Штогод да Дня маці ў Жабінкаўскім загсе праводзіцца адмысловая сямейная акцыя “Павінны нараджацца дзеці”. У ёй у розных намінацыях адзначаюцца хлопчыкі і дзяўчынкі, народжаныя на працягу года.
З прыемнасцю вітаем сёлетніх пераможцаў!
МАЛЕНЬКІ ВОЛАТ У ВЯЛІКАЙ СЯМ’І
Дзіма ВЫРВА
нарадзіўся 24 жніўня
і стаў пераможцам у намінацыі “Малыш-волат”.
Яго паказчыкі ўнушальныя:
вага — больш за чатыры з паловай кілаграмы
пры росце ў 57 сантыметраў.
Вось які падаруначак трымае ў руках шчаслівы тата Аляксандр Уладзіміравіч. Яго паднесла мужу каханая жонка Ірына Уладзіміраўна напрыканцы сёлетняга лета.
Дзмітрый зрабіў сям’ю шматдзетнай. Час пройдзе, і па прыкладзе старэйшых брата ды сястры мо і ён захопіцца спортам (14-гадовая Аня ахвотна наведвае валейбольную секцыю, 11-гадовы Андрэйка захапляецца футболам). Дзімку яшчэ выбіраць, кім стаць. Галоўнае, каб рос здаровым чалавечкам і стаў добрым чалавекам. Бацькі рупяцца-стараюцца, каб дзецям было ўтульна, таму будуюць дом для вялікай сям’і.
А маленькі ўжо ўсміхаецца і нават трохі агукае, важыць ужо 6400 дый падрос на пару сантыметраў. Аляксандр і Ірына прыгадваюць, як выбіралі яму імя. Думалі-варажылі, спрачаліся-раіліся. А потым вырашылі: “Спытаемся самога малога!” Пайшлі купацца, тата пачаў імёны пералічваць, так доўжылася, пакуль не спытаўся: “Будзеш Дзімам?” І малы ўсміхнуўся. Згадзіўся!
“САТАВІЧОК” — ІВАН-ЦАРЭВІЧ
Іван КАВАЛЕЎСКІ
нарадзіўся раніцай
1 верасня,
меў тады вагу 4410 грамаў
і рост 55 сантыметраў.
“Сатавічкамі” ў загсе прынята называць дзіця, зарэгістраванае пад нумарам 100. Сёлета ён з’явіўся на свет у першы асенні дзень у Вольгі Сцяпанаўны і Рамана Аляксандравіча.
Ваня — трэцяе дзіця ў сям’і, дзе яго ласкава называюць “наш Іван-Царэвіч”. Калі мама нарадзіла маленькага браціка, старэйшы Дзмітрый, якому ўжо шэсць, быў на сваёй першай лінейцы ў школе. А вось забіралі маму з маленькім “царэвічам” з радзільнага аддзялення ў дзень нараджэння сярэдняга сына Сямёна, якому споўнілася чатыры гады.
Мама Оля кажа, што мужчыны прыносяць ёй толькі шчасце і поспех. Мо таму ў доме нават каты выключна мужчынскага полу?!
ЗІРНІ Ў МЯНЕ, ЯК У ЛЮСТЭРКА!
Марк і Ягор НАКАНЕЧНЫЯ
нарадзіліся 16 ліпеня.
Старэйшы Марк
важыў тады 2410,
меў рост 42 сантыметры,
прыйшоў на свет
у 10 гадзін 52 хвіліны.
Яго брат Ягор, “маладзейшы” ажно на цэлую мінуту, аказаўся крыху большым і ў грамах, і ў сантыметрах.
Двайняты — са-праўдная радасць для таты Артура Аляксандравіча і матулі Ліліі Сярге-еўны.
Маляняты вельмі падобныя паміж сабой, практычна аднолькавыя. Калі падрастуць, мабыць, адзін аднаму будуць гаварыць: “Зірні-ка, братка, у мяне, як у люстэрка!”
А што зараз? Ягорка больш жвавы ды рухавы, увесь час просіцца на рукі, а вось яго старэйшы брат часцей любіць паесці і паспаць.
Прыглядаць за малымі матулі дапамагае старэйшая дачка-вучаніца Дар’я. Даша прасіла бусліка, каб прынёс браціка, а той ажно дваіх даставіў!
ДВА ПЕРАМОЖЦЫ — ДА ДНЯ ПЕРАМОГІ
Ніка і Мікіта ГАЛАВАЧЫ нарадзіліся вечарам 8 мая.
Дзяўчынка-першыніца аказалася большай ў вазе за брата
ды і ростам пакуль вышэй за яго.
Яны нарадзіліся за тры гадзіны да Дня Перамогі і атрымалі імёны, у якіх гучыць грэчаскае слова “ніка” — “перамога”.
Тата двойні Анатоль Анатольевіч шчыруе на зямлі ў ААТ “Ракітніца”, а матуля Святлана Валянцінаўна, як казала гераіня Наталлі Гундаравай у фільме “Аднойчы 20 гадоў пазней”, пакуль “працуе мамай”. Што сказаць — самая паважаная жаночая “прафесія”! Вельмі рады, што ў іх з’явіліся сястрычка і брацік, старэйшыя дзеці Марыя, Антон і Анастасія.
Святлана Валянцінаўна захапляецца вязаннем. Дзеткам цёпла і ў матуліных абдымках, і ў рэчах, якія яна стварае з вялікай любоўю ўласнымі рукамі.
Ніка і Мікіта яшчэ маленькія, але ўжо прыкметна, наколькі розныя маюць характары. Падобныя, мабыць, толькі у тым, што абодва светленькія. Ніка вельмі актыўная дзяўчынка, а вось Мікіта больш любіць адпачыць “пасля сытнага абеду”. Ну што ж, ціхенька пакінем гэтую дружную сям’ю. Хай маленькія набіраюцца сіл і здаравеюць усім на радасць.
ДЗІЦЯЧЫ САД і на працы, і дома
Лілія ДЗЯНІШЧЫЧ нарадзілася 8 верасня адразу пасля поўначы,
важыла крыху менш за тры кіло і сантыметра
не “дацягнула” да паўметра.
Яе бацькі Уладзімір Сяргеевіч і Ніна Васільеўна працуюць у Крыўлянскім дзіцячым садзе. Аднак, відаць, дзятсада ім на рабоце не хапае, бо і ў хаце цяпер ужо васьмёра дзяцей, іх матуля — кавалер ордэна Маці.
Мама Ніна дала малодшай дачцэ прыгожае “кветкавае” імя ў гонар сваёй маці. І гэта зусім не дзіўна: матуліна імя — заўсёды найлепшае!
Зараз у Дзянішчычаў чатыры дзяўчынкі і чатыры хлопцы: Дзмітрый і Рувім, Максім і Валодзя; Сняжана і Анжаліка, Дар’я, а цяпер яшчэ і Лілія. Паміж старэйшай і малодшай дочкамі — 20 гадоў розніцы.
У такой вялікай сям’і — дзеці першыя памочнікі, кожны ведае свае абавязкі. Яны дапамагаюць адзін аднаму і бацькам. А самае вялікае шчасце для таты і мамы, калі разам збіраецца сапраўды шматдзетная і вельмі дружная сям’я. Для Дзянішчычаў выраз “Сям’я — гэта 7Я” ўжо даўно неактуальны. Яны цяпер жывуць па новай “формуле”:
Сям’я = Я + Я + я + я + я + я + я + я + я + я!!!
Анатоль БЕНЗЯРУК
