МАРКАЎ: У ЛЮБОЙ КРАІНЕ ЎМЯШАННЕ ЗАМЕЖНЫХ ДЗЯРЖАЎ У ВЫБАРЫ — ГЭТА СКАНДАЛ

У любой краіне выбары не могуць праходзіць на грошы або пры ўмяшанні замежных дзяржаў. На гэта звярнуў увагу старшыня праўлення ЗАТ «Другі нацыянальны тэлеканал» Марат Маркаў у эфіры праграмы «Клуб рэдактараў» на тэлеканале «Беларусь 1», паведамляе БЕЛТА.

Адной з тэм, якая абмяркоўвалася ў перадачы, стала рэгістрацыя кандыдатаў у прэзідэнты Беларусі. Кіраўнікі беларускіх СМІ нагадалі, што ЦВК адмовіла экс-кіраўніку Белгазпрамбанка Віктару Бабарыку ў рэгістрацыі, спаслаўшыся на неадпаведнасці ў дэкларацыі аб даходах і маёмасці, а таксама на ўдзел замежнай арганізацыі ў яго вылучэнні. «У гэтай кампаніі відавочна ёсць умяшанне. Успомніце, які скандал выбухнуў у ЗША. Яны да гэтага часу не могуць адмыцца. Не можа праходзіць выбарны працэс у любой краіне на грошы або на ўмовах, або з умяшаннем іншых краін. Гэта ўжо недэмакратычна», — сказаў Марат Маркаў.

Шуміху вакол нерэгістрацыі Віктара Бабарыкі пракаменціраваў і дырэктар — галоўны рэдактар выдавецкага дома «СБ. Беларусь сегодня» Дзмітрый Жук. «Што датычыцца Бабарыкі, я сфармуляваў бы прасцей: скандал не толькі заказаны, але ўжо і аплачаны, — сказаў ён. — Дапускаць да выбараў жуліка — не ведаю, ці правільна гэта. Але былі падставы (адмовіць у рэгістрацыі. — Заўвага БЕЛТА), і ЦВК не магла абысці гэты фармальны бок пытання, інакш яна сама стала б ахвярай крытыкаў».

БелТА