Кожны дзень каля мільёна чалавек заражаюцца інфекцыямі, якія перадаюцца палавым шляхам (ІППШ) — ад аднаго партнёра да другога пры неабароненым палавым акце ў любой яго форме. Узбуджальнікамі могуць выступаць вірусы, бактэрыі, грыбкі і прайсцейшыя. Дастаткова часта назіраецца змешаная форма інфекцыі, асабліва ў асоб, якія вядуць бязладнае палавое жыццё, схільныя да антысацыяльных паводзінаў, наркаманіі, алкагалізму. Найбольш часта дыягнастуюцца наступныя ІППШ: урэаплазмоз, бактэрыяльны вагіноз, трыхаманіяз, хламідыёз, мікаплазмоз, вірус папіломы чалавека, генетальны герпес, кандыдоз. Да класічных (венерычных) інфекцый адносяць сіфіліс і ганарэю. Да слова, у нашым раёне назіраецца штогадовае зніжэнне выпадкаў захваральнасці на іх.
Інфекцыі могуць даваць яркую сімптаматыку, але могуць працякаць і скрыта. Часта пацыент не падазрае, што з’яўляецца носьбітам захворвання і крыніцай заражэння. Для кожнай хваробы існуюць спецыфічыя прыкметы, але большасць праяўленняў маюць падобны характар: пякота, сверб, ацёчнасць вонкавых палавых органаў, выдзяленні з непрыемным пахам, болі пры мочаспусканні, частыя пазывы ў туалет, дыскамфорт падчас палавога акта. На першы погляд ІППШ здаюцца бяспечнымі, асабліва тыя, якія працякаюць без выяўленых прыкмет. Аднак гэтыя хваробы маюць вельмі сур’ёзныя наступствы і часта становяцца прычынай такіх ускладненняў, як урэтрыт, піеланефрыт, прастатыт, імпатэнцыя, бясплоддзе, выкідышы, заўчасныя роды, мёртванараджэнне.
Пры з’яўленні першых сімптомаў захворвання неабходна звяртацца да ўрача. Лячыць ад ІППШ патрэбна адначасова абаіх палавых партнёраў, нават у тым выпадку, калі ў аднаго з іх інфекцыі не выяўлены. Не існуе хатніх і народных сродкаў, для лячэння захворванняў выкарыстоўваюцца антыбіётыкі, супрацьвірусныя ці супрацьпаразітарныя сродкі, у залежнасці ад узбуджальніка інфекцыі.
Асноўная мера для зніжэння рызыкі заражэння дадзенымі інфекцыямі — устрыманне ад выпадковых палавых сувязяў, выкарыстанне прэзерватыва. Патрэбна памятаць, што любое захворванне прасцей папярэдзіць, чым лячыць.
Аляксандра ЖАГАЛЬСКАЯ, урач-дэрматавенеролаг Жабінкаўскай ЦРБ.
Главные новости
