Магіла гвардзейцаў на ўскрайку Вежак

Анатоль БЕНЗЯРУК.

Працяг. 

Многія вайсковыя фарміраванні ў гады Вялікай Айчыннай дэманстравалі цуды гераізму. Аднак толькі 129-ці было нададзена высокае званне “гвардзейскіх”. У іх ліку — 48-я гвардзейская стралковая Крыварожская Чырванасцяжная ордэнаў Суворава і Кутузава дывізія, байцы якой, вызваляючы Украіну, Беларусь, Польшчу, Германію, дайшлі з баямі да самага фашысцкага логава.

СВАЁ НАЙМЕННЕ дывізія атрымала за гераічнае вызваленне Крывога Рога ў лютым сорак чацвёртага. Далей на шляху “крыварожцаў” быў паход на Беларусь, удзел у Бабруйскай аперацыі, вызваленне Баранавічаў і Бярозы. Пасля гэтага байцы-гвардзейцы пад кіраўніцтвам свайго камдыва гвардыі палкоўніка Глеба Мікалаевіча Корчыкава рушылі праз кобрынскія і жабінкаўскія землі на Брэст.
Немцы змагаліся адчайна, спрабуючы ўтрымаць Жабінку, якая была ключом да вызвалення горада над Бугам. Нездарма баі за наш раён цягнуліся ажно пяць дзён і прынеслі значныя страты.
У Вежках быў разбіты 54-ы (па іншай нумарацыі — 404-ы) асобны дывізійны медсанбат, куды прывозілі параненых. Сямёра воінаў 143-га і 146-га гвардзейскіх стралковых палкоў памерлі ад ран і былі пахаваны на паўночнай ускраіне колішняга маёнтка.
Вось іх імёны: гвардыі малодшы лейтэнант, камандзір узвода Рыгор Іванавіч ЗОЛАТАЎ (1912–23.07.1944), гвардыі старшына, камандзір аддзялення Васіль Іванавіч СУСАНАЎ (1920–21.07.1944), гвардыі радавыя Яфім Паўлавіч ЖАКУН (1904–22.07.1944), Мікандр Дзітрыевіч ЗАБЯГАЛАЎ (1924–21.07.1944), Васіль Васільевіч ЖЭРДЗЕЎ (1902–22.07.1944), Павел Васільевіч ЕМЯЛЬЯНАЎ (1915–23.07.1944), Андрэй Якаўлевіч КУЧАЎ (1925–23.07.1944). Пахавальныя лісты па іх атрымалі родныя ва Удмурціі, Варонежскай, Молатаўскай (зараз Пермскай) і Горкаўскай (цяпер Ніжагародскай) абласцях Расіі, Ровенскай, Харкаўскай і Мікалаеўскай абласцях Украіны.
Асобна павінны спыніцца на асобе ўзводнага. Толькі недарэчнасцю можна лічыць, што ягонае прозвішча не патрапіла на старонкі раённай кнігі “Памяць” і на пліты брацкай магілы загінулых савецкіх воінаў і партызан у Жабінцы. А між тым, Рыгор Золатаў, нараджэнец сённяшняй Ліпецкай вобласці, варты нашай памяці. Прызваны ў Рабоча-Сялянскую Чырвоную Армію Мурманскім гарваенкаматам у чэрвені 1941 года, ён патрапіў у славутую 48-ю гвардзейскую дывізію, дзе неўзабаве ўзначаліў стралковы ўзвод 143-га палка. 15 ліпеня сорак чацвёртага за вызваленне горада Бяроза Брэсцкай вобласці Рыгор Іванавіч быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, а праз восем дзён склаў галаву ў нашай зямлі…