая — невыгодны працаўнік. Такіх далей павезлі, амаль да французскай мяжы, у Майнц. Тут дзяўчына і “пазнаёмілася” са сваёй фрау. Тая не хавала нянавісці. Аднаго разу за абедам Аня пацягнулася за лусткаю хлеба. Гаспадыня вырвала з рук і кінула ў памыі. Заставалася толькі слёзы ліць і маліць бяссільна: “Матулечка, вярні мяне дамоў!” — ды даглядаць кароў. Трохі лягчэй стала, калі апынулася ў другой фрау — Ханны, але і на новым падворку цяжкой працы хапала.
Вызвалілі гастарбайтараў амерыканскія салдаты. Некаму прапанавалі паехаць у ЗША, іншым вярнуцца на радзіму. А перад тым амаль на 12 месяцаў накіравалі ў аздараўленчы лагер у Вісбадэне.
Толькі праз два гады пасля вайны Ганна вярнулася дамоў. Была даяркаю ў калгасе, а як пайшла амаль тры дзясяткі гадоў таму на пенсію, перасялілася да сына. Цяпер, атуленая пяшчотай родных людзей, жыве ў шчасці-радасці ў гожым доме на ціхай жабінкаўскай вуліцы.
Анатоль РОСТАЎ
Фота аўтара