МАЛЫЯ СЯХНОВІЧЫ: месца, якое дыхае мінулым

Малыя Сяхновічы дае яскравы прыклад, як мінулае можа дапамагчы будучыні. Вёска мялела, нібыта рака ў спёку, яе нават пачалі песімістычна называць “неперспектыўнай”. Аднак тут сваё слова сказала Гісторыя. Маўляў, гэтае паселішча надзвычай старажытнае, вельмі самабытнае, а таму патрэбна на месцы былой сядзібы Касцюшка-Сяхновіцкіх ўладкаваць музей. І не проста музей, а Жабінкаўскі дзяржаўны раённы гісторыка-краязнаўчы, дзе кожны зможа даведацца пра былое роднага краю. Да слова, так супала, што многія значныя падзеі ў жыцці сяхноўцаў адбываліся ў апошні веснавы месяц. Напрыклад, мінула 515 гадоў з таго дня, як 5 мая (па новым стылі) 1509-га Сяхновічы ўпершыню атрымалі “прапіску” ў дзяржаўных паперах. З гэтага часу вёска пачала адлік свайго існавання. Пра гэтую ды іншыя шматлікія падзеі жабінкаўскай зямлі можна даведацца, калі пераступіць парог раённага музея, адкрытага напярэдадні Дня музеяў у маі 2011 года.

Пад аховай муз і з іх дапамогай…

Слова “музей” прынеслі на сваіх крылах музы – ахоўніцы мастацтва і культурнай спадчыны.

Ідэя музея ў Малых Сяхновічах узнікла роўна трыццаць гадоў таму. Першым крокам стала стварэнне ў тагачаснай Сяхновіцкай базавай школе некалькіх стэндаў, прысвечаных гісторыі. Аўтарам іх у 1994 годзе стаў мастак, ветэран Вялікай Айчыннай вайны Міхаіл Карнее. Паступова экспазіцыя пашыралася і заняла цэлы пакой. Аднак хутка школа спыніла сваё існаванне. Каб выратаваць ад запусцення будынак, у райвыканкаме ўзнікла ідэя, заснаваць краязнаўчы музей.

За кошт абласнога і раённага бюджэтаў абнаўляліся сцены былой школы, збіраліся памяткі былога, патрэбныя для будучых экспазіцый. Частымі гасцямі сталі прафесійныя музейшчыкі з Брэста і Мінска, якія дапамаглі стварыць музейную канцэпцыю. І вось нарэшце ў цудоўны цёплы дзень 19 мая 2011 года раённы музей быў урачыста адкрыты.

У музеі некалькі залаў. Першая, куды адразу трапляюць наведвальнікі, – этнаграфічная хатка. У ёй узноўлены карціны сялянскага жыцця памежжа ХIХ і ХХ стагоддзяў. Ёсць тут аўтэнтычныя ганчарныя ды ткацкія вырабы, маюцца экспанаты, якія можна лічыць унікальнымі. Сярод іх – самаробныя драўляныя дзіцячыя цацкі, каўбасніца (зноў жа зробленая з дрэва!) альбо плойка для завіўкі валасоў, якой карысталіся прыгажуні тых часоў.

Самая вялікая зала прысвечана падзеям Вялікай Айчыннай вайны. Зараз яна яшчэ больш пашыраецца, каб у поўнай меры прадэманстраваць гады ліхалецця, што пакінулі глыбокі след у жабінкаўскай гісторыі. Дакументы, фотаздымкі, асабістыя рэчы ўдзельнікаў тых падзей, спісы загінулых, крэсла савецкага лётчыка, штык-нажы, скрынкі для кулямётнай стужкі, ветэранскія медалі ды многае-многае іншае зберагаюць музейшчыкі. Асаблівы акцэнт зроблены на дэманстрацыі дакументальных сведчанняў генацыду беларускага народа ў часы вайны і першыя пасляваенныя гады. Многія з экспанатаў, што сведчаць пра масавыя знішчэнні мірных жыхароў, дадзены ў апошнія гады пракуратурай Жабінкаўскага раёна, якая дэталёва вывучае архіўныя дакументы і сведчанні нашчадкаў загінулых. Каштоўна, што ў музеі ёсць спісы жыхароў Драмлёва, спаленых разам з вёскай на Галавасек 1942 года.

А наведвальнік, між тым, трапляе ў музейную залу, прысвечаную гісторыі Жабінкаўшчыны ад узнікнення да нашых дзён. Асобныя стэнды і цікавыя старыя рэчы запрашаюць у свет мінулага, у часы, калі Жабінка толькі нараджалася і развівалася, дзякуючы гандлю і чыгунцы. Турыстаў таксама чакае знаёмства з гісторыяй першых калгасаў і машынна-трактарнай станцыі, медыцыны і адукацыі, культуры і спорту. Журналістаў, вядома, цешыць, што асобна згадваецца і раённая газета, якая рыхтуецца да саліднага юбілею. Нагадаем, 29 кастрычніка 1944-га (або амаль 80 гадоў таму) свет убачыў першы нумар раёнкі, і з таго дня карэспандэнты – нязменныя летапісцы роднага краю.

