Майстрыха на ўсе рукі

Так казалі пра бабулю Людмілы Цупы Ганну Фамінічну Клочка. Яна цудоўна прала, ткала, вязала, вышывала, славілася гэтымі ўменнямі і ў родных Мажэйках, і ў Пруску, і ў Мацеевічах. Сваё майстэрства бабуля Ганна з задавальненнем перадавала ўнучкам, і Людміла ў шасцігадовым узросце ўжо ўмела цыраваць шкарпэткі, прышываць гузікі ды вязаць. А як споўнілася ёй дзесяць, матуля Вольга Фёдараўна навучыла вышываць крыжыкам. Люда авалодала прафесійнай тэхнікай вышыўкі без вузлоў, яе работы “чыталіся” нават са сподняга боку. Але потым рукадзельніца ўсур’ёз і надоўга “захварэла” вязаннем. Людміла да гэтай пары захоўвае першы світар, звязаны ўласнымі рукамі ў пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя. Памятае, што ўзор ёй падказала загадчык чацвёртага ясляў-сада Людміла Блоцкая, якая выпісвала часопіс “Вярэна”. Узор няпросты і вельмі прыгожы, таму, калі работа была скончана, маладая майстрыха з роду Цупаў узнялася не толькі ў сваіх вачах, але й пачула нямала пахвальных слоў ад родных. А далей пайшло-паехала… Вязала шапкі-касынкі, шалікі, тапачкі. Матуля паказала, як ствараць сурвэткі з дапамогай кручка, а як вязаць мяккія цацкі, Людміла асвоіла самастойна. З таго часу не паўставала пытання, што падарыць родным ці сябрам. Рэчы, створаныя ўласнаручна, з цеплынёй і пяшчотай, ні ў якае параўнанне не ідуць з пакупнымі.
Каб звязаць кручком першую сурвэтку-сняжынку, мне спатрэбіўся дзень, —расказвае Людміла Цупа, — зараз хапае 35 хвілін, калі еду, напрыклад, у цягніку ад Жабінкі да Брэста. Колькі іх усяго стварыла —не злічыць! Гэта і цудоўны падарунак, і ўпрыгажэнне інтэр’ера.
Але найбольш пашанцавала дачушцы Злаце, якая выступала “мадэллю” для матуліных сукенак, шапачак, міценак, звязаных кручком.
Мінулым летам майстрыха доўга думала, што падарыць сяброўцы на сярэбранае вяселле. Якраз у той час гаспадыня павільёна “Лябёдачка” Кацярына Карпук, таксама вядомая ў Жабінцы рукадзельніца, пачала арганізоўваць у вайберы “сумеснікі”, дзе майстры вучылі вязаць кручком дываны ў тры або пяць нітак. Выкладвалася схема, кіраўнік аказвала дапамогу, жанчыны абменьваліся вопытам і ўражаннямі ад стварэння сваіх вязаных цудаў. Наладзілі своеасаблівае спаборніцтва, хто скончыць дыванок першы.
— Сядала за работу ў сем раніцы і вязала да дзвюх гадзін ночы —з перапынкамі на прыгатаванне ежы, —дзеліцца мая суразмоўніца. — Працэс настолькі захапіў, што каб можна было не спаць, то не клалася б.
Сярэбраныя юбіляры, для якіх прызначаўся прэзент, былі ў захапленні… і заказалі яшчэ адзін дыванок у іншы пакой.
Звязала такога ж прыгажуна майстрыха і дачцэ на дзень нараджэння — шыкоўная рэч, нічога не скажаш.
Але на гэтым таленты Людмілы Цупы не заканчваюцца. Яна вельмі смачна гатуе (любіў кулінарыць калісь і бацька Уладзімір Паўлавіч). Ніводнае сямейнае свята не абыходзіцца без торта-мядовіка, дражджавых піражкоў на вадзе, экзатычных салатаў, мяса, запечанага з гарчыцай. Найбольш даспадобы гаспадыні салодкая выпечка. А мафіны ў кубках у мікрахвалевай печы гатуе нават 13-гадовая Злата. Людміла любіць эксперыментаваць на кухні і прымаць гасцей. У яе матулі пяцёра дзяцей, 12 унукаў і двое праўнукаў, таму, калі збіраецца за сталом дружная сям’я Цупаў, якая налічвае амаль тры дзясяткі чалавек, атрымліваецца сапраўднае вяселле.
Сярод іншых захапленняў маёй суразмоўніцы —фатаграфія і падарожжы. Яны цудоўна сумяшчаюцца, а на памяць застаюцца прыемныя піцерскія, львоўскія, мінскія ды віцебскія краявіды і незабыўныя імгненні на здымках.
Займаецца Людміла і кветкаводствам, двор Цупаў патанае ў хрызантэмах і ружах. Можа сама паклеіць шпалеры, зрабіць рамонт у кватэры. Нічога не скажаш, майстрыха на ўсе рукі —як і бабуля Ганна.
Фота з архіва Людмілы Цупы.
На здымках: вырабы майстрыхі.