Ляціць кніга вакол свету

Так, падарожжы кнігі, якую нездарма лічаць крыніцай ведаў і духоўнай асалоды, часам ахопліваюць цэлыя кантыненты. Аднак штогод у сярэдзіне лютага яна абавязкова робіць прыпынак у беларускай сталіцы. Сёлета на чатыры дні Мінск у 28-ы раз стаў сталіцай кніжнага свету. Перад уваходам на выставу развяваліся два дзясяткі палотнішчаў. Столькі краін са сваімі друкаванымі выданнямі сёлета завіталі на кірмаш.
Надзвычай прыемна, што ў той кругаверці, якая ахапіла выставу, асобнае месца знайшлося для сустрэч айчынных пісьменнікаў з чытачамі.
Cвае творчыя здабыткі ў кніжнай справе дэманстравалі паэты і празаікі Магілёўскай, Гродзенскай абласцей ды нашай Берасцейшчыны (на здымку). Дарэчы, паміж імі ўжо не першы год усталяваліся сапраўды сяброўскія творчыя адносіны. Творцы пазнаюць адзін аднаго не толькі ў твар, але і па публікацыях. Таму на пляцоўцы шчодрымі россыпамі гучалі проза, вершы, песні, якія засведчылі: літаратурная плынь у беларускіх рэгіёнах не менш “шматводная”, чым у сталіцы.
Берасцейскую дэлегацыю ўзна-чальвала старшыня абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Таццяна Дземідовіч. Таццяна Анатольеўна пазнаёміла гасцей з мінулагоднімі здабыткамі аўтараў, што жывуць, ствараючы свае кнігі, на абшарах ад берагоў Заходняга Буга да Прыпяці і Піны. Яна прадэманстравала з дзясятак творчых здабыткаў берасцейцаў, якія пабачылі свет у 2020 годзе.
Радуе, што сярод іх не толькі літаратурныя зборнікі, але й кнігі асобных аўтараў. З гэткіх твораў адзначым аўтабіяграфічнае выданне “Сустрэча ў зялёным жыце”. Яе аўтар — наш зямляк Расціслаў Бензярук. Кніга пабачыла свет у сталіцы ў серыі “Дзеці вайны” і была прымеркавана да святкавання 75-х угодкаў Вялікай Перамогі. У сваіх апавяданнях, эсэ, аповесці Расціслаў Мацвеевіч распавёў пра бацьку, які загінуў у студзені сорак пятага пад Варшавай, пра няпросты лёс пасляваеннага пакалення, сяброў-аднагодкаў, каго зачапіла сваім вогненным крылом ліхалецце.
Яго сын Анатоль, які таксама стаў пісь-меннікам і журналістам, са свайго боку, расказаў пра ўласную творчасць, як нараджаюцца кнігі, што пазней прыходзяць да маленькага і дарослага чытача.
Сваімі ўспамінамі аб шматлікіх “вандроўках па натхненне” і вершамі розных гадоў падзялілася намеснік старшыні Брэсцкага абласнога аддзялення СПБ Любоў Красеўская. Сапраўдным упрыгажэннем творчай сустрэчы сталі народныя і аўтарскія песні, якія прагучалі з вуснаў юнай берасцейскай спявачкі Міланы.
Мабыць, сімвалічна, што сёлетні кірмаш, на якім былі прадэманстраваны шматлікія багацці айчыннага друкарскага слова, завяршыў сваю працу 21 лютага, у Сусветны дзень роднай мовы. Аднак патрэбна, каб пашана да беларускага слова не абмяжоўвалася толькі адным днём, каб была яна ўласціваю ўсяму жыццю ад калыскі да самага скону. І каму, як не пісьменнікам, каго звалі раней выключна “інжынерамі чалавечай душы”, прыкладаць усе свае намаганні, каб родная мова заставалася з намі, мацавала сілы, асвятляючы шлях у будучыню?!
Антон БЕРАСТОК
Фота аўтара