Зямля, Сонца ды ўдзячная памяць

Музей ужо гучна заявіў пра сябе. Пагэтаму ў ім пабывалі прадстаўнікі не толькі ўсіх без выключэння рэгіёнаў Беларусі, але і госці з многіх краін свету.

Цікаўным падарожнікам-краязнаўцам супрацоўнікі музейнай ўстановы, якую ўзначальвае Святлана Царук, абавязкова раскажуць пра слынных і таленавітых людзей, якіх падарыла свету жабінкаўская зямля. Многіх мы ўжо згадвалі ў праекце “Вёсачка, жыві!”, некаторых яшчэ згадаем, вандруючы па нашых вёсках-вёсачках. Непасрэдна з Малых Сяхновіч паходзіць кандыдат фізіка-матэматычных навук, дацэнт Інстытута прыкладной геафізікі Росгідрамета Канстанцін Цыбуля, які займаецца пытаннямі бязмежнага Сусвету пад кіраўніцтвам дырэктара Інстытута касмічных даследаванняў Расійскай акадэміі навук Анатоля Петруковіча. Іх навуковая праграма “Сонечна-Зямныя сувязі” – перспектыўны погляд у будучыню.

Канстанцін Рыгоравіч паходзіць з вельмі адукаванай сям’і. Яго дзед Павел Філіпук – настаўнік Сяхновіцкай школы, якога часам завуць першым гісторыкам Жабінкі. Ён, у адрозненне ад унука, больш цікавіўся справамі зямнымі, у тым ліку лёсам землякоў, забітых акупантамі вясной 1944 года. Павел Васільевіч да смерці верыў, што памяць пра іх будзе належна ўшанавана.

Бацькаву справу працягнула дачка Алена Цыбуля. На жаль, сёння яе ўжо таксама няма сярод жывых, аднак менавіта клопатам Алены Паўлаўны справа па ўвекавечанні была даведзена да лагічнага завяршэння. І шыльда з пералікам загінулых сяхноўцаў, адкрытая і асвечаная 8 мая 2014 года, праз сем дзясяткаў гадоў пасля трагічнай падзеі, – гэта і знак памяці і пра цудоўную жанчыну, што жыла надзеяй і сваю надзею ўвасобіла ў жыццё. Вялікае шчасце, што ёсць сярод нас неабыякавыя людзі, якіх з біблейскіх часоў завуць соллю зямлі.

Мёртым – наша памяць, а жывым – клопат. Асабліва тым, чыё жыццё апаліла вайна. Нездарма штогод напярэдадні Дня Перамогі людна ў хаце малалетняга вязня той далёкай і крывавай вайны Зінаіды Баярчук. Сёлета зноў прадстаўнікі ўладаў і самадзейныя артысты з падарункамі ды словамі падзякі наведалі дом Зінаіды Маркаўны. Яна, між іншым, некалькі гадоў таму была ўдзельніцай міжнароднага праекта “Вёска, якая не павінна знікнуць”. А вялікі заключны гала-канцэрт “Надвячоркам у Малых Сяхновічах” дасюль памятны людзям, што завіталі тады на свята.

У Доме муз заўжды на відным месцы Кніга ганаровых гасцей. Іх стала яшчэ больш, калі некалькі гадоў таму заасфальтаваліт дарогу ад вёскі да шашы Жабінка – Камянец. Калі спыталіся ў мясцовых, ці ёсць у іх нейкія просьбы ці пажаданні, тыя прыгадалі, што Малыя Сяхновічы паяднаны з Сяхновічамі Вялікімі не адно стагоддзе, ды вось дарога уздоўж вясковых могілак да гэтага часу мае гравійнае пакрыццё. Было б добра, на думку вяскоўцаў, каб і гэты ўчастак быў заасфальтаваны.

А рэдакцыйныя “Жыгулі” рухаюцца далей. Пад коламі – добрая дарога, што вядзе ў Хмелева. Аграгарадком яно стала адносна нядаўна, а вось цэнтрам гэтага куточка Жабінкаўшчыны з’яўляецца здаўна. Месца гэта вядомае, намоленае, як у народзе кажуць. Тут нямала адзнак даўніны, аднак і сучасны дзень шмат чым радуе.

Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота аўтара

Больше новостей о своем районе и городе Жабинка можно найти в нашем Телеграм-канале по ссылке https://t.me/selsk_prav